Сырскі: Расія засяродзіла ва Украіне рэкордную ад пачатку вайны колькасць сваіх салдат

Расія засяродзіла на лініі фронту больш за 700 тысяч сваіх салдат. Гэта самая вялікая колькасць ад пачатку вайны, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. Але гэтая рэкордная колькасць салдат ператвараецца ў рэкордныя страты. Такая стратэгія УСУ: «Максімальна выматаць расійскую армію». Ідуць 1382-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

595063908_1206367958342947_146328847858122930_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 атаку расіян ў раёнах Маяку, Уладзіміраўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 27 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Яблонаўка і Русінага Яру.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 19 разоў паблізу Новавадзянага, Новаегораўкі, Зарэчнага, Дзерылава і Калодзежаў.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 14 атак у раёнах Аляксандраграду, Сасноўкі, Ягораўкі, Прывольнага, Рыбнага і Краснагорскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 10 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Прыліпак, Атраднага і ў бок Ізбіцкага і Лімана.

* * *

Аналітыкі праекта Deepstate паведамілі, што расійская армія прасунулася паблізу Сіверска, Фёдараўкі і ў Мірнаградзе. У Дэсантна-штурмавых войсках паведамілі, што ў Пакроўску і Мірнаградзе няма акружэння, Сілы абароны працуюць над пашырэннем лагістыкі і кантралююць участкі фронту.

* * *

Няма ніякіх прыкмет, што Расія хоча спыніць баявыя дзеянні ва Украіне. Крэмль выкарыстоўвае перамовы для прыкрыцця, заявіў у інтэрв'ю Sky News галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

Як адзначыў генерал, нягледзячы на заявы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, што Масква гатовая да перамоў, ніякіх прыкмет паслаблення баявых дзеянняў з боку РФ няма.

«Хоць мы хочам міру, справядлівага міру, вораг працягвае наступ, выкарыстоўваючы гэтыя мірныя перамовы як прыкрыццё. Няма ніякіх паўзаў, ніякіх затрымак у іх аперацыях. Яны працягваюць прасоўваць свае войскі, каб захапіць як мага больш нашай тэрыторыі пад прыкрыццём перамоваў», — дадаў Сырскі.

Паводле яго, цяпер Расія засяродзіла на лініі фронту больш за 700 тысяч сваіх салдат. Гэта самая вялікая колькасць ад пачатку вайны. Пры гэтым Сырскі падкрэсліў, што Расія кожны дзень губляе каля тысячы байцоў забітымі або параненымі. Большасць з іх — незваротныя страты.

«Наша стратэгія заключаецца ў тым, каб максімальна выматаць расійскую армію, прадухіліць яе прасоўванне, утрымаць нашу тэрыторыю», — сказаў генерал.

* * *

На момант падрыхтоўкі матэрыялу расійскія войскі атакуюць Украіну з прымяненнем ракет і беспілотнікаў.

З-за масіраванай камбінаванай атакі Расіі паветранай трывогай ахоплена ўся Украіна. Большасць абласцей падвяргаюцца атацы беспілотнікамі. Таксама армія РФ ажыццявіла пускі крылатых ракет са стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.

Паветраныя сілы інфармавалі аб крылатых ракетах курсам на Белую Царкву і міма Хмяльніцкага. У Кіеўскай вобласці групы ракет рухаліся міма Фастава ў раён Макарава. Крылатыя ракеты ішлі з Хмяльніцкай вобласці ў Цярнопальскую.

Ракеты рухаліся ў бок Бродаў на Львоўшчыне. Акрамя таго, групы КР трымалі курс на Бурштын/Рагацін (Івана-Франкоўская вобласць).

Таксама крылатыя ракеты заходзілі праз Сумскую вобласць у кірунку Прылуцкага раёна Чарнігаўскай вобласці, рухаліся ў кірунку Палтаўшчыны, а адтуль — курсам на Канеў (Чаркаская вобласць) і Вінніцкую вобласць.

У Паветраных сілах таксама паведамілі пра групы ракет «Калібр» у Мікалаеўскай і Адэскай абласцях.

* * *

У ноч на 6 снежня НПЗ у Разані чарговы раз быў атакаваны беспілотнікамі. Згодна з аналізам Astra, Разанскі нафтаперапрацоўчы завод пашкоджаны. Astra піша, што з пачатку 2025 года гэта як мінімум 9-я атака на Разанскі НПЗ.

