СМІ: ЗША разглядаюць новы пакет дапамогі Украіне коштам у сотні мільёнаў долараў

Свет даволі скептычна паставіўся да новай рыторыкі Дональда Трампа адносна вайны ва Украіне — людзі чакаюць ад прэзідэнта ЗША дзеянняў, а не слоў. А пакуль Украіна працягвае адбіваць рэкордныя дронавыя атакі на гарады і вёскі. Ідзе 1235-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 12 ліпеня.

Найбольшую колькасць атак — 63 наступальных дзеяння, — УСУ спынілі на Пакроўскім кірунку ў раёнах Папова Яру, МІралюбаўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Дачнага, Котліна, Арэхавага, Аляксееўкі, Малінаўкі, Шаўчэнка і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 34 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Новага Свету, Карпаўкі, Сярэдняга, Глушчанкава, Студні і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 17 боесутыкненняў. На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 15 атак расіян паблізу Запарожжа, Паддубнага, Камару, Васкрасенкі, Новаполю, Навасёлкі, Зялёнага Поля.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 11 атак у раёнах Тарэцку, Шчарбінаўкі, Русіна Яру, Яблонаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Купянскім кірунках расіяне атакавалі па восем разоў на кожным.

* * *

У ноч на 12 ліпеняРасія атакавала УКраіну 623-ю сродкамі паветранага нападу:

  • 597 ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
  • 26 крылатымі ракетамі Х-101.

Супрацьпаветранай абаронай збіта 344 сродкі паветранага нападу:

  • 319 БПЛА тыпу Shahed;
  • 25 крылатых ракет Х-101;
  • 258 аўдронаў лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

На досвітку 12 ліпеня расійцы атакавалі Чарнавіцкую вобласць, загінулі два чалавекі. У Чарнаўцах пашкоджаны некалькі жылых дамоў, крам, адміністрацыйных будынкаў і аўтамабіляў.

Уначы 12 ліпеня падчас чарговай масіраванай атакі дронаў у Львове зафіксавалі трапленне расійскага ўдарнага беспілотніка ў двухпавярховы жылы дом. Таксама пашкоджаны 3 корпусы Львоўскай палітэхнікі, гарадскіх судоў і больш за 20 памяшканняў бізнесу. Дзевяць чалавек звярнуліся да медыкаў.

* * *

517499896_1088907796755631_982909960840384468_n.jpg

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе сустрэчу міністра замежных спраў Кітая Ван І і кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Каі Калас, калі кітайскі дыпламат заявіў, што Пекін не хоча паразы Расіі ў вайне ва Украіне.

«Гэта супярэчыць публічным заявам КНР аб нейтралітэце ў гэтай вайне», — лічаць у Інстытуце.

Прадстаўнік МЗС КНР Мао Нін не пацвердзіла і не абвергла інфармацыю пра тое, што Ван І зрабіў падобныя заявы. Яна толькі паўтарыла, быццам «Кітай не з'яўляецца бокам ва ўкраінскім канфлікце», і што Пекін выступае за дыпламатычнае рашэнне.

«Заявы Ван І тлумачаць, што Пекін і Масква разглядаюць сваю будучыню як узаемазвязанае. Гэта сведчыць аб няслушнасці палітыкі, заснаванай на аддзяленні Расіі ад КНР з мэтай канцэнтрацыі ўвагі на Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне», — выказалі здагадку ў ISW.

* * *

Крэмль упершыню адкрыта прызнаў беспрэцэдэнтную цэнзуру падчас вайны з Украінай, назваўшы яе «апраўданай», піша Reuters.

Як адзначае выданне, спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю расійскаму часопісу «Эксперт»  пацвердзіў, што за апошнія тры гады многія апазіцыйныя медыя былі закрытыя, а шэраг журналістаў пакінулі краіну. На яго думку, такія меры патрэбныя для «абароны інфармацыйнай прасторы» падчас канфлікту.

У Крамлі перакананыя, што такая цэнзура — вымушаны крок праз «вайну ў інфармацыйнай прасторы».

«Было б няправільна заплюшчваць вочы на СМІ, якія свядома займаюцца дыскрэдытацыяй Расіі. Таму я лічу, што гэты рэжым (цэнзура) цяпер апраўданы», — сказаў Пяскоў часопісу.

