Рустэм Умераў: Бягучая рэдакцыя "мірнага плана Трампа" адлюстроўвае большасць ключавых украінскіх прыярытэтаў
Украіна з еўрапейскімі саюзнікамі дамагліся значнай карэкцыі «мірнага плана Трампа» ў выніку перамоў у Жэневе. Але некаторыя пункты яго дагэтуль невыканальныя, звяртаюць увагу еўрапейскія лідары. Перамовы працягваюцца, як і баі ва Украіне. Ідуць 1370-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 191 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 62 штурмавыя дзеянні расіян паблізу Уладзіміраўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак паблізу Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Яблонаўкі, Аляксандра-Шульціна.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Ворана, Сасноўкі, Аляксееўкі, Вербава, Прывольнага і Краснагорскага.
На Гуляйпольскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 17 атак арміі РФ паблізу Зацішша, Высокага і ў бок Прылукаў.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 10 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Ямпаля, Серабранкі, Дронаўкі і Сака-і-Ванцэці.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Ліманскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
Па стане на 23 лістапада расійскія войскі прасунуліся ў Пакроўску Данецкай вобласці і ў раёне вёскі Дачанскае Пакроўскай гарадской абшчыны, паведамілі аналітыкі DeepState.
Згодна з картамі DeepState, да раніцы суботы плошча кантролю РФ на Пакроўскім кірунку павялічылася на 4,09 кв км, пры гэтым «шэрая зона» зменшылася на 1,32 кв км. Раней аналітыкі DeepState паведамілі, што расійскія войскі пераходзяць на цэнтральную частку Пакроўска, дзе ўладкоўваюць пазіцыі і замацоўваюцца.
У той жа час 7 корпус хуткага рэагавання Дэсантна-штурмавых войскаў УСУ паведаміў у нядзелю, 23 лістапада, што ў цэнтры горада захоўваюцца пазіцыі УСУ, працягваюцца стралковыя баі, а расіянам не ўдаецца замацавацца.
* * *
У Чарнігаве раніцай 24 лістапада прагрымеў выбух. Зафіксавана падзенне беспілотніка ў прыватным сектары. У выніку атакі двое чалавек пацярпелі.
У выніку вячэрняй атакі расійскіх дронаў 23 лістапада ў Харкаве загінулі тры чалавекі, яшчэ 15 атрымалі раненні.
* * *

* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што па выніках перамоваў з Украінай у Жэневе ў амерыканскі мірны план уносяцца змены, перадае Sky News.
Рубіа сказаў прэсе, што сустрэчы былі для яго «самымі прадуктыўнымі» і «самымі выніковымі». Каманда Вашынгтона ўносіць у мірны план «некаторыя змены», дадаўшы, што яшчэ многае трэба зрабіць.
«У нас ёсць добры рабочы прадукт, створаны на аснове ўнёску ўсіх зацікаўленых бакоў, і мы змаглі разгледзець некаторыя з гэтых пунктаў па пунктах. І я думаю, што мы дабіліся добрага прагрэсу», — заявіў дзяржсакратар.
Таксама ён падкрэсліў, што любы план патрабуе ўхвалення прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, але ён «спакойна» да гэтага ставіцца.
Таксама Рубіё паведаміў, што дэдлайн для падпісання мірнага пагаднення, устаноўлены для Украіны прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, — 27 лістапада — могуць значна пасунуць, і адзначыў, што канчатковы тэрмін, устаноўлены Трампам, на самай справе з'яўляецца «нестабільным». У ЗША хацелі б, каб гэта была менавіта ўстаноўленая Трампам дата, але больш важна «зрабіць гэта як мага хутчэй».
«Я думаю, мы ўсе ўсведамляем, што часткай канчатковага завяршэння гэтай вайны будзе тое, каб Украіна адчувала сябе ў бяспецы, і каб на яе больш ніколі не было ўварвання або нападу», — рэзюмаваў дзяржсакратар ЗША.
