Енс Столтэнберг: Дасягненне міру магчыма толькі праз змену пазіцыі Расіі

Былы генеральны сакратар NATO і цяперашні міністр фінансаў Нарвегіі Енс Столтэнберг перакананы, што Пуцін можа быць вымушаны пайсці на саступкі, калі для Крамля кошт вайны стане занадта вялікім. Сёлета дэфіцыт бюджэту Расіі можа дасягнуць 3,6% яе ВУП, але гэта, напэўна, усё яшчэ не вялікая цана для Крамля. Ідуць 1386-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

594881020_1209317841381292_4107916556328580157_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Шахава, Іванаўкі, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Грышына, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філія і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Ялты, Ворана, Вербава, Сасноўкі, Вішнёвага, Рыбнага, Ягораўкі, Прывольнага і ў бок Данілаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 16 разоў каля Грэкаўкі, Новага Міру, Мірнага.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 14 атак расіян у раёнах Зацішша, Гуляйполя, Белагор’я і ў кірунках Варвараўкі і Дабраполля.

На Славянскім кірунку УСУ адбілі 12 атак расіян ў раёнах Ямпаля, Серабранкі, Сіверска, Званаўкі, Пераезнога і Фёдараўкі.

* * *

Пакроўск і Мірнаград з'яўляюцца добра ўмацаванымі раёнамі ўкраінскай абароны, і гэтая абарона працягваецца, заявіў падчас зносін з журналістамі галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

«Абарона Пакроўска працягваецца ўжо 16 месяцаў. Расіяне прынамсі шэсць разоў абвяшчалі тэрміны, калі возьмуць увесь Данбас. Не ўзялі», — заявіў ён.

Сырскі адзначыў, што Мірнаград не знаходзіцца ў атачэнні, хоць расійскія войскі да гэтага імкнуцца. Ён дадаў, што лагістыка ў горадзе ўскладненая, але яна ажыццяўляецца.

Сырскі паведаміў, што расіяне на Пакроўскім кірунку павялічваюць колькасць сваёй групоўкі. Паводле яго, цяпер там знаходзіцца ўжо 156 тысяч салдат РФ. Акрамя таго, на Пакроўскі кірунак прыпадае да паловы ўсіх КАБаў, якія расіяне ўжываюць па лініі фронту. Ён падкрэсліў, што цяпер гэта — галоўны тэатр ваенных дзеянняў.

* * *

У ноч на 10 снежня сілы супрацьпаветранай абароны актыўна працавалі ў Адэскай вобласці, процістаячы пагрозе дзясяткаў расійскіх беспілотнікаў. Выбухі былі чутныя каля горада Ананьеў і пасёлка Шыраева. Пра гэта паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы і маніторынгавыя крыніцы.

* * *

598589651_1210339124612497_1182466719602813251_n.jpg

* * *

Амерыканскі бок даў Украіне лічаныя дні, каб адказаць на апошні варыянт мірнага плана, піша Financial Times.

Па словах крыніц FT, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў еўрапейскім лідарам, што ў час «няпростай» размовы ў суботу, 6 снежня, з пасланцамі лідара ЗША Дональда Трампа яго заклікалі да хуткага рашэння па мірным пагадненні. Крыніца, дасведчаная аб тэрмінах, прапанаваных Кіеву, сказала, што Трамп спадзяецца на заключэнне пагаднення да Калядаў, піша выданне.

Каментуючы публікацыю FT, дзе адзначаецца, што Трамп нібыта хоча мірнае пагадненне да Калядаў, украінская крыніца РБК-Украіна адзначыла, што пра дэдлайн гаворка не ідзе. Як растлумачыў суразмоўца выдання, у Трампа сапраўды чакаюць хуткага адказу і гэта можа быць «да Калядаў», але канкрэтнага патрабавання па даце няма.

