У NATO ёсць «план Б» па Украіне, калі мірны план Трампа пацерпіць няўдачу
Еўрапейскія саюзнікі па NATO выказваюць сумневы ў тым, што ЗША ўдасца дасягнуць міру ва Украіне — яны не бачаць канструктыву ў паводзінах Уладзіміра Пуціна, і мяркуюць, што ніякі мірны план яму непатрэбны. Таму ў Альянсе распрацавалі альтэрнатыўны варыянт на выпадак правалу плана амерыканскага лідара Дональда Трампа. Ідуць 1379-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 201 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Маяку, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 31 раз каля Нававодзянага, Новаегораўкі, Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Сярэдняга, Карпаўкі, Шандрыгалава, Калодзежаў, Мірнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 27 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Яблонаўкі і Русінага Яру.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 18 атак у раёнах Ялты, Талстога, Зялёнага Гаю, Аляксандраграду, Сасноўкі, Вербава і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 15 атак арміі РФ у раёнах Прыліпкі, Старыцы, Сінельнікава, Ваўчанску і ў бок Калодзежнага і Ізбіцкага.
На Славянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 12 атак паблізу Ямпаля, Дронаўкі, Серабранкі, Сіверска і Фёдараўкі.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў у сацсетках, што ўкраінскія падраздзяленні істотна палепшылі сваё тактычнае становішча ў Купянску Харкаўскай вобласці.
«Папрацаваў у часцях пошукава-ўдарнай групоўкі і тактычнай групы Купянск… Заслухаў справаздачы па аператыўнай абстаноўцы — інфармацыя абнадзейвае. Нашым падраздзяленням удалося істотна палепшыць тактычнае становішча непасрэдна ў горадзе. Шляхі інфільтрацыі дыверсійна-выведвальных груп праціўніка блакаваны.
Працягваецца зачыстка тэрыторыі Купянска ад расійскіх акупантаў, якія маюць "поспехі" хіба што ў плашчыні прапаганды», — напісаў Сырскі.
Па словах Сырскага, украінскія войскі цяпер працуюць над «паступовым выцісканнем ворага з яго плацдарма на поўнач ад горада, а таксама з шэрагу іншых раёнаў, дзе расіяне пакуль захоўваюць сваю прысутнасць».
* * *
На фоне атак беспілотнікаў СМІ паведамляюць пра пажар на нафтабазах у Тамбоўскай вобласці РФ, а таксама пра пашкоджанне рэзервуараў з палівам у Варонежскай вобласці РФ.
* * *

* * *
Перамовы ў Маскве аб «мірным плане Трампа» па Украіне не прывялі да канкрэтных дамоўленасцяў, паведамляюць расійскія СМІ.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер 2 снежня прыбылі ў Маскву на перамовы з Уладзімірам Пуціным. Сустрэча ў Крамлі доўжылася каля пяці гадзін.
Па словах расійскіх прадстаўнікоў, абмеркаванне ахапіла некалькі варыянтаў плана па Украіне. Паведамляецца, што бакі падрабязна разабралі ключавыя пытанні, аднак адзінага рашэння не знайшлі.
У Крамлі падкрэслілі, што сустрэча Трампа і Пуціна пакуль не разглядаецца, — гэта сведчыць пра адсутнасць прагрэсу ў перамовах.
Па словах Ушакова, Пуцін перадаў Трампу «сяброўскае прывітанне» і шэраг «палітычных сігналаў», але не ўдакладніў іх змест.
* * *
Апошнія заявы крамлёўскага лідара Уладзіміра Пуціна не сведчаць, што ён хоча скончыць вайну, лічыць міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Сібіга ў сацсетцы X звярнуў увагу на заяву Пуціна аб тым, што «гатовы ваяваць усю зіму», і на яго словы пра тое, што Расія павялічыць атакі па ўкраінскіх партах і караблях, якія ўваходзяць у іх на фоне атак дронаў па танкерах РФ у Чорным моры.
Сібіга адзначыў, што Украіна падтрымлівае мірныя намаганні ЗША і працавала з імі і еўрапейскімі партнёрамі над намаганнямі па дасягненні справядлівага міру ў гэтай вайне. «Цяпер прыйшоў час прымусіць крыніцу вайны ў Маскве пакласці ёй канец», – дадаў міністр.
* * *
Лідар РФ Уладзімір Пуцін перад сустрэчай з амерыканскай дэлегацыяй запэўніў, што нібыта не мае намеру ваяваць з Еўропай, адначасова заявіўшы, што Расія «гатовая» да вайны, калі Еўропа «захоча ваяваць».
«Мы не збіраемся ваяваць з Еўропай, я ўжо пра гэта сто разоў казаў… Але калі Еўропа раптам захоча ваяваць і пачне, мы гатовыя проста зараз», – заявіў Пуцін.
Варта адзначыць, што Расія неаднаразова заяўляла пра тое, што не збіраецца ваяваць з Украінай перад нападам на Украіну.
* * *
ЗША спрабуюць зразумець, ці можна скончыць вайну так, каб абараніць будучыню Украіны і каб абодва бакі змаглі гэта прыняць, сказаў у інтэрв'ю Fox Newsдзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё.
Дзяржсакратар ЗША ўпэўнены, што рашэнні ў Расіі прымае толькі Пуцін, а не яго дарадцы. «Толькі Пуцін можа скончыць вайну з расійскага боку. Таму мы працягваем вывучаць магчымасці», — сказаў Рубіё.
Ён адзначыў, што напрацягу 10 месяцаў ЗША спрабуюць сабраць два бакі (Украіну і Расію) разам і выпрацаваць прапановы, якія могуць падысці абодвум. «Мы робім усё магчымае, каб гэта спрацавала. Мы займаемся гэтым ужо 10 месяцаў. І мы сапраўды прасунуліся, сталі бліжэй. Але мы яшчэ не там, мы ўсё яшчэ недастаткова блізка», — сказаў Рубіё.
* * *
Еўрапейскія саюзнікі па NATO выказваюць сумневы ў тым, што ЗША ўдасца дасягнуць міру ва Украіне. Таму ў Альянсе распрацавалі альтэрнатыўны варыянт на выпадак правалу плана амерыканскага лідара Дональда Трампа, паведамляе Радыё Свабода.
Восем дыпламатаў з краін-членаў NATO распавялі выданню на ўмовах ананімнасці, што сумняюцца ў канструктыўнай ролі расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў перамовах. Яны адзначылі, што РФ, наадварот, узмацніла ўдары па грамадзянскай і энергетычнай інфраструктуры Украіны.
Суразмоўцы заявілі, што «еўрапейскія погляды прысутнічаюць за сталом перамоваў», нягледзячы на адсутнасць на іх прадстаўнікоў ЕС.
Адзін з крыніц «Радыё Свабода» лічыць, што Пуцін не захоча ісці на кампраміс. Паводле яго слоў, еўрапейскім партнёрам Кіева давядзецца звяртацца да альтэрнатыўнага плана, які складаецца з:
- павелічэння колькасці зброі для Украіны на полі бою;
- большай падтрымкі ўкраінскай эканомікі;
- узмацнення санкцый супраць Расіі.
Адзін з чыноўнікаў NATO перакананы, што Пуцін «не скранецца ні на крок», прычым, паводле яго слоў, гэта адбудзецца не з-за Украіны ці ЗША.
«Адзінай прычынай правалу будзе непахіснасць Расіі. Адзіны вынік перамоваў, які расіяне, здаецца, гатовыя прыняць — гэта поўная капітуляцыя Украіны», — сказаў ён.