* * *
Па выніках першага дня перамоваў у Жэневе паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША можна сказаць, што многае змяняецца. Каманда прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачынае чуць Украіну, заявіў у звароце да суайчыннікаў і суайчынніц прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Быў даклад дэлегацыі па выніках размоў, і гэта былі грунтоўныя размовы. Многае змяняецца... Яшчэ працягнуцца перамовы ў Швейцарыі... Важна, што размова з амерыканскімі прадстаўнікамі ёсць, і ёсць сігналы, што каманда прэзідэнта Трампа чуе нас», — адзначыў ён.
Зяленскі дадаў, што Украіна не будзе перашкодай да міру, паколькі яна заўсёды стаяла за мір. Украіна разлічвае, што вынікам перамоваў у Швейцарыі будуць правільныя крокі.
«Прыярытэт — гэта надзейны мір, гарантаваная бяспека, павага да нашых людзей, павага да кожнага, хто аддаў сваё жыццё, абараняючы Украіну ад расійскай агрэсіі», — сказаў ён.
Прэзідэнт Украіны таксама анансаваў «не менш актыўны дзень» 24 лістапада, намякаючы, што перамовы працягнуцца.
* * *
Сакратар РНБА, член дэлегацыі Украіны на мірных перамовах Рустэм Умераў напісаў у сацсетках, што бягучая рэдакцыя «мірнага плана» ўжо адлюстроўвае большасць ключавых украінскіх прыярытэтаў.
«Бягучая рэдакцыя дакумента, хоць і знаходзіцца на завяршальным этапе ўзгаднення, ужо адлюстроўвае большасць ключавых украінскіх прыярытэтаў. Мы высока цэнім канструктыўнае ўзаемадзеянне са Злучанымі Штатамі і іх уважлівае стаўленне да нашых заўваг — гэта дазваляе рухацца наперад у сумесным працэсе», — канстатаваў ён.
* * *
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц адхіліў магчымасць вяртання Расіі ў G7, што прадугледжваў адзін з пунктаў «мірнага плана», падрыхтаванага адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, піша DW.
Мерц падкрэсліў, што перадумоў для вяртання Расіі ў G7 пакуль няма. Акрамя таго, паводле яго слоў, гэтага ніхто не хоча, акрамя ЗША. Вяртанне да фармату G8 можа быць узгоднена толькі на аснове кансэнсусу.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выказаў аналагічны пункт гледжання, заявіўшы, што перадумоў для паўторнага прыняцця Расіі няма.
* * *
Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацсетцы Х напісаў, што Кангрэс ЗША таксама павінен мець права перагледзець пагадненне аб міры ва Украіне.
«Прапанаванае пагадненне аб міры паміж Расіяй і Украінай дае магчымасць завяршыць вайну з гонарам і справядлівасцю. Кангрэс таксама павінен мець магчымасць перагледзець план, які ўключае любыя будучыя гарантыі бяспекі — гэтак жа, як мы маем магчымасць перагледзець любую ядзерную здзелку з Іранам», — мяркуе ён.
Паводле яго слоў, трывалы мір ва Украіне павінен гарантаваць, што Расія не зможа пачаць новае ўварванне ў будучыні, і магчымасць перагляду пагаднення Кангрэсам дазволіць дасягнуць гэтай мэты.
Яшчэ адзін рэспубліканец-сенатар Мітч Макконел лічыць, што ціск на ахвяру і супакаенне агрэсара не прынясуць мір.
«Якія цяжкія саступкі мы патрабуем ад Расіі? Як абмежаванне абароны Украіны ад будучай агрэсіі павялічыць верагоднасць трывалага міру? Кошт і стабільнасць міру маюць значэнне, і на коне стаіць наша рэпутацыя. Саюзнікі і праціўнікі назіраюць: ці будзе Амерыка цвёрда супрацьстаяць агрэсіі, ці мы будзем яе ўзнагароджваць?», — заявіў ён.