Хто і чаму баіцца «рэвалюцыі Z»?

На самым высокім узроўні ў Мінску загаварылі пра небяспеку, якую нібыта нясе «рэвалюцыя Z». Што стаіць за страхамі ўладаў перад пакаленнем, якое вырасла ў лічбавую эпоху, і наколькі рэальнай з’яўляецца пагроза глабальнага моладзевага ўздыму?

_belarus_zyccjo_ljudzi_sacsetki_mabilnik_bjaspeka_2024_fota_novy_czas.jpg

Феномен Gen Z: першыя даследаванні

На першы погляд, панікаваць беларускія ўлады пачалі рана. Пакаленне Z яшчэ толькі становіцца аб’ектам сістэмных навуковых даследаванняў. Аналітыкі пакуль часцей кажуць не пра «рэвалюцыі Z», а пра шырэйшыя трэнды, калі ў розных краінах менавіта моладзь становіцца рухавіком новых формаў пратэсту.

Часта ў якасці прыкладаў згадваюць Непал і Мадагаскар.

У Непале моладзевыя пратэсты былі скіраваныя супраць роспуску парламента і на абарону дэмакратыі. 

Глядзіце таксама

На Мадагаскары моладзь на бунты справакавалі беднасць, разгул карупцыі і пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.

Што аб'ядноўвае Непал і Мадагаскар?

Перш за ўсё тое, што застрэльшчыкамі і ўдзельнікамі паўстанняў былі маладыя людзі, якіх адносяць да «пакалення Z» — маладых дарослых і падлеткаў, якія нарадзіліся ўмоўна ў 1990-х і выраслі ў эпоху развіцця лічбавых тэхналогій.

Лічбавая мабілізацыя і новыя формы актывізму

Пратэсты ў Непале і на Мадагаскары істотна адрозніваюцца ад сцэнарыяў мінулага. Важную ролю тут, безумоўна, адыгрываюць сацсеткі: TikTok, Instagram і Twitter/X былі ключавымі для мабілізацыі і каардынацыі падзей. Гэта адрознівае пратэсты ад папярэдніх, дзе дамінавалі партыйныя структуры ці вонкавыя інфармацыйныя цэнтры.

Акрамя таго, назіраюцца новыя формы актывізму. Даследчыкі адзначаюць гарызантальную, а не іерархічную структуру руху, адсутнасць відавочнага адзінага лідара. Падкрэсліваецца расчараванне моладзі ў традыцыйных палітычных партыях і яе імкненне да новых, часта нефармальных, спосабаў праяўлення пратэсту.

Паколькі моладзь па ўсім свеце (ад Ганконга да Судана, ад Чылі да Тайланда) выкарыстоўвае лічбавыя прылады для выказвання свайго меркавання, з'явілася тэза, што досвед Мадагаскара і Непала можа быць заразлівы і неўзабаве варта чакаць глабальную рэвалюцыю Z.

Каштоўнасны канфлікт са «старым парадкам»

Нягледзячы на тое, што ў кожнай краіны свае прычыны для моладзевых бунтаў (Непал — парламенцкі крызіс, Мадагаскар — эканамічны калапс), ёсць у іх і агульнае: разрыў пакаленняў, лічбавізацыя, расчараванне моладзі ў «старым парадку». І такога хапае паўсюль.

Сацыёлагі адзначаюць, што пакаленне Z у глабальным маштабе характарызуецца большай прыхільнасцю да постматэрыялістычных каштоўнасцяў: правы чалавека, экалогія, гендэрная роўнасць, індывідуальныя свабоды. Іх канфлікт з часта патрыярхальнымі і аўтарытарнымі сістэмамі, сярод якіх — і лукашэнкаўская, амаль непазбежны.

Як улады спрабуюць бараніцца

Пакуль незразумела, што ўлады збіраюцца супрацьпаставіць модзе на актывізм у сацыяльных сетках. 

Можна, вядома, спрабаваць кантраляваць лічбавую мабілізацыю за кошт цэнзуры і рэгулявання сацсетак. Аднак досвед таго ж TikTok паказвае, што на першы погляд нявінны кантэнт усё роўна можа мець рэвалюцыйны падтэкст. Створаная для забаўкі платформа TikTok даўно стала рупарам незадаволенасці нават у аўтарытарных краінах. Напрыклад, беларускія ўлады літаральна днямі вымушаныя былі выкарыстоўваць сілавікоў для лакалізацыі на першы погляд цалкам апалітычнага флэшмобу аднаго трэш-блогера.

Ці будзе рэвалюцыя?

Пакуль рана казаць пра паўнавартасныя «рэвалюцыі Z» як пра завершаны феномен. Хутчэй, мы назіраем глабальную хвалю моладзевага актывізму, удзельнікі якога выкарыстоўваюць унікальны лічбавы інструментар. Не выключана, што гэта хуткаплынная мода.

Акрамя таго, пратэст часам жыве толькі ў лічбавай прасторы, калі лайкі і рэпосты замяняюць рэальную арганізацыю і доўгатэрміновую палітычную працу. TikTok-актывізм можа быць эфектным, але ён не стварае ўстойлівых палітычных структур.

Зрэшты, нават такі «інтэрнэт-актывізм» нічога добрага аўтарытарным рэжымам не абяцае. Канешне, за кошт цэнзуры і палітычнага інфантылізму «зумераў» можна праводзіць прафілактыку магчымых пратэстаў у сацсетках. Аднак у перспектыве пакаленне, адчужанае ад дзяржаўнай ідэалогіі, будзе расці. І гэта прывядзе да стратэгічнага крызісу дзяржаў, што грунтуюцца на татальным кантролі, які немагчыма перанесці ў лічбавую эпоху.