Масавыя допыты на мяжы і прысуд вакалісту. Хронікі рэпрэсій 19 снежня
Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: лаўрэата вакальных конкурсаў асудзілі на два гады калоніі за ўдзел у пратэстах 2020 года, а на межах з краінамі Еўразвязу ўзмацніліся масавыя допыты беларусаў, якія вяртаюцца дадому.

Лаўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка хору адправілі ў калонію за ўдзел у пратэстах
Напачатку года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Даніэля-Ландсея Кейты. Яму інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь. Працэс узначальвала суддзя Таццяна Пірожнікава.
Як стала вядома праваабаронцам, хлопцу прызначылі два гады пазбаўлення волі. Ён адбывае пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі № 17.
Пра затрыманне стала вядома ў мінулым чэрвені — тады з’явілася «пакаяльнае відэа», на якім Даніэль-Ландсей Кейта «прызнаваўся», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады, а таксама негатыўна выказваўся пра расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
Вядома, што хлопец — лаўрэат I ступені Рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна і лаўрэат III ступені Міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна.
Узмацніліся праверкі беларусаў на межах Беларусі з краінамі Еўразвязу
На мяжы Беларусі з Польшчай ужо трэці дзень працягваюцца масавыя допыты беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну аўтобусамі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Як пішуць людзі ў памежных чатах, дапытваюць амаль усіх: студэнтаў (у тым ліку непаўналетніх), людзей з замежнымі дазволамі на жыхарства, а таксама тых, хто доўгі час не бываў у Беларусі.
Праваабаронцы «Вясны» таксама маюць інфармацыю пра ўзмоцненыя допыты на іншых напрамках: «на размову» адпраўляюць нават тых, хто адсутнічаў у краіне ўсяго некалькі тыдняў. У адным з выпадкаў на допыты накіравалі амаль палову пасажыраў аўтобуса.