Геапалітычны выбар: трагедыя расколатага грамадства
Калі параўнаць з Украінай, дзе гэта праблема выбару — кіравацца на Усход ці на Захад — здабыла цяпер практычнае значэнне, для паўднёвай суседкі Беларусі яна ўскладняецца яшчэ і рэгіянальнай неаднастайнасцю.
Паводле папулярнага ў часы майго камсамольскага юнацтва анекдоту, трагедыя — гэта калі ён хоча, яна хоча, але няма дзе. Прычына трагедыі, такім чынам, пераносілася са сферы чалавечых адносін на знешнія акалічнасці. А ў спісе неспрыяльных акалічнасцяў «кватэрнае пытанне» ў савецкага чалавека, як вядома, займала далёка не апошняе месца.
Але вызначэнні, што эфектыўна працавалі на побытавым узроўні, вельмі часта бываюць бескарыснымі пры разборы азбукавых паліталагічных ісцін. Таму звернемся па дапамогу да Гегеля, паводле якога трагедыя палягае не ў канфлікце праўды і няпраўды, а ў канфлікце праўды з праўдай.
На афіцыйным узроўні ў Беларусі наяўнасць падобнага кшталту канфліктаў не прызнаецца ўжо самім фактам існавання адзінага палітыка (АП). Ён таму і адзіны, што выяўляе адзіную цікавасць адзінага народа. Народ жа заўсёды мае рацыю па вызначэнні.
Прывяду свежую цытату: «Меня белорусский народ избрал не для того, чтобы я выполнял какие-то непонятные представительские функции, а для того, чтобы отстаивал его интересы, не нанося ущерб соседям, друзьям и братьям. Что я и делаю».
Асабіста я сумняваюся, што мае інтарэсы супадаюць з інтарэсамі той часткі беларускага народа, якую падтрымлівае АП. Ён увесь час апелюе да «большасці», якая адпрэчыла ў 90-я гады еўрапейскі шлях развіцця Беларусі і сёння не шкадуе пра свой выбар. Але я да «большасці» з падобнай геапалітычнай арыентацыяй не належаў і не належу.
Дарэчы, «большасць» — гэта колькі? АП любіць нагадваць, што ў другім туры ў 1994 годзе за яго прагаласавалі 82% выбарцаў. Усё правільна, калі лічыць ад колькасці тых, якія прагаласавалі (а ЦВК так і лічыць). З улікам жа яўкі ў той лёсавызначальны год яго падтрымала 56% ад спіскавага складу выбарцаў! Гэта і ёсць беларуская «большасць».
Тут неабходна зрабіць рэмарку. Ні палітолагі, ні сацыёлагі, у адрозненне ад аўтарытарных палітыкаў, паняццем «народ» не карыстаюцца. «Народ — гэта чалавек натоўпу, — адзначае культуролаг Андрэй Пеліпенка, — г. зн. гэта тое, што трэба з сябе выдушыць, каб стаць асобай. Жывучы сённяшнім днём, народ прынцыпова не здольны адэкватна асэнсаваць мінулае і панічна баіцца гістарычна канкрэтнай будучыні. Крыніцай, што накіроўвае паводзіны народа, выступае не інтэлект, а псіхічнае поле чалавечай масы».
«Хутчэй негатыўна» vs. «хутчэй пазітыўна»
Разгледзім канфлікт праўды з праўдай на прыкладзе нашай паўднёвай суседкі.
18 верасня ўрад Украіны ўхваліла праект дамовы пра асацыяцыю з ЕС. Кіеў спадзяецца, што канчатковую кропку ў шматгадовай дыскусіі з нагоды геапалітычнага выбару ён здолее паставіць падчас саміту Усходняга партнёрства 28–29 лістапада ў Вільнюсе. Адзначым, што ў асяроддзі палітычнай эліты наконт гэтага пытання практычна няма рознагалоссяў. З парламенцкіх партый супраць дамовы выступаюць толькі камуністы.
Аднак у грамадстве адзінства не назіраецца. Паводле красавіцкага апытання Цэнтра Разумкова, адчуваюць сябе еўрапейцамі (безумоўна адчуваюць/ хутчэй адчуваюць) 34% жыхароў Украіны, у той час такімі сябе не адчуваюць (хутчэй не адчуваюць/ безумоўна не адчуваюць) — 55%.
