Масква — усё? Лукашэнка зноў спрабуе адскочыць ад Пуціна

Вайна ва Украіне можа ісці да свайго завяршэння, а можа і не ісці. Але ў любым выпадку Пуціну давядзецца не вельмі добра. У выпадку міру да яго дадому вернуцца сотні тысяч пакрыўджаных і раз'юшаных мужчын, якія ўмеюць трымаць у руках зброю. А ў выпадку працягу вайны Пуцін аграбе новыя разбуральныя санкцыі. Таму ад расійскага кіраўніка варта трымацца далей. Гэта, падобна, цяпер разумее, — дый, насамрэч, заўсёды разумеў, — Аляксандр Лукашэнка.

zheszt.png

Але ён увесь час здабываў выгаду са «славянскага братэрства», пры гэтым выкарыстоўваючы «братэрства» толькі ў тых выпадках, калі яму было выгадна. А калі невыгадна, то Расія ператваралася ў пужалку і небяспечнага суседа (якім яна ёсць насамрэч, але Лукашэнка пра гэта таксама згадваў, калі яму трэба). Напрыклад, прэзідэнцкую кампанію 2020 года ён рабіў на «пагрозе з Усходу» (як там тыя «вагнераўцы ў беларускім лесе», не памерлі за пяць гадоў?). А потым, калі ён разгромна прайграў выбары, ён ўзгадаў пра «братэрства» і цалкам лёг пад Пуціна наўзамен на падтрымку ўзурпацыі ўлады.

Падавалася б, пасля гэтага і пасля нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі ў 2022-м яны з Пуціным павязаныя моцна і непарыўна, і нават не адной нітачкай — сталёвымі лінамі. Тыцм не менш, Лукашэнка раз-пораз спрабуе «саскочыць» ад Расіі. Як гэта робіцца цяпер.

Дзеля сустрэчы са спецпрадстаўніком ЗША Кітам Келагам былі вызваленыя 14 палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі — пасля больш чым пяці гадоў за кратамі. Аднак гэта быў не канец: паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, падчас сустрэчы з Келагам Лукашэнка папрасіўся даць інтэрв'ю часопісу Time. Інтэрв'ю было апублікаванае 8 жніўня.

А 15 жніўня амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра «выдатную гутарку з вельмі паважаным» Аляксандрам Лукашэнкам. Са слоў Трампа, мэтай званка была падзяка Лукашэнку за вызваленне палітвязняў. «Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1300 зняволеных. Наша размова была вельмі добрай», — напісаў амерыканскі прэзідэнт у сацсетцы Truth Social.

Беларускае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА ажно заявіла, што Лукашэнка запрасіў Трампа і ягоную сям'ю наведаць Беларусь, і што Трамп нават пагадзіўся.

Але Дональд Трамп — гэта Дональд Трамп. Каб яго задаволіць, трэба быць да яго вельмі ліслівым і нешта яму паабяцаць. Без гэтага Трамп задаволены не бывае. А што можа паабяцаць Лукашэнка, акрамя вызвалення палітвязняў? У яго больш нічога, цікавага для Трампа, і няма.

Можна было б лічыць такую «нармалізацыю адносін» з ЗША нейкай чарговай «флуктуацыяй», але ў той жа час улады Беларусі пачалі чарговы наступ на «рускі мір». Нядаўна дзяржаўныя прапагандысты зноў «наехалі» на знакамітую адэптку «рускага міра» Вольгу Бондараву: маўляў, яна «змагаецца дзеля змагання». Лукашэнка ва ўжо згаданым інтэрв'ю Time заявіў, што камусьці ў Расіі не падабаецца ягоная «шматвектарная палітыка». А беларускі Мінінфарм раптам уключыў ў свой пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў прарасійскую групу ў «Аднакласніках» пад назвай «Антымайдан і нас мільёны!», на тытульнай старонцы якой размешчаны сцягі так званых ЛНР і ДНР.

Адначасова прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла расійскаму выданню «Ведомости», што гатовая арганізаваць сустрэчу Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна. «Беларусь на ролю пасярэдніка не напрошвалася і не напрошваецца, але калі трэба для міру ў нашай братняй рэспубліцы — мы любую сустрэчу арганізаваць гатовыя. І правядзем усё на вышэйшым узроўні», — чарговы раз агучыла Эйсмант вільготныя мары Аляксандра Лукашэнкі.

