Браты меншыя вялікіх тыранаў: навошта дыктатары трымаюць хатніх жывёл

Ад львоў Мусаліні да катоў Эрдагана і аўчаркі Гітлера: жывёлы ў жыцці дыктатараў — гэта не толькі эмоцыі, але і частка палітычнага тэатра. Як хатнія ўлюбёнцы станавіліся інструментам прапаганды, аховы, культу асобы і нават ахвярамі рэвалюцый.

Аляксандр Лукашэнка і яго хатні гадаванец шпіц Умка. Ілюстрацыйная выява. Фота: president.gov.by, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Аляксандр Лукашэнка і яго хатні гадаванец шпіц Умка. Ілюстрацыйная выява. Фота: president.gov.by, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Хапала і хапае дыктатараў, якія былі аматарамі хатніх жывёл.

Ленін шчыра любіў катоў і часта фатаграфаваўся з імі; Ева Браўн была аматаркай сабак, і вядома, што яе адносіны з аўчаркамі Гітлера часам станавіліся прычынай хатніх сцэнаў; у Кім Ір Сена было шмат сабак, частка з якіх выкарыстоўвалася і ў ахоўных мэтах; Мао Цзэдун трымаў акварыумных рыбак; Франка меў уласную гаспадарку для гадоўлі паляўнічых птушак. Любоў да «братоў меншых» нярэдка спалучалася з жорсткім аўтарытарным кіраваннем.

На першы погляд усё лагічна: дыктатары амаль не маюць сяброў. Таму многія з іх намагаюцца кампенсаваць адсутнасць блізкіх людзей прысутнасцю жывёлаў.

Але ёсць нюанс: жывёлы часта становяцца часткай палітычнага тэатра. Кантакты з імі на публіцы — інструмент прапаганды.

Напрыклад, Мусаліні некаторы час трымаў у доме ільвяня. Гісторыкі лічаць, што гэты ход мусіў данесці думку: фашызм нібыта «чалавечны», а сам Дучэ — чалавек «моцны, але не жорсткі».

Цікава, што ў дзяцінстве маленькі Беніта сапраўды любіў кураня, якое пасля смерці нават рытуальна пахаваў. Але любоў да курыцы не надта адпавядала вобразу лідара-фашыста, таму пазней акцэнт быў зроблены на «сімвалічна моцнай» жывёле — ільву.

Іншыя дыктатары выбіралі драпежнікаў, каб падкрэсліць сваю «вялікасць». Так, у хатніх заапарках Садама Хусэйна і Муамара Кадафі жылі леапарды і львы — жэст, што мусіў дэманстраваць уладу «над царом звяроў».

Піначэта часта здымалі з нямецкімі аўчаркамі — сабакамі, што асацыююцца з паслухмянасцю і службай. Гэта павінна было падкрэсліць яго «адданасць абавязку».

Дыктатары сярэдняй рукі нярэдка дэманстравалі жывёлаў, падораных імі сусветнымі лідарамі — каб падкрэсліць сваю «міжнародную вагу» і «моцны дах».

Часам жывёлы выкарыстоўваліся для бяспекі.

Сталін, у апошнія гады свайго жыцця параноідальна баючыся атручвання, тэсціраваў ежу на сваёй каўказскай аўчарцы. Энвер Ходжа, баючыся замахаў, трымаў у рэзідэнцыі некалькі сабак розных парод — своеасаблівы жывы «сігналізатар небяспекі».

У Афрыцы жонка дыктатара Бангі Бакасса, вядомага сваёй жорсткасцю, трымала кракадзілаў. Паводле сведчанняў, Бакасса сам часам «карміў» іх палітычнымі ворагамі (праўда, гісторыкі лічаць гэтыя факты часткова перабольшанымі, але элемент рэальнай жорсткасці існаваў).

Іншыя ішлі ў супрацьлеглы бок: Пол Пот прынцыпова не трымаў хатніх жывёл, каб не выглядаць «буржуа» і падкрэсліць вобраз аскета, які ў імя рэвалюцыі і шчасця народа гатовы адмовіцца ад любых асабістых захапленняў.

Наймацней у папулісцкай эксплуатацыі жывёлаў, напэўна, вызначыўся Эрдаган. Палац турэцкага лідара літаральна населены катамі, якіх ён, паводле прэс-службы, ратаваў на вуліцах. Кожны новы кот становіцца тэмай для падкастараў і журналістаў — ігра на народнай сімпатыі.

Глядзіце таксама

Хатнім улюбёнцам дыктатараў звычайна дазволена ўсё. Але надзейным іх жыццё гэта не робіць: капрызы тых, хто пры ўладзе, непрадказальныя.

Лёс аўчаркі Гітлера па мянушцы Блондзі — самы вядомы прыклад. Гітлер фанатычна любіў яе, дазваляў ёй спаць у сваім ложку, ахоўваў падчас бамбардзіровак. Але ў красавіку 1945 года менавіта на Блондзі ён выпрабаваў цыяністы калій, якім потым атруціў сябе і жонку Еву Браўн. Сабака, атрымаўшы капсулу з ядам, памёр імгненна. Паводле сведак, Гітлер загадаў забіць і ўсіх яе пяцярых шчанят.

Вялізныя рызыкі для гадаванцаў дыктатараў таксама ўяўляюць рэвалюцыі і перавароты. Часта ў выпадку калапсу рэжыму жывёлы дыктатара пазбаўляюцца сталага гаспадара і аказваюцца на вуліцы. Тут яны становяцца ахвярамі сутычак вайскоўцаў, сафары якіх-небудзь салдат або нават ежай для галадаючага насельніцтва. 

Сапраўды трагічным быў лёс чорнага лабрадора Мікалае Чаўшэску па мянушцы Корбу, якога забілі разам з гаспадаром у снежні 1989 года. Збольшага праз тое, што дыктатар любіў пазіраваць з ім на публіку, і з часам сабака атрымаў сімвалічны імідж саўдзельніка дыктатара. 

Так што лёсы хатніх гадаванцаў дыктатараў непрадказальныя і жорсткія. Як і лёсы саміх дыктатараў.