«Амерыканскіх генералаў сёй-той можа зацікавіць толькі вызваленнем закладнікаў. І лепш з гэтым не цягнуць»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, што сёй-той прапаноўваў аднаму амерыканскаму генералу, і што з гэтага атрымалася. А галоўнае — як цяпер апраўдвацца перад амерыканскім генералам за няздзейсненыя абяцанкі.

73010397_6.jpg

Калі ты раптам не заўважыла, то сёй-той у Мінску займаўся важнымі еўразійскімі справамі. Праводзіў саміт Еўразійскага саюза. А ведаеш, што самага важнага здарылася на саміце Еўразійскага саюза? 

Вось ты скажаш, што нічога, і ты не маеш рацыю. Самае важнае што там здарылася — гэта тое, чаго не здарылася. Хтосьці не сустрэўся з Пуціным. Ці, больш слушна будзе сказаць, што гэта Пуцін з ім не сустрэўся. Прычым, не сустрэўся ў такой трошкі цынічнай форме. 

Літаральна напярэдадні пуцінскі Пяскоў сказаў, што ў Пуціна на саміце не запланавана ніякіх двухбаковых сустрэч. Гэта значыць, у кагосьці двухбаковую дыпламатыю не атрымаецца нават зымітаваць.

А заўваж, сёй-той літаральна нядаўна шэсць з паловай гадзін запар тлумачыў амерыканскаму генералу, што толькі ён можа быць пасярэднікам паміж амерыканскімі генераламі і Пуціным. Што толькі ён умее пранікнуць у таямніцы загадкавай рускай душы. Таму амерыканскім генералам трэба спачатку дамовіцца з ім, а ўжо пра ўсё астатняе ён сам дамовіцца.

Ну і як ты цяпер будзеш дамаўляцца? Пагадзіся, цяжка быць пасярэднікам паміж двума бакамі, калі адзін бок наогул не хоча з табой размаўляць сам-насам. Другі бок, насамрэч, таксама не асабліва хацеў. Пагадзіўся толькі ў абмен на вызваленне 14 закладнікаў. 

Вось у кагосьці быў шанец даказаць гэтаму другому боку, што ад яго гэтаму боку можа быць нейкая карысць, акрамя дробнай шкоды. Таму што росквіт сканчаецца, гарантыі мінаюць і ўсё страшней заставацца сам-насам са сваім бліжэйшым саюзнікам. Таму патрэбныя дадатковыя гарантыі.

А бясплатных гарантый не бывае. Бясплатныя гарантыі бываюць у старэйшага саюзніка. Але потым за гэтыя гарантыі даводзіцца дорага плаціць. За гарантыі, якія Пуцін даў адзін раз у дваццатым сёй-той заплаціў ужо столькі, што ад яго ўласных суверэнных гарантый амаль нічога засталося. А працэнты ж усё роўна растуць.

Не дзіўна, што сёй-той ўчапіўся ў амерыканскага генерала усімі членамі сваёй душы, ці што там у яго засталося на гэтым месцы. А потым тэлевізар яшчэ тыдзень выяўляў са скончанага гаранта вялікага геапалітычнага пасярэдніка. 

Але пасрэдніцкую місію не атрымалася нават зымітаваць. Не кажучы ўжо пра тое, каб яе выканаць. Гэта значыць, калі сёй-той хоча сабе дадатковых гарантый, то за іх трэба будзе плаціць.

А плаціць няма чым. Вось раней сёй-той з усімі гандляваў геапалітычным статусам і ўнікальным геаграфічным размяшчэннем. А цяпер ад гэтага статусу нічога не засталося. Увесь свой унікальны статус, разам з геаграфічным становішчам, сёй-той прадаў Пуціну за міску сачавічнай поліўкі.

Так што амерыканскіх генералаў сёй-той можа зацікавіць толькі вызваленнем закладнікаў. І лепш з гэтым не цягнуць. Пакуль у амерыканскіх генералаў ёсць да яго які-ніякі інтарэс. Таму што калі ўсе зразумеюць, што сваё пасрэдніцкае значэнне сёй-той моцна перабольшваў, уся цікавасць знікне. І не факт, што атрымаецца прыцягнуць увагу зноўку.

Прыцягнуць увагу атрымліваецца ў асноўным скандальнымі паводзінамі з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.