Па-першае, Эйсмант называе «братняй рэспублікай» зусім іншую ад звыклай нам краіну. Па-другое, мінулы раз перамовы ў Мінску далі добрыя вынікі для Лукашэнкі. У прыватнасці, выбары 2015 года прайшлі пад знакам «каб не было, як ва Украіне» (а гэта, зноў жа, антырасейскі наратыў), і ў дачыненні да Беларусі была знятая частка санкцый, накладзеная за 2010 год. А потым стала магчымай «мяккая беларусізацыя» 2016-2018 гадоў і так званая «макееўская адліга» і некаторае збліжэнне з Захадам.

На фоне ўсяго гэтага Лукашэнка кажа, што яго чакаюць у Кітаі. На нарадзе па пытанні ракетнай вытворчасці 21 жніўня ён сказаў, што неабходна вызначыць шляхі развіцця ракетабудавання ў Беларусі. 

«Гэта важна яшчэ і ў сувязі з маім візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку і размовай са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам (у нас такая сустрэча плануецца). Чаму? Таму што пачыналі мы, працягвалі ракетабудаванне ў цеснай сувязі з кітайскім ваенна-прамысловым комплексам, і цяпер у нас ёсць кантакты», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Памятаем, што Лукашэнка быў у Кітаі зусім нядаўна — 2-4 чэрвеня, калі Сі Цзіньпін прыняў яго ў сваёй рэзідэнцыі «Чжуннаньхай». Тады старшыня КНР запрасіў Лукашэнку на саміт ШАС, які пройдзе 31 жніўня — 1 верасня, але пра асабістую размову з Сі Цзіньпінам гаворка тады не ішла.

Верагодна, Лукашэнка будзе шукаць у таварыша Сі гарантый бяспекі для сябе, любімага. 

І, вядома, грошай. Таму што чарговы «разварот ад Расіі» Лукашэнка робіць, канешне, не проста так. Фінансавыя паказчыкі РФ выглядаюць вельмі сумна. Па-першае, дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту РФ ужо ў жніўні ў чатыры разы перавысіў той, які разлічваўся на год: замест 1,2 трлн расійскіх рублёў ён склаў 4,9 трлн. Аптымісты кажуць, што да канца года дэфіцыт расійскага бюджэту вырасце да 7 трлн, а памяркоўныя песімісты —што да 9 трлн. А ў рэзервовым расійскім фондзе нацыянальнага дабрабыту засталося толькі 3,8 трлн рублёў.

Таму ў РФ пасля рэкордных заробкаў і дэфіцыту работнікаў цэлыя сектары прамысловасці адпраўляюць сваіх рабочых у вымушаныя адпачынкі. Таму фантазіі кіраўніка беларускага Мінфіна Юрыя Сіліверстава аб «прыцягненні дадатковых сродкаў з Расіі», хутчэй за ўсё, так і застануцца фантазіямі. І калі раней  «залаты запас» скончыўся ў «атамана Лукашэнкі», то цяпер ён заканчваецца і ў «атамана Пуціна».

А тут Пуціну пагражаюць альбо новыя санкцыі — і вельмі балючыя, калі ён падмане Трампа і не пойдзе на мір ва Украіне. Альбо — новыя выдаткі на пракорм экс-вайскоўцаў, якія вернуцца з украінскіх франтоў. А апетыты ў гэтых байцоў о-го-го якія, дзякуючы ўсякім «баявым» і іншым ваенным і стымулюючым выплатам. А калі ім не плаціць, то можна і другі «паход Вагнера на Маскву» атрымаць — толькі Прыгожына, з якім можна было дамовіцца, ужо не будзе.

Таму Лукашэнка спрабуе «адграбсці ад Пуціна» ў чарговы раз, каб яго ў гэты вір не зацягнула. Але вось ці дазволяць яму гэта зрабіць, улічваючы яго поўную залежнасць ад Масквы, — вялікае пытанне.

Пуцін злапомны. І мы ж не думаем, што ў самалёце Лукашэнкі нехта гуляе з гранатамі, як ў самалёце Прыгожына, так?