Праблема геапалітычнага выбару ўскладняецца рэгіянальнай неаднастайнасцю краіны. Грамадства ў дадзеным пытанні не выступае як цэлае. Паміж яго складовымі часткамі, асабліва паміж Усходам і Захадам, існуюць глыбокія сацыякультурныя адрозненні.
Калі ў цэлым па краіне 45% з’яўляюцца прыхільнікамі ўступлення ў Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана, а 42% хоча інтэгравацца ў Еўрапейскі саюз, то ў рэгіянальным разрэзе думкі апытаных на гэты конт размяркоўваюцца не так раўнамерна: 67% на Захадзе краіны за інтэграцыю з ЕС, а 68% на Усходзе за ўваходжанне ў Мытны саюз (табл. 1–2).
Табліца 1. Стаўленне рэгіянальных груп да ўступлення ў Мытны саюз, %
Варыянт адказу |
Захад |
Цэнтр |
Поўдзень |
Усход |
Хутчэй негатыўна |
54 |
26 |
17 |
10 |
Цяжка сказаць |
33 |
36 |
24 |
22 |
Хутчэй пазітыўна |
12 |
38 |
59 |
68 |
Табліца 2. Стаўленне рэгіянальных груп да ўступлення ў Еўрапейскі саюз, %
Варыянт адказу |
Захад |
Цэнтр |
Поўдзень |
Усход |
Хутчэй негатыўна |
7 |
20 |
36 |
48 |
Цяжка сказаць |
25 |
34 |
26 |
35 |
Хутчэй пазітыўна |
67 |
46 |
38 |
18 |
Моладзь да 30 гадоў, натуральна, у большай ступені дэкларуе сваё жаданне ўступіць у ЕС, чым людзі старэйшага ўзросту — 49 і 34% адпаведна. У адказах на пытанне пра стаўленне да ўступлення ў Мытны саюз прасочваюцца процілеглая тэндэнцыя: чым старэй узроставая група, тым больш у ёй прыхільнікаў Мытнага саюза.
Амаль траціна насельніцтва краіны не мае свайго меркавання па пытанні ўступлення ў той ці іншы міжнародны саюз. Прычым цяжкасці з адказамі ў аднолькавай ступені адчуваюць рэспандэнты практычна ва ўсіх узроставых групах.
Такім чынам, краіна, у якой існуюць сур’ёзныя праблемы рэгіянальнага адзінства, спрабуе зрабіць крок у кірунку інтэграцыі з поліэтнічнай Еўропай, што так і не здолела знайсці ключ да рашэння праблемы мультыкультуралізму.
Тым часам вялікая частка ўкраінскага грамадства ідэнтыфікуе сябе з усходнеславянскімі каштоўнасцямі і культурнымі нормамі. У прыватнасці, на пытанне «Традыцыі, каштоўнасці і нормы якіх краін вам найбольш блізкія?» рэспандэнты адказалі наступным чынам: краін Заходняй Еўропы — 18%, усходнеславянскіх краін — 42%. І ў дадзеным выпадку колькасць тых, хто не змог адказаць, апынулася занадта высокай — 40%.
Меркаванне рэспандэнтаў істотна залежыць ад рэгіёна пражывання. Так, каштоўнасці заходнееўрапейскіх краін блізкія кожнаму трэцяму жыхару Заходняй Украіны (33%), у той час як на Усходзе краіны іх падзяляе толькі 7% насельніцтва. І наадварот, усходнеславянскія каштоўнасці блізкія 55% жыхароў усходняга рэгіёна.
Па меркаванні член-карэспандэнта НАН Украіны Мікалая Шульгі, складанасць сітуацыі — яшчэ і ў тым, што цяперашняя ўкраінская эліта не з’яўляецца аўтарытэтам у грамадстве, і яна не зможа выконваць ролю павадыра ў новую сацыяльную рэальнасць — з новымі каштоўнасцямі і новымі мадэлямі паўсядзённых паводзін.
У пошуках інфармацыйнага зерня
Звесткі па геапалітычных перавагах украінцаў я запазычыў на сайце Інстытута сацыялогіі НАН Украіны. Апытанне было праведзена ў ліпені 2013 года. Знайсці падобнага кшталту інфармацыю ў сістэматызаваным выглядзе на сайце айчыннага Інстытута сацыялогіі я не здолеў. Нельга сказаць, каб мяне гэта здзівіла. Я, як гаварыцца, не першы год замужам і выдатна разумею, чаму ў «дзяржаве для народа» адсутнічае традыцыя падзяляцца з народам такой інфармацыяй. І не важна, што акадэмічны інстытут з’яўляецца бюджэтнай арганізацыяй, г. зн. яго працу аплачвае той самы народ, ад якога інфармацыя і хаваецца.
