Расія на гістарычнай спіралі: імперыя, вайна і непазбежны заняпад

 Паліўны крызіс у Расіі зноў актуалізаваў пытанне аб унутраных супярэчнасцях расійскай імперыі. Ад Масковіі да Пуціна гісторыя развіваецца па паўторным сцэнары: пашырэнне, вайна, смута. Ці стаіць Расія перад новым абвалам, і што пра гэта кажа гісторыя, аналізуе Мікалай Дзядок.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Напэўна, усім ужо надакучылі абяцанні ў стылі «Расія вось-вось разваліцца». І тым не менш, у святле апошніх навін ёсць сэнс звярнуцца да гісторыі.

А навіны такія:

Цэны на паліва ў РФ растуць удвая хутчэй за цэны на ўсё астатняе.

Адбываюцца рэгулярныя затрымкі з пастаўкамі, павялічваюцца тэрміны адгрузкі.

РФ увяла забарону на экспарт бензіну.

У шэрагу рэгіёнаў РФ продаж паліва ў адны рукі абмежаваны 20–30 літрамі, некаторыя сеткі заправак спыняюць продаж.

Расія — імперыя. Імперыі адрозніваюцца ад іншых краін тым, што могуць развівацца толькі экстэнсіўна: за кошт паглынання суседніх краін, іх народаў і рэсурсаў, замест таго, каб развівацца інтэнсіўна — «унутр», паляпшаючы ўласны рэсурс і якасць яго эксплуатацыі. Менавіта таму Расія дае 1,77 адсотка сусветнага ВУП, тады як меншыя ў 412 разоў па плошчы Нідэрланды — 1,05 адсотка.

Кожная імперыя асуджаная абрынуцца з-за закладзеных у ёй супярэчнасцяў эканамічнага і нацыянальнага характару. У гэтым абрынанні адну з ключавых роляў адыгрываюць войны, якія гэтая імперыя, зноў жа непазбежна, вядзе.

Глядзіце таксама

У выпадку з Расіяй геаграфічнае становішча абумовіла пэўную цыклічнасць гістарычнага развіцця. Тое, што гісторыя развіваецца па спіралі (на кожным вітку — тое самае з некаторымі зменамі) — не я прыдумаў. Але ў выпадку з Расіяй гэта выглядае асабліва відавочным. Прасочым па парадку:

Пасля значнага пашырэння Масковіі за кошт суседзяў і ўмацавання ўладнай вертыкалі да канца XVI ст. яна ўвязваецца ў серыю войнаў з усімі заходнімі суседзямі і атрымлівае Смутны час. 15 гадоў інтэрвенцыі, палітычнага хаосу і паслаблення на міжнароднай арэне. У 1611-м годзе, дарэчы, нашыя землякі разам з палякамі спальваюць Маскву.

Пасля ўвацарэння дынастыі Раманавых — 300 гадоў пашырэння межаў і ўмацавання самадзяржаўя. Пасля чаго Расія ўвязваецца ў серыю няўдалых войнаў (Руска-японская 1904–1905 і Першая сусветная 1914) і атрымлівае дзве рэвалюцыі за год, татальны заняпад і грамадзянскую вайну, а пасля яе фармальнага заканчэння яшчэ ~10 гадоў лакальных паўстанняў і бунтаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе.

У снежні 1922 абвешчана аб стварэнні Савецкага саюза. Наперадзе ~ 80 гадоў умацавання, перамога ў вайне з Германіяй, у выніку — каласальнае пашырэнне межаў і зон уплыву.  Дзеля далейшага пашырэння СССР увязваецца ў гонку ўзбраенняў з ЗША і добры дзясятак проксі-канфліктаў (найбуйнейшыя — у Анголе, В'етнаме, Алжыры).  Потым, з 1979 па 1988, вязне ў Афганістане. Да таго моманту, калі гэта было прызнана памылкай і пачаўся вывад войскаў, Савецкі саюз ужо быў вырачаны.

1991 год, СССР спыняе існаванне. Пачынаюцца славутыя «ліхія дзевяностыя», з чарадой эканамічных і палітычных крызісаў. Расія па інерцыі яшчэ спрабуе гуляць у сусветную дзяржаву, але ўжо не ў тых маштабах — няма ні палітычнай волі, ні эканамічных магчымасцяў. Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асеція, Першая чачэнская (прайграная ўшчэнт), кідок на Прышціну — хутчэй канвульсіі, чым дэманстрацыя моцы, нездарма ватнікі дагэтуль стогнуць аб тым перыядзе як аб часе «прыніжэння Расіі». Ранейшыя зоны ўплыву: Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, Польшча, Грузія спешна адвальваюцца.

І вось на парозе 2000 года, акумуляваўшы дастатковы рэсурс і ачуняўшы ад наступстваў перабудовы, вяртаецца да ўлады КДБ. Дваццаць гадоў пэўных ваенна-палітычных дасягненняў (выйгралі Другую чачэнскую, грузінскую вайну 2008 года, надзейна прышпілілі Беларусь), пакуль імперыя не палічыла сябе дастаткова моцнай для таго, каб паспрабаваць вярнуць Украіну, тым самым адкрыўшы шлях у ранейшыя ўладанні ва Усходняй Еўропе.

Але, як кажа беларуская прыказка «не будзь ласы на чужыя каўбасы». Усё пайшло не так, як хацелася — глядзі пачатак допісу.

Глядзіце таксама

З кожным днём Расія ўсё больш увязвае ў вайне, з якой ужо няма прымальнага выйсця. Разам з ростам цэн на паліва расце ўнутранае незадаволенасць, у т.л. сярод ядзернага электарату Пуціна, і чысткі што ажыццяўляе ФСБ не вырашаюць праблему, а толькі адцягваюць непазбежнае.

Увогуле, цыклічнасць расійскай гісторыі бачная няўзброеным вокам: умацаванне і рост імперыі — непасільная вайна — смута і хаос — «устаём з каленяў» — усё па новай.

Можна таксама заўважыць, што адлегласць паміж віткамі спіралі ад перыяду да перыяду скарачаецца. Гісторыя паскараецца.

Усе цыклы маюць яшчэ і іншую агульную рысу: у эпоху ўмацавання і росту правальваліся любыя спробы рэформ, альбо ж рэформы гэтыя былі настолькі палавіністымі (Маніфест 17 кастрычніка, рэформа Сталыпіна, хрушчоўская адліга), што не прыносілі жаданага выніку, толькі заганяючы праблему ўглыб.

Кажуць, гістарычныя паралелі не працуюць. А я лічу, працуюць, калі прымяняць іх прыдатна. Ёсць усе падставы меркаваць, што, як і ўсе іншыя імперыі, пасля чарговага распаду Масковія ўжо ніколі не забярэ назад усё патрачанае, а пяройдзе на якасна новы (інтэнсіўны) тып развіцця, стаўшы часткай цывілізаванага свету. Хочацца верыць. Але на гэта пойдзе яшчэ вельмі шмат украінскіх ракет.