Зяленскі: рамачны мірны план з 20 пунктаў прадугледжвае спыненне агню ва Украіне
Дэлегацыя ЗША прызнала прагрэс у перамовах з Украінай па «мірным плане Трампа». А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў новыя падрабязнасці зместу дакументаў. Ідуць 1391-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 158 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Ніканараўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага і ў бок Навапаўлаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі паблізу Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Яблонаўкі і ў бок Сафіеўкі.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 17 атак паблізу Аляксандраграду, Навасёлаўкі, Сасноўкі, Вербава, Краснагорскага, Прывольнага і іншых.
На Ліманскім і Гуляйпольскім кірунках армія РФ атакавала па 13 разоў на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 11 баявых сутыкненняў паблізу Сінельнікавага, Прыліпак, Ваўчанска і ў бок Калодзежнага.
* * *
Расійскія войскі акупавалі вёску Талстое (раней Талстой) Данецкай вобласці, а таксама прасунуліся каля Ямпаля і ў Сіверску, паведамляе аналітычны праект DeepState.
Варта адзначыць, што Талстое раней ужо было акупавана расійскімі войскамі, але 21 жніўня гэтага года аператыўна-стратэгічная групоўка войскаў «Дняпро» паведаміла, што ўкраінскія войскі вярнулі пад свой кантроль большую частку Талстога.
* * *
Па даных расійскіх паблікаў у ноч на 15 снежня, Маскву атакавалі дроны. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што расійская СПА нібыта збіла 15 БПЛА. З-за атакі часова спынялі працу аэрапортаў Дамадзедава і Жукоўскі.
Губернатар Белгарадскай вобласці РФ Вячаслаў Гладкоў заявіў аб ракетным удары па Белгарадзе і сур'ёзных пашкоджаннях інжынернай інфраструктуры. Мясцовыя сацсеткі паведамляюць пра ўдар па ЦЭЦ.
* * *

* * *
Расія разгарнула актыўную вярбоўку наймітаў у Іране, паведамляе Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. У шэрагу гарадоў Ірана масава з'явіліся ўлёткі з прапановай далучыцца да арміі РФ за грошы: $20 тысяч аднаразова плюс прыкладна $2 тысячы штомесяц.
Аб'явы вядуць да Telegram-канала, створанага ў лістападзе 2025 года, дзе вярбоўка ажыццяўляецца на некалькіх мовах. Расійскае пасольства ў Іране адмаўляе датычнасць да вярбоўкі наймітаў.
«Гэта тыповы элемент сістэмнай вярбавачнай сеткі РФ, якая шмат гадоў шукае наймітаў у бедных і крызісных краінах. Іран — адна з самых уразлівых мэт з-за эканамічнай сітуацыі, высокага ўзроўню беспрацоўя і вялікай колькасці афганскіх бежанцаў, якія часта становяцца мішэнню такіх схем», — тлумачаць у ЦПД.
Аналітыкі сцвярджаюць, што вярбоўка ў Іране — частка больш шырокай стратэгіі Расіі для кампенсацыі велізарных страт і падрыхтоўкі новых наступальных дзеянняў.
* * *
Прадстаўнік Дональда Трампа на перамовах па Украіне Стыў Віткаф у сацсетцы Х паведаміў, што сустрэча 14 снежня ў Берліне паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і дэлегацыямі з Злучаных Штатаў і Украіны доўжылася больш за пяць гадзін.
«Прадстаўнікі правялі паглыбленыя абмеркаванні 20-пунктнага мірнага плана, эканамічнага парадку дня і да таго падобнае. Быў дасягнуты значны прагрэс, і яны сустрэнуцца зноў заўтра (15 снежня — Рэд.) раніцай», — напісаў ён.
Выданне Handelsblatt пісала, што папярэдне ЗША прызналі перспектывы поспеху ў берлінскіх перамовах.
* * *
Украіна і ЗША разглядаюць рамачны мірны план з 20 пунктаў, у канцы якога гаворыцца аб спыненні агню, паведаміў журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскага спыталі, ці разглядае Украіна на саміце з ЗША ў Берліне магчымасць дасягнення прамежкавага, але практычна дзейснага рашэння, якое можа неадкладна змяніць сітуацыю з бяспекай на зямлі.
«Безумоўна, таму што мы разглядаем 20-пунктны план рамачны, у канцы якога гаворыцца аб спыненні агню. Спыненне агню зменіць безумоўна сітуацыю з бяспекай на зямлі», — адказаў прэзідэнт Украіны.
Ён адзначыў, што ў цяперашні час патрабуе павагі выключна да сілы, а не да каштоўнасцяў. Таму што, калі казаць пра сумленнасць, каштоўнасці і павагу да міжнароднага права, расіяне павінны былі быць асуджаныя.
«І ад самага пачатку, яшчэ больш за 10 гадоў таму, уварванне на суверэнную зямлю Украіны. Гэта не адбылося. Гэта было толькі на словах. І таму на сёння мы хочам не паўтарэння вайны пасля спынення агню. І таму хочам юрыдычна абавязковых гарантый. Не Будапешцкі мемарандум, а юрыдычна абавязковыя гарантыі», — падкрэсліў Зяленскі.
«Калі яны кажуць, што ў нас будзе нешта люстранае 5 артыкулу НАТА, то мы разумеем, як ЗША ў выпадку паўторнай агрэсіі Расіі павінны рэагаваць. І гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, для нас важна, каб было падтрымана Кангрэсам ЗША», — дадаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб у інтэрв'ю каналу Buitenhof заявіў, што цяпер крытычны момант мірных перамоў па Украіне, але мірнае пагадненне бліжэй, чым калі-небудзь.
«Я думаю, мы знаходзімся ў крытычным моманце мірных перамоў, і ў той жа час мы, верагодна, бліжэй да мірнага пагаднення, чым калі-небудзь за гэтыя чатыры гады», — сказаў ён.
Таксама Стуб адзначыў, што менавіта Расія з'яўляецца галоўнай праблемай для еўрапейскай і заходняй бяспекі: «Расія з'яўляецца нумарам адзін сярод пагроз для Еўропы і ў цэлым для заходняга свету».