105-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну адзначылі ў Канадзе

У Беларускім цэнтры ў Таронта 30 лістапада адбыліся ўрачыстасьці, прымеркаваныя да 105-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну. Удзельнікі імпрэзы згадалі подзвіг случчакоў, ушанавалі памяць паўстанцаў і падкрэслілі важнасьць захаваньня нацыянальнай гісторыі ў замежжы.

615ee28b_4760_4fb9_8847_48a277f92050.jpeg

Святочная атмасфера адчувалася ўжо на падыходзе да будынку: рэялі беларускі і канадскі сцягі, а ўвагу прыцягвала мемарыяльная дошка ў гонар 100-годдзя Кастуся Акулы, упрыгожаная рушнікамі і знічкай. Дошку ўсталявалі на будынку ўсяго два тыдні таму.

cb166578_fd97_4065_bb2c_5bf0522f975e__1_.jpeg

У царкве Святога Кірылы Тураўскага (БАПЦ) адслужылі паніхіду па слуцкіх паўстанцах: сцягі схіляліся ў хвіліну смутку. У грамадскай зале адбыўся ўрачысты сход — выступы, згадванні, развагі пра гісторыю і сучаснасць.

Падчас урачыстага сходу сталіся агучанымі Звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла, кіраўніка Руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазьняка. Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот, сябра Ўправы Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Віталь Кошалеў, Сьвятар БАПЦ Вячаслаў Кучук распавялі пра падзеі ў нашым краі ў першыя 20 год мінулага стагодьдзя, барацьбу за волю, дзяржаўную і нацыянальную незалежнасьць Бацькаўшчыны, подзвіг Случчакоў. Акцэнтавалася, чаму дзеля будучыні істотна памятаць мінуўшчыну.

207745b7_71bd_46f7_bfac_6b711fa904a6.jpeg

Хвалючыя хвіліны зачытваньня Сымбалічнае Лістоў Герояў.

— Удзельнікі Ўсенароднага паўстання 1863–64 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім, — чытае старшыня Парафіяльнай рады Зьміцер Ельяшэвіч.

— Загінулі за волю Бацькаўшчыны, — адгукаецца зала.

— Удзельнікі змагання за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкія паўстанцы.

— Загінулі…

— Камандзіры і жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны на чале з генерал-маёрам Канстанцінам Езавітаўым.

— Загінулі…

bebde1be_1b10_4abd_b703_5a620696beda.jpeg

Дзея, што адбылася 30 лістапада ў Канадзе — гэта мэмарыялізацыя гісторыі, наш адказ на забыцьцё, памятныя шыльды, крыжы ў Мідлянды, кнігі, паштоўкі, сьцягі, сьвяты — ня проста знакі. Яны — тое, што мы пакідаем наступным генерацыям беларусаў.

Мы мусім рабіць гэтую працу зараз, каб маладое пакаленьне ведала, што было да іх, што рабілі іхныя папярэднікі, і разумела, за што на працягу ўсяе нашае больш чым 1000-гадовае гісторыі змагаліся й палеглі мільёны Крывічоў, Літвінаў, Беларусаў, сярод якіх і Слуцкія Ваяры.