Галоўныя вынікі спартовага 2024 года ў сьвеце

За галоўнымі падзеямі сачылі ня ўсе, але чуў амаль кожны на Зямлі. Акрамя Алімпіяды ў Парыжы і Чэмпіянату Эўропы па футболе, склалі сьпіс з самага істотнага, што здарылася ў сьвеце спорту за гэты 2024 год. 

Позірк Раналду «ў нікуды» падчас драматычнага моманту для зборнай Партугаліі на Эўра-2024

Позірк Раналду «ў нікуды» падчас драматычнага моманту для зборнай Партугаліі на Эўра-2024

Чэмпіянат Эўропы па футболе

Рэкордная колькасьць удзельнікаў Чэмпіянату Эўропы – 24 крыху зьніжала градус элітарнага турніру, што адбываецца кожныя чатыры гады. У 1960-м усё пачыналася з 4 камандаў, у 1996-м быў аптымальны (на наш погляд) склад з 16 зборных, і вось зараз – кожная другая краіна роднага кантынэнту пазмагалася за тытул чэмпіёна Эўропы.

Самая яскравая каманда выйграла турнір, самая таямнічая дала ёй сур’ёзны бой, і ўсяго за некалькі хвілінаў да канца вынік быў замацаваны апошнім голам Чэмпіянату. Інтрыга жыла да канца ці мы ўсё ведалі ад самага пачатку?

Гішпанія на сёньня – самая моцная каманда Эўропы, а ангельцы другі раз запар згубілі свае шанцы ў фінале. Турнір праходзіў з вялізнай колькасьцю скандалаў і небясьпечных становішчаў.

Пасьля сутыкненьня Мбапэ правёў апошнія гульні ў масцы

Пасьля сутыкненьня Мбапэ правёў апошнія гульні ў масцы

Напрыклад, адзін з інцыдэнтаў адбыўся каля фан-зоны заўзятараў зборнай Нідэрландаў. У пачатковай заяве паліцыі пазначалася, што мужчына пагражаў супрацоўнікам паліцыі сякерай і «запальным прыстасаваньнем», па-просту кажучы кактэйлем молатава.

Пазьней прадстаўнік паліцыі Гамбурга паведаміў, што падазраваны быў узброены сякерай і спрабаваў запаліць бэнзінавую бомбу, але паліцыянты ў адказ выкарысталі пярцовы балончык і стралялі ў яго. Відэаматэрыял, апублікаваны ў сеціве, паказвае чалавека, які трымае сякеру на вачах у паліцэйскіх, перш чым можна пачуць серыю меркаваных гукаў стрэлаў.

На трыбунах таксама лютавалі, асабліва прыхільнікі балканскіх краінаў і Албаніі. Агулам турнір прайшоў досыць млява, і, як на дзіва, не выклікаў звыклага захапленьня спаборніцтвам такога кшталту.

Зборная Гішпаніі перамагла на турніры

Зборная Гішпаніі перамагла на турніры

Алімпійскія гульні ў Парыжы

Як вядома, дэлегацыі Беларусі і краіны, якая распачала поўнамаштабную вайну ў 2022 годзе на Алімпіядзе ня было. Замест гэтага ўдзельнічалі паасобныя спартоўцы ў некаторых відах спорту у нэйтральным статусе.

Сярод гэтых нэйтральных атлетаў тры чалавекі здолелі атрымаць мэдалі. Падпісант за Лукашэнку Іван Літвіновіч атрымаў золата ў скоках на батуце, Віялета Бардзілоўская – срэбра ў той жа дысцыпліне, а таксама вясьляр Яўген Залаты даплыў другім у сваім заплыве.

Напярэдадні стала вядома, што вынікі Алімпіяды 1900 года будуць зьмененыя. Падзеі 124 гадовай даўніны былі перагледжаныя. Міжнародны алімпійскі камітэт зазірнуў у вынікі Алімпійскіх гульняў 1900 года, якія праходзілі ў Парыжы. Згодна з рашэньнем выканкама МАК, Францыя атрымала срэбраны мэдаль у мужчынскай роварнай гонцы на 25 км.

Тады мэдаль заваяваў грамадзянін Вялікай Брытаніі Лойд Гільдэбранд. Але нядаўняе дасьледаваньне паказала, што нягледзячы на ​​грамадзянства, спартовец вырас у Францыі, а таксама выступаў за французскі клюб да і пасьля Гульняў-1900.

На падставе гэтай інфармацыі МАК вырашыў выправіць пратакол, каб прысудзіць узнагароду Францыі замест Вялікай Брытаніі. Раней для пачатку вайны паміж гэтымі сёстрамі хапала і меншага.

Адкрыцьцё Алімпіяды

Адкрыцьцё Алімпіяды

Адкрыцьцё гульняў суправаджалася скандальным элементам, калі мільёны хрысьціянаў у сьвеце абурыліся зьнявагай у дачыненьні да сваёй рэлігіі. Арганізатары пасьпяшаліся апрануць белае паліто.

Можна па рознаму ставіцца да скандальнага элементу ў адкрыцьці Гульняў, але ўсё ж жадалася даведацца, ці так жа лёгка арганізатары маглі б пакпіць і пазьдзеквацца з ісламу і іх прарока? І што можна было б чакаць, калі б гульні адбываліся недзе ў Саўдаўскай Арабіі і на адкрыцьці “крэатыўныя сучасныя мастакі” паказалі пародыю на мусульманскага Мухамэда? Пытаньне рытарычнае вядома.

Былі і нестандартныя сітуацыі.

