Новыя палітвязні і «экстрэмізм». Хронікі рэпрэсій 23 снежня
Праваабаронцы заяўляюць пра грубыя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да памілаваных палітвязняў: замест сапраўднай волі людзей гвалтоўна вывозяць за мяжу, пазбаўляюць дакументаў і права вярнуцца дадому. Паралельна ў Беларусі працягваюцца крыміналізацыя салідарнасці, папаўненне спісаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і палітычныя справы супраць цяжкахворых.

Праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды прымусовай высылкі з Беларусі памілаваных палітвязняў
Праваабаронцы выказваюць сур’ёзную занепакоенасць тым, як менавіта рэалізуюцца вызваленні памілаваных палітвязняў: людзей гвалтоўна вывозілі да межаў суседніх дзяржаў — у некаторых выпадках з мяшкамі на галовах, у кайданках.
Вызваленыя асобы, гвалтоўна вывезеныя за межы Рэспублікі Беларусь, фактычна апынуліся ў сітуацыі прымусовага выгнання і былі пазбаўленыя магчымасці вярнуцца на радзіму. Некаторыя з іх пазбаўленыя пашпартоў. Такія дзеянні беларускіх уладаў, адзначаюць праваабаронцы, прама парушаюць як нацыянальнае заканадаўства, так і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, а таксама робяць яшчэ больш уразлівым становішча людзей, якія ўжо панеслі несправядлівае пакаранне.
Паводле паведамленняў беларускіх уладаў, гэтыя людзі былі памілаваныя і вызваленыя ад пакарання. Паколькі не ідзе гаворка пра замену пакарання на больш мяккае, гэта азначае, што ўсе яны мусяць быць цалкам вольнымі. Прымусовая высылка, якая фактычна ажыццяўляецца пад канвоем адразу з месцаў несвабоды, у першую чаргу парушае іх права на асабістую свабоду, а таксама свабоду перамяшчэння. Грамадзяне і асобы, прыраўнаваныя да іх, маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама пакідаць і вяртацца ў яе.
У дачыненні да прымусовага вывазу вызваленых людзей ва Украіну праваабаронцы асобна звяртаюць увагу на наўмыснае стварэнне дадатковай небяспекі для жыцця і здароўя. У такім выпадку можна казаць як мінімум пра парушэнне права на жыццё, бо абавязак паважаць і забяспечваць гэтае права распаўсюджваецца не толькі на прамыя дзеянні, але і на разумна прадказальныя пагрозы, а таксама на сітуацыі, што пагражаюць жыццю і могуць прывесці да гібелі людзей.
Падобная прымусовая высылка вызваленых палітвязняў пазбаўляе іх цалкам або часткова цэлага шэрагу базавых правоў, без якіх немагчымае нармальнае жыццё. У прыватнасці, парушаюцца правы, звязаныя з сямейнымі адносінамі, маёмасныя, жыллёвыя і працоўныя правы, права на ахову здароўя, права на сацыяльнае забеспячэнне ды іншыя фундаментальныя правы.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» Telegram-стыкер «Чык чырык»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Белынічскага раёну 19 снежня.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі TikTok-старонкі «Егор Беларус» і «Disident», старонку ў Facebook «Embaixada Popular de Belarus no Brasil», Telegram-каналы «Беларускі ПЭН», «NSDAP», «Война с Ордой. Сергей Ауслендер».
Суд Ленінскага раёну Брэста прызнаў «экстрэмісцкай» старонку са спісам беларускіх палітвязняў — prisoners.spring96.org, на якой размешчаны актуальны спіс палітвязняў, а таксама спіс былых палітычных зняволеных. Пры гэтым, у спісе Міністэрства інфармацыі гэтае рашэнне было ўнесенае з памылкай — «prisoner» замест «prisoners».
У Беларусі +10 новых палітвязняў
Гэта Андрэй Прыходзька, Андрэй Асіпенка, Мікалай Буневіч, Віталь Кануркін, Руслан Баранчук, Мікалай Галалюк, Уладзімір Мелікаеў, Дзмітрый Бабіцкі, Ягор Краўчэня, Андрэй Юшкевіч.
Хворая на анкалогію жанчына з Мазыра баіцца працягваць лячэнне, чакаючы суда па палітычнай справе
«Гомельская Вясна» працягвае сачыць за сітуацыяй з жыхаркай Мазыра Ірынай Левінай:
Сёлета ў чэрвені Ірыну жорстка затрымалі на выхадзе з анкалагічнага дыспансера ў Мазыры. Пасля гэтага жанчыну змясцілі ў следчы ізалятар № 3 у Гомелі. Пазней стан яе здароўя ў ізалятары значна пагоршыўся, і ёй дазволілі знаходзіцца спачатку ў лякарні, а затым дома.
Аднак праз рэзкае пагаршэнне стану здароўя ў Ірыны ўзніклі сур’ёзныя цяжкасці з працягам лячэння. У прыватнасці, стала немагчымай раней запланаваная аперацыя. Паводле звестак, у СІЗА жанчыне, імаверна, занеслі інфекцыю, што справакавала новыя ўскладненні і запатрабавала дадатковага лекавання.
Цяпер Левіна рыхтуецца да складанай аперацыі па перасадцы касцявога мозгу. Аднак перад гэтым неабходна прайсці шэраг дыягнастычных працэдур, каб вызначыць магчымасць правядзення такой аперацыі.
Як паведамляюць медыкі, Ірына цяпер чакае суда ў сваёй крымінальнай справе. Дакладна вядома, што справа мае палітычную матываванасць.