Беларусь, якая чакае. «Крыжовы паход» у кастрычніцкіх колерах (ФОТА)
Працягваем вандраваць па поўдню Віцебшчыны. Памятаеце, падчас мінулай вандроўкі мы не знайшлі каменныя крыжы? Адзін з нашых чытачоў падказаў, дзе яшчэ іх можна ўбачыць. А потым мы знайшлі сведчанні аб яшчэ аднымі месцы і адчулі сапраўдны азарт даследавальніка! Хуценька сабраліся і... Паехалі!
Восеньскі дождж, наш традыцыйны спадарожнік, старанна суправаджаў нас і ў гэтую вандроўку, нібыта жадаючы ўпэўніцца ў сур'ёзнасці нашых намераў. Але гэтым разам на яго звяртаў увагу толькі кіроўца, бо яму ж так і належыць па статусу. Астатнія дзяліліся знойдзенымі кавалкамі інфармацыі аб нашай сённяшняй мэце. Няшмат яе, гэтай інфармацыі. Паўсюль згадваецца знакаміты Тураўскі крыж, які ці то расце, ці то ўжо не. І нават пра яго дакладна няшмат што вядома, але аб каменных крыжах у наваколлях Докшыцаў інфармацыі зусім вобмаль. Так мы і дабраліся да могілак ля вёскі Бабцы, дзе адразу ўбачылі шмат вялікіх валуноў на ўскрайку апрацаванага поля і ля дрэваў на могілках.
Сярод маладых дрэваў і хмызняку мільгае белая хустка і мы спыняемся. Так, хтосьці, навязаў на вялікі крыж хустку і праведвае гэтае месца. Мы не адны такія, бо на крыжы пакінуты некалькі манет — як беларускія, так і расейскія рублі ды капейкі. Падчас пошуку інфармацыі некаторыя даследавальнікі гадоў 10-12 таму адзначалі, што хмызняк на гэтым месцы высечаны. Але прайшоў час, і маладыя дрэвы ды іншыя расліны ізноў упэўнена захапілі гэта кавалак зямлі, таму арыентуемся на ледзьве заўважныя сцяжынкі. Азарт сённяшняга пошуку можна параўнаць з азартам грыбніка, які знайшоў першы баравік і гатовы лезці куды заўгодна за другім, трэцім... Вось прыкладна так і мы знайшлі яшчэ некалькі старажытных артэфактаў — вялікія крыжы і кавалкі надмагілляў, якія падобныя на аскепкі зубоў калісьці магутнай істоты.
Вёска Бабцы знаходзіцца зусім побач з дарогай на Ушачы, куды часта ездзіў дадому Рыгор Барадулін. І менавіта пасля наведвання гэтага месца ў 2011 годзе ён напісаў верш:
У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі.
Калі багоў даўніны
Расьцілі –
Адцялі рукі,
І сталі крыжамі яны,
Сакральныя помнікі-рухі.
Тут часу зацішна яшчэ.
Зьбіраюцца здані з адхонаў.
І камень сьцюдзёна пячэ
Сузор’е паганскіх пісьмёнаў.
І дадаць тут няма чаго.
Восеньскія падарожжы маюць процьму колераў і адценняў. Забягаючы наперад адзначым, што сёння надвор'е прыхавала для нас шмат падарункаў. Яно пакрысе пачынае адчыняць скрыначку з імі і падкідваць працы нашаму фатографу, які толькі задаволены такім станам рэчаў. Гэта Беларусь і кастрычнік, дзетка!
Вось так мы і даехалі на сустрэчу з яшчэ адным таямнічым месцам, аб якім вядома яшчэ менш, бо ніхто ніякіх вершай яму не прысвячаў. Спыняемся на маляўнічым пагорку ля вёскі Мількунь. Валуны і рэшткі надмагілляў, аздобленыя яркім мохам, кідаюць на нас таямнічыя позіркі скрозь траву і галінкі старых дрэваў. Маўклівыя сведкі багатай гісторыі не спяшаюцца распавядаць свету свае веды і, на жаль, ахвотнікаў пачуць і захаваць гэтыя расповеды з кожным годам усё менш.
