Трамп супраць Еўропы. Дасье ў карыкатурах

Рыторыка Дональда Трампа ў дачыненні да Еўропы зноў выклікае трывогу і іронію. Карыкатурысты з усяго свету фіксуюць, як змяняюцца адносіны ЗША і ЕС — ад крытыкі НАТА да спекуляцый пра новыя геапалітычныя саюзы.

Крытыка «старога кантынента» з боку Трампа — з’ява не новая. Яшчэ падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну ён заяўляў, што еўрапейскія краіны жывуць за кошт ЗША ў сферы бяспекі, называў НАТА слабым і неаднаразова выказваў незадаволенасць узроўнем абаронных выдаткаў у Еўропе. «Еўропа ў заняпадзе… І яе лідары слабыя!» — такі пасыл Дональд Трамп агучвае на карыкатуры The Guardian.

photo_2025_12_14_14_42_07.jpg

Пасля вяртання Трампа ў вялікую палітыку стала відавочна, што ягонае стаўленне да Еўропы не змянілася. Асобныя выступленні сенатара Джэй Дзі Вэнса, аднаго з найбліжэйшых саюзнікаў Трампа, выклікалі рэзкую рэакцыю ў Еўропе. У сваіх заявах ён падкрэсліваў, што амерыканскія і еўрапейскія каштоўнасці ўсё больш разыходзяцца. Адзін з аўстрыйскіх карыкатурыстаў так праілюстраваў гэты пасыл.

photo_2025_12_14_14_42_10.jpg

І гэта, здаецца, быў толькі пачатак. У Вашынгтоне ўсё часцей гучаць заявы пра неабходнасць перагляду традыцыйнай знешнепалітычнай ролі ЗША, і найперш — у дачыненні да Еўропы. Амерыканскі штотыднёвік The Week бачыць у гэтым сімвалічны разрыў: Біг-Бэн, Эйфелева вежа, Калізей, а таксама сцягі НАТА і Еўрасаюза ўжо ў сметніку. Затое новым партнёрам ЗША на карыкатуры становіцца Расія — сцяг у руках Дональда гаворыць сам за сябе.

photo_2025_12_14_14_42_13.jpg

Размова ідзе не толькі пра дыстанцыянаванне ад ЕС. Нямецкі Der Spiegel увогуле дапускае сцэнар, у якім Пуцін і Трамп дзейнічаюць у адным кірунку супраць Еўрасаюза. Часопіс выходзіць з характэрным калажам пад загалоўкам «Два злыдня, адна мэта».

photo_2025_12_14_14_42_16.jpg

Дадатковым фактарам напружанасці стала вайна ва Украіне. У ЗША ўсё часцей гучаць заявы пра неабходнасць «хуткага ўрэгулявання», аднак працэс застаецца складаным і супярэчлівым. Частка адказнасці за адсутнасць прагрэсу ў Вашынгтоне ўскладаецца на Кіеў і шэраг краін ЕС. Вось як бачыць супрацьстаянне вакол Украіны паміж Трампам, Зяленскім і еўрапейскімі партнёрамі адна з нідэрландскіх газет.

photo_2025_12_14_14_42_20.jpg

Новыя сігналы з ЗША сталі непрыемным сюрпрызам для Еўропы. Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц заяўляе, што амерыканскія падыходы да бяспекі ўтрымліваюць элементы, непрымальныя з еўрапейскага пункту гледжання, і падкрэслівае неабходнасць большай самастойнасці ЕС. Аднак пакуль гэты праект выглядае супярэчліва. На гэтым фоне з’явіліся чуткі, нібыта Трамп спрабуе пераканаць Італію, Польшчу, Аўстрыю і Венгрыю выйсці з Еўрасаюза. The Daily Telegraph адрэагаваў карыкатурай, на якой Трамп збіраецца «дадаць» чатыры зорачкі да сцяга ЗША.

photo_2025_12_14_14_42_23.jpg

І гэта, магчыма, яшчэ не фінал. У медыя абмяркоўваецца ідэя стварэння альтэрнатывы «Вялікай сямёрцы» і Савету Бяспекі ААН з удзелам ЗША, Расіі і Кітая — сцэнар, які на фоне апошніх падзей ужо не выглядае цалкам фантастычным.