Зяленскі: ЗША прапануюць дзіўную «дэмілітарызаваную зону» ў Данбасе
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў падрабязнасці прапаноў ЗША па размежаванні ў Данбасе і іншых тэрыторыях Украіны, якія захопленыя Расіяй. Цяпер гэтыя прапановы выглядаюць дастаткова дзіўнымі, але па іх канкрэтным змесце ідзе праца. А Дональд Трамп распавёў пра амерыканскую частку гарантый бяспекі Украіны. Ідуць 1388-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 174 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 26 атак паблізу Зялёнага Гаю, Сасноўкі, Студзеньскага, Вербава, Прыволля, Вішнёвага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Іванаполля, Канстанцінаўкі, Яблунаўкі, Русінага Яру.
На Арэхаўскім кірунку расіяне 16 разоў атакавалі ў раёнах Малой Такмачкі, Стэпавага, Стэпнагорску.
На Гуляйпольскім кірунку УСУ адбілі 13 атак у раёне населенага пункта Гуляйполе і ў бок Дабраполля і Варвароўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 11 разоў у раёнах Новаягораўкі, Грэкаўкі, Дзерылава, Калодзежа, Зарэчнага.
* * *
У Адэсе ўначы 12 снежня адбылася серыя выбухаў пасля паведамленняў аб атацы групы расійскіх дронаў. Пашкоджана інфраструктура, у частцы горада зніклі святло і вада.
Адзін чалавек загінуў і яшчэ чацвёра пацярпелі ў выніку расійскай атакі на Паўлаград Днепрапятроўскай вобласці ўначы 12 снежня. Адна з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане.
У ноч на 12 снежня беспілотнікі атакавалі расійскі Яраслаўль. У выніку ўдару ўзнік пажар на тэрыторыі мясцовага нафтаперапрацоўчага завода. Па даных OSINT-аналітыкаў і маніторынгавых каналаў, уражана прадпрыемства «Слаўнафта-ЯНАС» («Яраслаўнафтааргсінтэз»).
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у чарговы раз заявіў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму нібыта не падабаецца распрацаваны мірны план.
Па словах Трампа, «людзі ўкраінскага лідара» былі «ў захапленні» ад распрацаванай здзелкі, чаго ён не можа сказаць пра самога прэзідэнта Украіны.
«Я думаў, што мы былі вельмі блізкія з Расіяй да пагаднення. Я думаў, што мы былі вельмі блізкія з Украінай да пагаднення. Насамрэч, акрамя прэзідэнта Зяленскага, яго людзі былі ў захапленні ад канцэпцыі гэтай здзелкі. Ведаеце, мы сёе-тое туды дадалі», — заявіў прэзідэнт ЗША журналістам.
Нагадаем, днямі Трамп выказаў расчараванне Зяленскім, бо прэзідэнт Украіны, нібыта, не прачытаў мірны план ЗША. Але неўзабаве стала вядома, што гаворка ішла пра абноўлены варыянт, які быў пакладзены Зяленскаму літаральна за гадзіну да размовы з дарадцамі Трампа.
Пры гэтым сам Трамп не ведае, колькі дакументаў абмяркоўваюцца ў працэсе перамоў. Ён сказаў, што «дакумент складаецца з чатырох ці пяці розных частак», тады як усе бакі перамоў казалі пра тры дакументы: рамачны дакумент мірнага пагаднення, дакумент аб аднаўленні Украіны пасля вайны і дакумент аб гарантыях бяспекі Украіны.
Крыху пазней прэзідэнт ЗША даў інтэрв'ю выданню Politico, дзе заявіў, што Украіна павінна правесці выбары прэзідэнта. Паводле яго слоў, нібыта 82% украінцаў патрабуюць заключэння мірнай здзелкі, а ўлады наадварот, «выкарыстоўваюць вайну, каб не мець выбараў».
У адказ Зяленскі заявіў, што «гатовы да выбараў», але для гэтага павінна быць забяспечана бяспека і зменена заканадаўства. Кіраўнік Украіны ўжо папрасіў дэпутатаў падрыхтаваць змены, якія дазволілі б правесці выбары падчас ваеннага становішча, але ў той жа час адзначыў, што выбары магчымыя толькі пры ўмове поўнага спынення агню, «як мінімум на перыяд выбарчага працэсу і галасавання». Пра што Злучаныя Штаты павінны весці перамовы непасрэдна з Расіяй.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён гатовы дапамагчы Украіне з гарантыямі бяспекі, бо гэта неабходны фактар, каб мірная здзелка была рэалізавана.