* * *

594758675_1207467894899620_6530302238788147051_n.jpg

* * *

Сакратар Савета нацбяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў пракаментаваў ход перамоваў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам. Умераў пацвердзіў, што прыярытэтам Украіны з'яўляецца ўрэгуляванне, якое гарантуе абарону незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту Украіны, бяспеку ўкраінцаў і фарміруе стабільную аснову для паспяховай дэмакратычнай будучыні.

Па словах Умерава, удзельнікі абмеркавалі вынікі нядаўняй сустрэчы амерыканскага боку з Расіяй і крокі, якія могуць прывесці да заканчэння вайны.

«Амерыканскі і ўкраінскі бакі таксама ўзгаднілі рамкі дамоўленасцяў у сферы бяспекі і абмеркавалі неабходныя сродкі стрымлівання для забеспячэння ўстойлівага міру. Абодва бакі падкрэслілі, што сапраўдны прагрэс у дасягненні любых дамоўленасцяў залежыць ад гатоўнасці Расіі прадэманстраваць рэальную прыхільнасць доўгатэрміноваму міру — у прыватнасці, ажыццявіць крокі да дээскалацыі і спынення забойстваў», — гаворыцца ў нататцы сакратара СНБА.

Па словах Умерава, таксама была разгледжана «Праграма будучага развіцця», якая павінна забяспечыць працэс аднаўлення Украіны пасля вайны, сумесныя эканамічныя ініцыятывы ЗША і Украіны і доўгатэрміновыя праекты аднаўлення.

* * *

Перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны і ЗША па прасоўванні мірнага плана працягваюцца ва ўмовах высокай дынамікі і могуць выйсці за рамкі працоўных дзён, адлюстроўваючы тэмпы палітычных абмеркаванняў, піша Axios.

У прыватнасці, украінскі бок пацвярджае, што сустрэчы працягнуцца і ў суботу.

Нягледзячы на істотныя рознагалоссі паміж Кіевам і Масквой, у ЗША лічаць, што магчымасць кампрамісу застаецца, нават у пытаннях, звязаных з тэрыторыяй, адзначае выданне.

* * *

На фоне ціску ЗША на Індыю з-за закупкі расійскіх энергарэсурсаў Масква робіць заявы, якія могуць абвастрыць сітуацыю і ўскладніць дыпламатычныя кантакты ў вырашальны момант, піша The Independent.

Уладзімір Пуцін падчас пятнічнага візіту ў Дэлі заявіў, што Масква гатова забяспечваць Індыі стабільныя пастаўкі паліва, што можа выклікаць напружанне ў адносінах з адміністрацыяй Дональда Трампа.

Гэтыя словы прагучалі пасля падпісання шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве з Нарэндрам Модзі. У сумеснай заяве двух бакоў падкрэсліваецца, што двухбаковыя сувязі застаюцца ўстойлівымі да знешняга ціску, а Індыя працягвае прытрымлівацца курсу на ўзаемадзеянне з Расіяй, нягледзячы на ўзмацненне патрабаванняў з боку ЗША адносна імпартных абмежаванняў.

Нагадаем, ЗША ўвялі 25-працэнтную пошліну на індыйскі імпарт расійскай нафты, аргументуючы гэта неабходнасцю ўзмацніць ціск на Маскву, каб яна спыніла вайну супраць Украіны. Аднак індыйскае кіраўніцтва пакуль не дэманструе намераў адмаўляцца ад супрацоўніцтва з РФ.

* * *

Саркафаг Чарнобыльскай АЭС больш не выконвае сваіх асноўных функцый, паколькі яго пашкодзіў расійскі дрон, паведамляе прэс-служба Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).

Нагадаем, у лютым гэтага года па саркафагу ўдарыў расійскі беспілотнік. Пасля гэтага МАГАТЭ накіравала на ЧАЭС місію, якая ацаніла пашкоджанні. На мінулым тыдні місія агенцтва завяршыла сваю працу і канстатавала, што:

  • саркафаг «згубіў свае асноўныя функцыі бяспекі», уключаючы здольнасць ізаляцыі;
  • нясучыя канструкцыі і сістэмы маніторынгу не атрымалі пастаянных пашкоджанняў.

«Былі праведзены абмежаваныя часовыя рамонтныя работы на даху, аднак своечасовае і комплекснае аднаўленне застаецца вельмі важным для прадухілення далейшай дэградацыі і забеспячэння доўгатэрміновай ядзернай бяспекі», — падкрэсліў гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.