* * *

Украіна, еўрапейскія партнёры і ЗША абмяркоўваюць адразу тры дакументы ў рамках мірнага плана, паведаміў падчас адказаў на пытанні журналістаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Ёсць рамачны дакумент з 20 пунктаў, ён пастаянна змяняецца і гэта нармальна. Жывая структура, якая павінна адпавядаць інтарэсам Украіны, Еўропы, свету. Другі — гэта гарантыі бяспекі, мы працуем над гэтым. Я чакаю адпаведныя прапановы ад нашых вайскоўцаў і іх дыялогу з амерыканцамі і ўсё гэта трэба аб'яднаць з прынцыпамі "кааліцыі рашучых". Гарантыі бяспекі — важны дакумент паміж намі, ЗША і еўрапейцамі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Трэці дакумент, па словах Зяленскага, тычыцца аднаўлення Украіны пасля таго, як завершыцца вайна або наступіць спыненне агню.

Зяленскі адзначыў, што для Украіны маюць вялікую важнасць дзейсныя гарантыі бяспекі. Цяпер ЗША пакуль не гатовыя бачыць Украіну членам NATO. Аднак, дадаў Зяленскі, вялікую важнасць маюць двухбаковыя гарантыі бяспекі для Украіны ад ЗША. У 20-пунктавым дакуменце, які сфарміравалі Украіна і прадстаўнікі Еўропы, гэта як пяты артыкул Статута NATO.

«Мы хочам разбірацца дэталёва па гэтым пытанні, у бліжэйшыя дні мы будзем разумець дэталі гэтых гарантый бяспекі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

* * *

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб падчас выступлення ў Хельсінкі заявіў, што канфліктуючыя бакі ва Украіне зараз знаходзяцца на бліжэйшым этапе дасягнення мірнага пагаднення з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе, паведамляе Bloomberg.

Стуб пацвердзіў, што перагаворны працэс вядзецца адначасова па трох асобных дакументах.

Па яго словах, першапачатковая версія рамачнага пагаднення з 28 пунктаў была «абсалютна непрымальная» для Фінляндыі. Тым не менш, цяпер перамовы перайшлі на стадыю, калі ўмовы пагаднення выглядаюць больш прымальнымі.

Прэзідэнт Фінляндыі сказаў, што «мы дастаткова блізка», выказаўшы задавальненне дасягнутым прагрэсам.

Енс Столтэнберг, былы генеральны сакратар NATO і цяперашні міністр фінансаў Нарвегіі, таксама выступаючы ў Хельсінкі, дадаў, што дасягненне міру магчыма толькі праз змену пазіцыі Расіі.

Паводле яго слоў, калі для Крамля кошт вайны стане занадта вялікім, Пуцін можа быць вымушаны пайсці на саступкі. Аднак ён прызнаў, што пераканаць Маскву будзе надзвычай цяжка.

* * *

Міністэрства фінансаў Расіі паведаміла аб значным павелічэнні дэфіцыту федэральнага бюджэту. Са студзеня па лістапад бягучага года дэфіцыт склаў 4,276 трлн расійскіх рублёў, што амаль у 12 разоў перавышае паказчык мінулага года.

Даходы бюджэту за 11 месяцаў 2025 года ледзь павялічыліся на 0,7%. У той жа час выдаткі выраслі на 12%. Гэта азначае, што на кожныя дзевяць выдаткаваных рублёў адзін не быў забяспечаны даходамі.

Зніжэнню фінансавых паступленняў спрыяла рэзкае падзенне нафтагазавых даходаў. Па даных Мінфіна, да лістапада яны аказаліся на 22,4% ніжэй за ўзровень мінулага года. Рост даходаў ад ПДВ склаў толькі 5,6%, а з улікам інфляцыі (6,5%) рэальныя даходы ад ПДВ нават скараціліся.

Першапачаткова на 2025 год планаваўся дэфіцыт у памеры 1,2 трлн рублёў (0,5% ВУП), але цяперашнія рэаліі прымусілі павялічыць прагноз у пяць разоў — да 5,7 трлн рублёў.

Эксперты лічаць, што нават гэты скарэктаваны план можа аказацца нерэалізаваным. Навуковы супрацоўнік Інстытута праблем міжнароднай бяспекі Яніс Клюге адзначае, што традыцыйна ў снежні прыпадае каля 18% гадавых выдаткаў. Аднак да канца лістапада бягучага года было выдаткавана ўжо 87% ад запланаванага бюджэту. Калі гістарычныя прапорцыі захаваюцца, дэфіцыт бюджэту Расіі да канца года можа дасягнуць 8 трлн рублёў (або 3,6% ВУП).