Мількунскія крыжы вядомыя яшчэ менш за сваіх «калег» у іншых частках Віцебшчыны, але ж вельмі ўражальныя. Афіцыйная навука і гісторыкі не спяшаюцца вывучаць іх паходжанне і абмяжоўваюцца дзяжурнымі сказамі аб звычайнасці, хаця нават яны не маюць будзь-якога адзінага пункту гледжання на пытанні аб часе і гісторыі іх з'яўлення. Вось хто дакладна імі цікавіцца, так гэта аматары гісторыі, турысты і «чорныя капальнікі». Сярод апошніх маецца ўпэўненасць, што пад такімі крыжамі могуць захоўвацца «напалеонаўскія багацці», схаваныя французамі падчас адыходу з гэтых месцаў.
Таксама выклікае сумневы сцвярджэнне аб з'яўленні гэтых крыжоў у XVIII-XIX стагоддзях. Шмат на якіх маюцца ледзь бачныя насечкі і надпісы, якія наўрад ці маглі амаль напоўніцу знікнуць за такі адносна непрацяглы час. Карацей, пытанняў больш, чым адказаў, і вельмі шкада, што цэлая катэгорыя старажытных помнікаў можа застацца толькі на фота і ва ўспамінах турыстаў. Прыкладна так, як сталася з вялікімі крыжам ля вёскі Барсукі, які падчас будаўніцтва дарогі з Докшыцаў у Глыбокае проста закапалі ў канаве, ці з крыжам ля могілак вёскі Рапяхі, які проста выкапалі і засыпалі ў яме.
Тым не менш, жыццё працягваецца, надвор'е шырэй расчыніла скрынку з падарункамі і нашае падарожжа адбываецца ўжо пад назіраннем восеньскага сонца, амаль чыстага небасхілу і кастрычніцкіх колераў. Гэта значыць, што спыняцца мы будзем часцей і выдатных восеньскіх фота ў нас будзе больш. А ў вас будзе больш нагодаў трошкі палепшыць свой настрой, бо сапраўднай прыгажосці ў нашым жыцці зашмат не бывае. У гэта раз вітанкі вам ад Параф'янаўскай восені!
Наступная наша мэта — капліца Узвышэння Святога Крыжа ў зусім невялікай вёсцы Кіякова. У 1907 годзе ўладальнікі сядзібы Кіякоўскія пабудавалі каплічку, пад якой меўся быць сямейны склеп, а ў 1914 годзе быў атрыманы дазвол на правядзенне Святой Імшы тройчы на год. Капліца працавала да 1948 году, а потым была зачынена, а склеп разрабавалі ў пошуках каштоўнасцяў. Мясцовыя жыхары кажуць, што косткі былі доўгі час проста раскіданы па падлозе, а потым вывезены. У 1991 годзе капліцу зноў перадалі вернікам. Сціплы будынак знаходзіцца ў атачэнні мясцовых могілкаў і лесу — разам яны складаюць прывабны і строгі ансамбль. Каваныя парэнчы маюць досыць просты выгляд, але гэтая прастата вельмі элегантная ды вытанчаная і надоўга затрымлівае ўвагу. Вельмі прыгожае і супакаяльнае месца.
Па дарозе завітваем у Сітцы да рэшткаў сядзібы Тадэвуша Дамейкі. Мы калісьці тут ужо былі, але ж не здолелі праехаць міма і не зазірнуць у стары парк. Афіцыйна канстатуем, што за два гады нічога тут не змянілася!
Пад вечар вырашылі завярнуць у вёску Гняздзілава, дзе захавалася брама старой сядзібы. Да самой брамы не даехалі, дарога вельмі сапсавана сельгастэхнікай, таму пайшлі пешшу і ані разу не пашкадавалі. Рэшткі брамы ў зарасніках выглядаюць маляўніча, а краявіды з рэшткай дарогі вельмі захапляльныя. Шкада толькі, што ад сядзібнага дому Козелаў-Паклеўскіх і Слатвінскіх анічога не засталося, але мы ўжо прызвычаіліся да такога.
Пашпацыравалі, краявідамі нацешыліся, час адбіраць фотаапарат у кагосьці і крочыць да машыны, бо яшчэ трэба і дадому дабрацца пад незадаволенае вуркатанне фатографа. Ды яшчэ самае галоўнае — планаваць наступную вандроўку, бо самая прыгожая частка восені толькі пачалася! А нашым чытачам традыцыйнае: Бывайце здаровы — Пішыце Замовы!
І на развітанне крышачку фота восені з прастораў Беларусі!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.































































