МУС «разбярэцца» з тымі, хто п'е каву на запраўках. Хронікі рэпрэсій 16 кастрычніка

 «Ніхто праехаць не можа, а яны каву п'юць». Сумнавядомаму міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову паставілі новую задачу: да панядзелка навесці «жалезны парадак» на аўтазаправачных станцыях. Вядзецца пра чэргі на АЗС, на якія скардзіліся карыстальнікі сацсетак. Але пакуль дакладна невядома, ці ўключае навядзенне парадку штрафы, затрыманні і арышты. 

1_1097_1.png

Як перадае БЕЛТА, Лукашэнка расказаў, што спачатку задаўся пытаннем, у чым прычына такой сітуацыі і няўжо ўрад не выконвае даручэнне аб тым, каб унутраны рынак у дастатковым аб'ёме забяспечваўся палівам. Аднак, як аказалася, пытанне было ў тым, што акрамя запраўкі аўтамабіляў наведвальнікі АЗС карыстаюцца паслугамі кафэ. «Машыны паставілі папярок, ніхто праехаць не можа. А яны ў кафэ каву п'юць», — сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў свой час людзі літаральна патрабавалі, каб на кожнай запраўцы былі спадарожныя тавары і магчымасць, напрыклад, папіць кавы.

«Машыну паставілі. — «Прэзідэнт, прыйдзі, навядзі парадак!» Вы што там, з глузду з'ехалі? Вы прасілі? Прасілі. Я прыняў рашэнне — на кожнай запраўцы павінны быць спадарожныя тавары і кава. — «Сёння не можам пад'ехаць, заправіцца, таму што не там аўтамабілі стаяць...» — адзначыў ён.

Звяртаючыся да дзяржсакратара Савета Бяспекі, Лукашэнка папрасіў даручыць кіраўніку МУС навесці парадак у гэтым пытанні: «Даручыце Кубракову, каб ён там да панядзелка навёў жалезны парадак».

Сілавікі зноў прыходзілі да родных актывісткі Марыны Касінеравай

Пра гэта Касінерава напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

«Карацей, прыйшлі сёння чарговы раз кашмарыць сваякоў. Ад 6 раніцы дзве групы захопу (у балаклавах) шукалі мяне з Вячкам (Вячаслаў Касінераў – актывіст, муж Марыны), паказвалі суседзям нашы фоткі (спадзяюся, прыгожыя) і ўпэнівалі, што мы дакладна вярнуліся на радзіму і дзесьці хаваемся па месцы ранейшага пражывання».

У Беларусі +8 новых палітвязняў

Гэта Максім Гелясін, Аляксандр Старасцін, Андрэй Нехвядовіч, Сяргей Зініч, Сяргей Міцюшкін, Аляксей Развадоўскі, Альберт Шыла, Сяргей Пяткевіч. Усе яны пазбаўленыя волі ў тым ліку за абразу А. Лукашэнкію

У дачыненні да пяці «каліноўцаў» распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна

Гаворка пра Вадзіма Кабанчука, Паўла Шурмея, Аляксея Кавальчука, Аляксея Назарава і Дзяніса Прохарава.

Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму», «распальванне варожасці» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

«Беларуска - Украінскі Гутарковы Клуб» у Telegram прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Горацкага раёну 15 кастрычніка.

Варта адзначыць, што на «Беларуска - Украінскі Гутарковы Клуб» падпісаныя 8 чалавек, на «Чат - Беларуска - Украінскі Гутарковы Клуб» — 23 чалавекі.

Даверанай асобе лукашэнкаўскага спарынг-партнёра Улаховіча далі калонію па трох палітычных артыкулах

Камерсант Андрэй Кавалёў з ліквідаванай уладамі Беларускай патрыятычнай партыі быў даверанай асобай атамана Мікалая Улаховіча, кандыдата ў прэзідэнты — 2015. «Казак» Кавалёў двойчы сам балатаваўся ў дэпутаты. Цяпер ён за кратамі за палітыку, піша «Наша Ніва».

Андрэю Кавалёву 47 гадоў. Ён мінчук. Скончыў Мінскі машынабудаўнічы каледж, пасля пайшоў вучыцца ў Беларускі інстытут правазнаўства. Мае жонку і сына.

Больш за 15 гадоў ён кіраваў фірмай «Конгер». Гэта невялікая кампанія, сфера дзейнасці якой — рознічны гандаль праз кіоскі. 

Бізнэсмэн доўгі час лічыўся сябрам Беларускай патрыятычнай партыі, якую ўзначальваў «атаман» Мікалай Улаховіч. Партыя была створаная ў 1996‑м у падтрымку палітыкі Лукашэнкі. Таксама Улаховіч кіраваў «казацкім» рухам на тэрыторыі Беларусі і прытрымліваўся выразных прарасійскіх кансерватыўна-манархічных поглядаў. У 2023‑м ягоную партыю ліквідавалі, хоць ён у 2020‑м агітаваў за Лукашэнку.

Андрэй Кавалёў балатаваўся ад Патрыятычнай партыі ў дэпутаты ў 2016 і 2019 гадах.

У 2015‑м ён быў даверанай асобай Мікалая Улаховіча на прэзідэнцкіх выбарах. А ў 2017‑м Кавалёва ўрачыста прынялі ў казакі на паседжанні арганізацыі «Беларускае казацтва».

Андрэя Кавалёва асудзілі ў 2025 годзе па трох артыкулах — «абраза Лукашэнкі», «абраза прадстаўніка ўлады» і «распальванне варожасці». Сутнасць абвінавачання і абставіны справы невядомыя.

Мяркуючы па тым, што Андрэй нідзе не анлайн, прысуд звязаны з пазбаўленнем волі. Цяпер Кавалёва павінны перавесці ў калонію.