Ампутацыя пальца дзеля Алімпіяды

Гулец зборнай Аўстраліі па хакеі на траве Мэцью Доўсан ампутаваў фалангу пальца, каб выступіць на Гульнях-2024 у Парыжы. Незадоўга да старту Алімпіяды Доўсан зламаў палец правай рукі. Спартовец палічыў за лепшае ампутаваць пашкоджаную фалянгу, а не накладваць на яе гіпс.

«Я прыняў усьвядомленае рашэньне, і параіўся з плястычным хірургам. Рашэньне было прынятае не толькі дзеля ўдзелу ў Алімпіядзе, але і дзеля далейшага жыцьця. Лепшым варыянтам для мяне было адрэзаць верхнюю частку пальца», – сказаў Доўсан.

На Алімпіядзе-2020 у Токіа зборная Аўстраліі з Доўсанам у складзе заваявала срэбра. Пасьля такога ўчынку варта чакаць перамогі.

У агульным мэдальным заліку перамагла зборная ЗША, якая атрымала больш за ўсіх залатых мэдалёў. Да самага канца яна змагалася з кітайскімі таварышамі за першае каманднае месца.

Адзін з самых захапляльных успамінаў пакінула 55-гадовая вершніца Ізабэль Вэрт, якая заваявала сваё восьмае алімпійскае золата. Толькі 5 атлетаў у гісторыі маюць больш перамог на Алімпійскіх гульнях. У жаночых камандных спаборніцтвах па конным спорце залатыя мэдалі заваявалі нямецкія атлеткі.

Адной з пераможцаў у гэтай дысцыпліне стала Ізабэль Вэрт. Да гэтага яна 6 разоў перамагала на Алімпійскіх гульнях у складзе каманды (1992, 1996, 2000, 2008, 2020, 2024) і 1 раз – у асабістых спаборніцтвах (1992).

Асабістыя дасягненьні

Леброн Джэймс

Леброн Джэймс

2 сакавіка 2024 года баскетбаліст Леброн Джэймс стаў першым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 40 000 пунктаў у рэгулярных сэхонах, калі яго Лэйкерс прайгралі ў Лос-Анджэлесе Дэнвэр Нагетс з лікам 124-114.

А з пачаткам новага сэзону Леброн зрабіў сапраўднай ледзьве не галоўную мару жыцьця: ён выступіў у адной з сустрэчаў са сваім сынам у якасьці аднаклюбніка па Лэйкерс. Бацька і сын гралі на пляцоўцы за адзін з лепшых клюбаў усяго сьвету! Зрэшты, Леброн і ў сваім узросьце лепш як за сына, так і амаль усіх астатніх у сьвеце.

У кастрычніку лепшым футбалістам сьвету быў прызнаны апорны паўабаронца Манчэсьцер Сіці – Родры. Гэтую ўзнагароду ён атрымліваў на мыліцах, бо цягам усяго наступнага года ён будзе па-за гульнёй пасьля сур'ёзнай траўмы.

Дасягненьне гішпанца насамрэч гістарычнае. Апроч таго, што ён першы прадстаўнік сваёй краіны з «Залатым мячом» за больш чым 60 гадоў, вартая павагі сама магчымасьць гульцу, зь яго не самай папулярнай пазыцыяй, выйграць узнагароду. Родры не забівае па 40 мячоў за сэзон і не эфектна раздае галявыя пасы, аднак яго бачаньне і разуменьне гульні – фэерэчнае. Аўтару артыкула шкада ў дадзеным выпадку толькі з аднае прычыны – што Родры выступае за «блакітны» клюб з Манчэсьцера.

Напрыканцы года правёў сваю апошнюю сустрэчу вялікі Рафаэль Надаль. Апошнія гады ён пакутаваў ад бясконцых траўмаў, і вось момант разьвітаньне са спортам надыйшоў. Мы за два дзясяткі гадоў сталі сьведкамі супрацьстаяньня трох наймацнейшых тэнесістаў у гісторыі: Роджэра Федэрэра, Рафы Надаля і Новака Джокавіча. У наступным годзе «пыліць» будзе толькі апошні.

Рафаэль Надаль

Рафаэль Надаль

Хакей

Напрыканцы чэрвеня адбыўся фінал Кубка Стэнлі. «Фларыда Пантэрз» выйгралі свой першы тытул у гісторыі каманды. Яны перамаглі «Эдмантан Ойлерз» зь лікам 2-1 у вырашальнай сёмай гульні серыі. MVP плэй-оф быў прызнаны лепшы хакеіст сьвету Конар Макдэвід з Эдмантану. У свае 28 ён па-ранейшаму без галоўнай узнагароды для хакеістаў – запаветнага Кубка Стэнлі.

Гонкі

Сэзон-2024 у гонках Формулы-1 стаў самым захапляльным за доўгія гады. За перамогу ў асабістым заліку прэтэндаваў не адзін гоншчык, як мы звыклі за апошняе дзесяцігодзьдзе ў асобе Льюіса Хэмілтана ці Макса Фэрстапэна. І нават не два, як часам шанцавала заўзятарам.

Гэты год прынес прынамсі 5 пілотаў з розных камандаў, якія ў пэўны момант рэальна ўдзельнічалі ў спаборніцтве за званьне чэмпіёна сьвету. Апроч Фэрстапэна, гэта былі пілоты «Макларэн» Ланда Норыс і Оскар Піястры, а таксама гоншчыкі «Ферары» Шарль Леклер і Карлас Сайнс.

Макс Фэрстапэн

Макс Фэрстапэн

Першая частка чэмпіянату прайшла з дамінантым выступам Фэрстапэна, які на другую палову мог хутчэй даганяць, чым перамагаць супернікаў. Зрэшты, увыніку гэтага хапіла для чацьвертага запар чэмпіёнства пілота «Рэд Бул». На 2025 год прагназуем новага чэмпіёна сьвету. Згодныя?