* * *

Прыхільнікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Сенаце патрабуюць расследаваць дзеянні міністра абароны Піта Хегсета, які прыпыніў вайсковую дапамогу амерыканскім хаўруснікам, у першую чаргу — Украіне, піша The Hill.

Крыніцы выдання ў Рэспубліканскай партыі паведамілі, што сенатары патрабуюць стараннага расследавання дзеянняў Хегсета. Некаторыя лічаць, што сітуацыя магла быць вынікам «непаразумення», аднак іншыя сенатары схіляюцца да думкі, што Хегсет і яго чыноўнікі дзейнічалі так, каб наўмысна абысці прэзідэнта як галоўнакамандуючага арміі ЗША. Менавіта таму яны настойваюць на расследаванні.

Спыненне дапамогі Украіне адзін з памочнікаў сенатара-рэспубліканца назваў «відавочна няўдалым рашэннем па многіх параметрах». Іншая крыніца дадала, што ўся сітуацыя паказала велізарныя праблемы з каардынацыяй паміж галінамі ўлады ў ЗША.

Да таго ж інцыдэнт нанёс сур'ёзны рэпутацыйны ўрон Трампу і Злучаным Штатам. «Гэта сур'ёзная праблема, якую неабходна будзе вырашыць», — сказала выданню адна з крыніц.

* * *

Прэзідэнт Дональд Трамп разглядае новы пакет вайсковай дапамогі для Украіны коштам сотні мільёнаў долараў, піша Politico.

Па словах дасведчаных крыніц, абмеркавання гэтага пытання адбыліся крыху больш чым праз тыдзень пасля таго, як Пентагон раптам прыпыніў частку існуючага пакета дапамогі, які уключаў тысячы артылерыйскіх снарадаў і высокадакладных боепрыпасаў. Трамп паабяцаў, што дапамога будзе адноўленая.

Чакаецца, што грошы на новы пакет дапамогі паступяць з фонду, які дазваляе Пентагону адбіраць зброю з амерыканскіх вайсковых запасаў для Украіны. У фондзе па-ранейшаму знаходзіцца каля 3,8 мільярда долараў.

* * *

Ужо да канца ліпеня УСУ атрымаюць першыя ўкраінскія ракеты вялікай далёкасці, вытворчасць якіх прафінансавала Германія. Пра гэта тэлеканалу ZDF распавёў генерал-маёр Крысціян Фройдынг.

Ён нагадаў, што адпаведная праграма была ініцыяваная ў канцы траўня, а Германія цалкам узяла на сябе фінансаванне. Чакаецца, што агульная колькасць такіх ракет дасягне «трохзначных паказчыкаў» ужо ў бліжэйшыя месяцы.

На думку Фройдынга, «гэта значна ўзмоцніць украінскую супрацьпаветраную абарону і ўкраінскія магчымасці ў бліжэйшыя тыдні і месяцы».

Раней паведамлялася, што Германія ўкладзе мільёны еўра ў вытворчасць ракет ва Украіне. Гаворка нібыта ідзе пра крылатыя ракеты з далёкасцю 2500 кіламетраў.

* * *

Нягледзячы на больш жорсткія заявы Дональда Трампа ў дачыненні да Расіі, Захад не бачыць рэальнага зруху ў ягонай палітыцы на карысць Украіны, піша Financial Times.

Двое высокапастаўленых чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да перамоваў паміж Вашынгтонам і еўрапейскімі партнёрамі, заявілі: рыторыка змянілася, але дзеянні — не. Са слоў крыніц, прэзідэнт ЗША ўсё яшчэ ўспрымае дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна як ключавога суразмоўцу ў пытанні ўрэгулявання вайны. А прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, наадварот, уважае за галоўную перашкоду для хуткага «мірнага пагаднення».

Менавіта такая пазіцыя выклікае непакой у саюзнікаў, бо, як адзначаюць чыноўнікі, яна можа паўплываць на будучую падтрымку Украіны.

«Ёсць трохі празмернага ўзбуджэння з-за змены тону, але мы не бачым, каб гэта перарасло ў сур'ёзныя дзеянні», — заявіў адзін з чыноўнікаў.