Тым не менш я скарыстаўся тэхналогіяй, апісанай у вядомай байцы, і здолеў адшукаць некалькі зерняў карыснай інфармацыі. «Што да далучэння Беларусі да ЕС, — заявіў падчас анлайн-канферэнцыі дырэктара Інстытута сацыёлагі, прафесар І.В. Катляроў, — дык за гэта сёння выступаюць 31,7%, гэта значыць траціна насельніцтва згодная, каб Беларусь уступіла ў Еўрапейскі саюз». Пад «сёння», калі меркаваць па даце правядзення анлайн-канферэнцыі, маецца на ўвазе канец 2011 года.
Яшчэ адна цытата: «У наш час каля 40% насельніцтва краіны лічыць, што Беларусь і Расія павінны і далей развівацца ў рамках Саюзнай дзяржавы. Больш 50% насельніцтва лічыць, што Беларусі і Расіі варта развівацца па міжнародных дамовах, а Беларусь павінна быць больш незалежнай у прыняцці рашэнняў. І толькі 2% лічыць, што наша краіна павінна ўвайсці ў склад Расіі».
Калі звярнуцца да апытанняў НІСЭПД, дык у верасні 2011 года пры выбары паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрасаюз была зафіксавана нічыя: 41,5% vs. 42,0%. Наўпрост параўноўваць вынікі, агучаныя Катляровым, з дадзенымі НІСЭПД было б некарэктна. Параўнанні магчымыя толькі ў выпадку поўнага супадзення фармулёвак пытанняў і меркаваных адказаў. У дадзеным жа выпадку казаць пра такое супадзенне не даводзіцца.
Але і факт афіцыйнага прызнання ў тым, што «траціна насельніцтва згодная, каб Беларусь уступіла ў Еўрапейскі саюз», «дарагога варты» (улюбёны фразеалагізм АП, між іншым).
Крошкі «нафтавага пірага»
На чыім баку праўда — на баку прыхільнікаў збліжэння з Расіяй ці на баку іх апанентаў? Ні на побытавым узроўні, ні на ўзроўні азбукавых паліталагічных ісцін адказу на гэта пытанне не існуе.
Сярод першых пераважалі, пераважаюць і будуць пераважаць так званыя бюджэтаатрымальнікі. Іх беларуская папуляцыя ад папуляцыі ўкраінскай прынцыпова нічым не адрозніваецца. Асобаснымі рэсурсамі для ўбудавання ў дынамічнае жыццё, заснаванае на рынкавых прынцыпах, бюджэтаатрымальнікі не валодаюць. Таму падтрымлівалі, падтрымліваюць і будуць падтрымліваць усходні інтэграцыйны праект, разлічваючы, не без падставы, на тое, што ім перападуць крошкі расійскага «нафтавага пірага».
Аснову другіх складаюць эканамічна актыўныя грамадзяне — галоўныя вытворцы ВУП, вытворцы дададзенага кошту. Яны ўмеюць працаваць і спадзяюцца, што пры адсутнасці апекі з боку «моцнай дзяржавы» змогуць рабіць гэта больш прадуктыўна.
Нагадаю, трагедыя — гэта канфлікт правага з правым. Наколькі яе маштаб усведамляе палітычная эліта ва Украіне, і якім чынам яна мае намер гэты канфлікт пераадолець, я не ведаю. Беларуская ж палітычная эліта не прызнае сам факт падзелу грамадства на дзве каштоўнасна супрацьлеглыя адна адной групы (на «большасць» і на «меншасць»).
Адсюль вера ў магчымасць падтрымання сацыяльнай стабільнасці выключна за кошт нарошчвання прыбыткаў насельніцтва. Аднак, у адрозненне ад бюджэтаатрымальнікаў, вытворцы дададзенага кошту маюць патрэбу не толькі ў матэрыяльных выгодах, але і ў палітычных правах.
Ва Украіне попыт на палітычныя правы прад’яўляецца адкрыта, у Расіі ён толькі пачынае фармавацца (прыгадаем 8 верасня). Дойдзе чарга і да Беларусі.