Журналісты згадалі, што ў ліпені Трамп даў абавязацельства Еўропе ўдзельнічаць у міратворчым кантынгенце, калі будзе дасягнута мірная здзелка. «Вы згадвалі, здаецца, паветраную падтрымку, разведку і гэтак далей. Гэта абавязацельства застаецца ў сіле? Ці гатовыя ЗША ўдзельнічаць у гэтым?», — спытаў рэпарцёр.
Адказ прэзідэнта ЗША быў пазітыўным: «Гэта называецца "пагадненне па бяспецы"... Так, мы б дапамаглі. Мы б дапамаглі з бяспекай, таму што гэта, я думаю, неабходны фактар, каб усё атрымалася», — сказаў амерыканскі лідар.
* * *
План завяршэння вайны, які распрацоўваецца Украінай з партнёрамі, прадугледжвае выхад расійскіх войскаў з невялікіх тэрыторый, якія яны паспелі акупаваць у Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з журналістамі.
Што датычыцца захопленых тэрыторый Херсонскай і Запарожскай абласцей, то па словах Зяленскага, Расія адмаўляецца пакідаць свае пазіцыі ў гэтых рэгіёнах.
Ён падкрэсліў, што Расія хоча атрымаць пад свой кантроль увесь Данбас — і Украіна гэтага «не ўспрымае». Пазіцыя Украіны заключаецца ў тым, каб войскі заставаліся там, дзе яны знаходзяцца цяпер на лініі сутыкнення. Паводле яго слоў, амерыканскі бок бачыць рознагалоссі ў пазіцыях Украіны і РФ і прапануе «кампраміс».
Зяленскі таксама расказаў, што «кампраміснае бачанне» ЗША па кантролі над цяпер падкантрольнай Украіне часткай Данбаса заключаецца ў тым, што ўкраінскія войскі выходзяць з тэрыторыі Данецкай вобласці, а расійскія войскі туды не заходзяць.
«Яны бачаць так, што ўкраінскія войскі выходзяць з тэрыторыі Данецкай вобласці, і кампраміс нібыта ў тым, што расійскія войскі не заходзяць на гэтую тэрыторыю. Хто будзе кіраваць гэтай тэрыторыяй, якую яны называюць ужо "свабоднай эканамічнай зонай" або "дэмілітарызаванай зонай" — яны не ведаюць. Вось так прыкладна зараз выглядае кампраміснае бачанне Злучаных Штатаў Амерыкі».
Ён заявіў, што Украіна не можа прыняць такую прапанову, паколькі «калі вы кажаце нам пра кампраміс, вы павінны даваць справядлівы кампраміс». «Трэба спрабаваць знайсці адказы так, каб усё было больш адэкватна. Напрыклад, адышлі гэтыя на 5 км, гэтыя — таксама на 5 км. Калі адны адышлі на 10 км, то і іншыя — на 10 км. Так, як гэта робіцца ва ўсіх войнах, павінен быць нейкі маніторынг», — сказаў Зяленскі.
Раней FT паведамляла, што апошнія прапановы ЗША па мірным плане нават не ўтрымліваюць закліку да Расіі вывесці свае войскі з Данецкай і Луганскай абласцей для стварэння там дэмілітарызаванай зоны.
* * *
ЕС застаецца непахісным у дасягненні справядлівага і ўстойлівага міру для Украіны. Любое мірнае пагадненне не павінна ўтрымліваць зародкаў для новага канфлікту, напісала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сацсетцы Х.
Паводле яе слоў, яна правяла кансультацыі з партнёрамі з «кааліцыі жадаючых» падчас «надзвычай напружанага тыдня мірных перамоў».
«Нягледзячы на ціск, мы застаемся абсалютна непахіснымі ў нашай мэце: дасягненні справядлівага і ўстойлівага міру для Украіны. Устойлівага — азначае, што любое мірнае пагадненне не павінна ўтрымліваць зародкаў для новага канфлікту або дэстабілізацыі больш шырокай сістэмы еўрапейскай бяспекі», — напісала кіраўніца ЕК.