«Філасофія, куды ты мяне прывяла?» Улад Prastora Рубанаў выпусціў новы сінгл

 Журналіст Улад Рубанаў — новы голас беларускай андэграўнднай сцэны. Музычную кар’еру ён пачаў толькі сёлета — і ўжо паспеў выпусціць міні-альбом «Так таму і быць», лонгплэй «Зямлянін у халодным космасе», а таксама два сінглы — «Голы» і «Сакрэты з-пад коўдры». Новая кампазіцыя «Філасофія» — чарговы экзістэнцыйны транс і яркая рэфлексія беларускага эмігранта пасля сустрэчы з уласнай цямрэчай.

1__3__10.png

На сваім шляху артыст, як і многія іншыя творцы, сутыкнуўся з сіндромам самазванца: «Казалі, не атрымаецца нічога, але я вырашыў паспрабаваць». Малады музыка змог пераадолець яго «праз спіраль пытанняў і пошуку» — вынікам стала новая музычная перліна ў яго выкананні, якую ацэніць удумлівы слухач.

Як і раней, словы і музыку Улад напісаў сам — у хатняй студыі ў Варшаве. У артыста няма музычнай адукацыі, і гэта робіць яго творчасць адметнай, па-за звыклымі рамкамі. Вызначыць яе жанр па-ранейшаму складана, але найбольш дакладнай выглядае фармулёўка «абстрактная электроніка». Нягледзячы на тое, што тэмы, якія ўздымае Prastora, могуць быць для многіх нязручнымі, музыка ўпэўнена крочыць наперад, каб сустрэцца са страхам смерці і заўважыць за ім нешта большае — любоў да жыцця, давер да шляху і свой гарызонт.

Паслухаць «Філасофію» можна на ўсіх музычных пляцоўках.

Улад Рубанаў — журналіст, дызайнер, калажыст, рэжысёр і музыка. Працаваў з выданнямі «Новы Час», KYKY, «Еўрарадыё». У 2021-м быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пачатак поўнамаштабнага ўварвання сустрэў у Кіеве, пасля пераехаў у Варшаву, дзе цяпер жыве з жонкай і коткай, пра якіх часта і з любоўю спявае ў сваіх трэках.