Беларусь: ганарыцца рэзервамі, але плануе дэфіцыт. Хто будзе плаціць у бюджэт?
На вялікі жаль, наша дзяржава працягвае штампаваць памылкі. І галоўная памылка — гэта рабіць выгляд, што ніякіх памылак няма, і ў нас усё вельмі добра. Не ўспрымаючы рэчаіснасць крытычна, мы губляем самы галоўны і незваротны рэсурс — час. І, як вынік, адстаём ад астатняга свету.

Ужо «як звычайна», але Нацбанк Беларусі ў чарговы раз пахваліўся рэкордам золатавалютных рэзерваў. На 1 снежня яны дасягнулі 13,9 млрд долараў. Па выніках лістапада ЗВР павялічыліся на 177,2 млн долараў, што крыху больш сціпла, чым у верасні і кастрычніку, калі яны раслі на 300–400 млн долараў у месяц. І звязана гэта — правільна, з дынамікай коштаў на золата. Золата не можа даражэць бясконца, рост яго кошту запаволіўся — запаволіўся і рост нашых ЗВР.
Пры гэтым Нацбанк паведамляе, што іншыя складнікі ЗВР паменшыліся: кошт СДР знізіўся на 11,8 млн долараў да амаль 1,4 млрд долараў, а рэзервовыя актывы ў замежных валютах скараціліся на 125,9 млн долараў да 5,24 млрд долараў.
У той жа час, калі Нацбанк казаў, як у нас усё добра, наш парламент прыняў бюджэт на наступны год. І вось якая закавыка: афіцыйна ў нас расце ВУП, растуць ЗВР, расце ўсё запар. Але бюджэт, які прымаецца ў такіх «спрыяльных» умовах — чамусьці дэфіцытны.
Даходы бюджэту запланаваны на ўзроўні 54,38 млрд рублёў, што на 12,4% вышэй за ацэнку паступленняў гэтага года. Выдаткі зацверджаны ў памеры 58,73 млрд рублёў, або на 10,4% больш, чым да чаканага выканання па выніках 2025 года. Дэфіцыт бюджэту — без малога 4,35 млрд рублёў.
Хто будзе пакрываць гэты дэфіцыт? Як звычайна, гэта будуць нашыя з вамі падаткі. Пра «нашы з вамі» — маецца на ўвазе менавіта «сярэдняя частка» насельніцтва, звычайныя працоўныя Беларусі. Бо тыя самыя дэпутаты ў тыя самыя дні прынялі папраўкі ў Падатковы кодэкс.
Галоўнай асаблівасцю гэтых паправак быў павялічаны падатак на «звышдаходы». Яшчэ 12 лістапада міністр фінансаў Юрый Селіверстаў на пасяджэнні пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах ніжняй палаты адзначаў, што прапануецца павысіць стаўкі асобных падаткаў па прынцыпе «хто больш зарабляе, той больш плаціць». Планавалася стаўка 25% для даходаў у памеры звыш 350 тысяч рублёў, але не больш за 600 тысяч рублёў; і 40% — для даходаў у памеры звыш 600 тысяч рублёў.
Аднак у выніку дэпутаты пашкадавалі алігархаў, і для даходаў у памеры звыш 600 тысяч рублёў усталявалі падатковую стаўку ў 30%.
А разам з гэтым яны «праіндэксавалі» (чытай — павысілі): зямельны падатак, падатак на нерухомасць, экалагічны падатак, транспартны падатак, падатак на здачу кватэр… Карацей, усе тыя выплаты, якія павінен плаціць «шараговы» грамадзянін Беларусі, які ніяк не «алігарх».
І чымсьці гэта пачынае нагадваць «Расію на мінімалках», дзе самыя багатыя не толькі вызваляюцца ад падаткаў, але яшчэ і дзяржаўныя субсідыі атрымліваюць «за шкоду ад заходніх санкцый». А шараговыя грамадзяне РФ вымушаныя радавацца заробкам у тыя самыя «сакральныя» 500 долараў, несці на сабе ўвесь цяжар інфляцыі, альбо ехаць за прыстойнымі грашыма — на вайну ва Украіну.
Верагодна, хтосьці там, у беларускім парламенце, ведае крыху больш, чым мы, і ўжо рыхтуе глебу для масавага «дзерыбана» дзяржаўнай (пакуль) маёмасці, ператварэння сябе, любімага, ў алігарха, і «падсцілае саломку» ў выглядзе зніжэння ставак «падатку на звышдаходы». Зменшага, выснова напрошваецца менавіта такая.
Усё гэта адбываецца на фоне візітаў Лукашэнкі ў Алжыр і Аман. Падчас візіту ў Алжыр ён назваў гэтую краіну «глабальнымі варотамі ў Афрыку» і шкадаваў пра тое, што ў мінулым годзе «мы зрабілі 50 мільёнаў тавараабароту. Смешная лічба».
Гэта сапраўды смешна, калі мы вымушаныя ездзіць і зарабляць капейчыну ў Афрыцы, бо проста пасварыліся са сваімі багатымі суседзямі. А суседзі, абраўшы шлях, адрозны ад нашага (за што нашыя з іх пастаянна кпілі), выраслі да недасяжных нам вышыняў.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што на саміт G20, які адбудзецца ў наступным годзе ў Маямі, штат Фларыда, будзе запрошаная Польшча.
«Мы будзем рады вітаць за сталом перамоў найбуйнейшыя эканомікі свету, а таксама растучых партнёраў і саюзнікаў. У прыватнасці, Польшча, краіна, якая калісьці знаходзілася за жалезнай заслонай, а цяпер уваходзіць у дваццатку найбуйнейшых эканомік свету, далучыцца да нас, каб заняць сваё законнае месца ў "Вялікай дваццатцы". Поспех Польшчы даказвае, што арыентацыя на будучыню — лепшы шлях, чым засяроджванне на праблемах. Ён паказвае, як партнёрства са Злучанымі Штатамі і амерыканскімі кампаніямі можа садзейнічаць узаемнаму росквіту і росту», — гаворыцца ў заяве Рубіё.
Польшча! Польшча, якая пасля развалу СССР мела стартавыя пазіцыі, горшыя за Беларусь. Польшча, якую пастаянна ганіць Лукашэнка, а беларускія прапагандысты пішуць, як цяжка шараговым палякам, і як яны купляюць соль, запалкі, грэчку і саляру ў Беларусі. Польшча — уваходзіць у пул найбуйнейшых эканомік свету, і гэта не жарт.
А Беларусь працягвае ганарыцца сяброўствам з Расіяй і ЗВР, якія растуць, забываючы, што яны не раслі б без непаслядоўнай палітыкі Амерыкі.
Калі ў Амерыцы з’явіцца паслядоўная палітыка — Польшча застанецца ў G20.
А дзе будзе Беларусь?