Еўрапейцы не згодныя з «мірным планам» Трампа і будуць карэктаваць яго

Сёння прадстаўнікі ЗША, ЕС і Украіны будуць карэктаваць новы «мірны план» Трампа, распрацаваны яго дарадцамі без удзелу Украіны і Еўропы. Падаецца, у выніку план павінен быць значна зменены. А ў Еўропе кажуць, што будуць падтрымліваць Украіну і надалей без усякіх планаў. Ідуць 1369-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

587212648_1197699085876501_1944486418649240447_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне адбылося 162 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 лістапада.

На Пакроўскім кірунку адбылося 40 баявых сутыкненняў паблізу Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Ніканораўкі, Котліна, Удачнае, Пакроўску, Дачнага, Філіі і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 19 баявых сутыкненняў.

На Гуляйпольскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі 18 атак акупантаў паблізу населеных пунктаў Яблакава, Зацішша, Варвараўка, Прылукі, Гуляйполе, Малінаўка, Высокае.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах населеных пунктаў Плешчыеўка, Русін Яр, Сафіеўка, Шчарбінаўка, Яблуніўка, Іванаполле, Сцяпанаўка і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны спынілі 16 атак расіян каля Сасноўкі, Вербова, Прывольнага, Бярозавага, Стэпавага і іншых.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 10 штурмаў расіян у раёнах Серабранкі, Сіверска, Свята-Пакроўскага, Пазена і Дронаўкі.

* * *

У ноч на 23 лістапада расійская армія нанесла ўдары беспілотнікамі па Дняпры, у выніку чаго ўзніклі пажары ў шматпавярховіку, пацярпелі 14 чалавек, сярод якіх – 11-гадовае дзіця.

Расіяне ўвечары 22 лістапада чарговы раз атакавалі Запарожжа. РФ нанесла ўдар па жылым квартале. Пацярпелі мінімум 5 чалавек.

* * *

584975429_1197960009183742_3775637156342136184_n.jpg

* * *

Паводле даных Bild, прадстаўнікі вядучых еўрапейскіх дзяржаў сустрэнуцца з прадстаўнікамі ЗША ў Жэневе 23 лістапада. Еўрапейцы не згодныя па меншай меры з 4 пунктамі «мірнага плана» каманды Дональда Трампа.

Як адзначаецца, еўрапейцы не згодныя з прапановамі ЗША па размеркаванні тэрыторыі. Мяркуецца, што Украіна цалкам аддасць Расіі стратэгічна важныя раёны, такія як Данбас, а таксама Крым.

Верагодна, таксама будзе абмяркоўвацца прапанова аб скарачэнні ўкраінскай арміі, якая і так значна меншая за расійскую.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц таксама хоча данесці да прадстаўнікоў Трампа, што гарантыі бяспекі, якія Расія павінна прадаставіць Украіне, могуць аказацца не вартымі паперы, на якой яны напісаны.

Што асабліва раздражняе Мерца, дык гэта планы Трампа па замарожаных расійскіх актывах (на суму каля 300 мільярдаў еўра). Трамп не толькі хоча накіраваць 100 мільярдаў еўра амерыканскіх інвестыцый у Расію, ад якіх ЗША атрымаюць 50-працэнтную долю, але і стварыць на гэтыя сродкі новы амерыкана-расійскі інвестыцыйны механізм.

Манфрэд Вебер, старшыня фракцыі ЕНП у Еўрапарламенце, таксама заклікаў да істотных зменаў у мірным плане ЗША: «Гаворка ідзе не пра Украіну, а пра бяспеку ўсіх нас».

«Усе хочуць міру, але ён павінен быць трывалым. Ёсць тры пытанні. Па-першае, Украіна павінна мець магчымасць суверэнна вырашаць, ці можа яна саступіць тэрыторыю; гэта не павінна быць навязана ёй. Па-другое, Украіна павінна быць узмоцнена ў ваенным плане, а не аслаблена. І па-трэцяе, мы павінны ператварыць ЕС у еўрапейскі NATO. Мы больш не можам безумоўна спадзявацца на ЗША», — заявіў ён.

Раней лідары еўрапейскіх дзяржаў і еўраінстытутаў, і краін, якія ўваходзяць у G7 (акрамя ЗША) выказалі нязгоду з часткай прапанаванага Злучанымі Штатамі «мірнага плана» для Украіны, але пагадзіліся ўзяць праект за аснову і выказалі гатоўнасць да яго сумеснай дапрацоўкі.

* * *

Краіны Паўночнай і Балтыйскай васьмёркі пацвердзілі непахісную падтрымку Украіны і паабяцалі працягваць ваенную дапамогу на фоне працяглай расійскай агрэсіі, паведамляе Government offices of Sweden.

У сумеснай заяве Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Ісландыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі і Швецыі адзначаецца, што Расія да гэтага часу не ўзяла на сябе ніякіх абавязацельстваў па спыненні агню або крокаў, якія маглі б наблізіць мір, тады як Украіна дэманструе сур'ёзнасць намераў у гэтым кірунку.

«З самага пачатку агрэсіўнай вайны Расіі мы стаялі на баку Украіны і будзем працягваць гэта рабіць. Гаворка ідзе не толькі пра бяспеку Украіны, але і пра бяспеку ўсёй Еўропы», — адзначаюць лідары NB8.

Краіны Паўночнай і Балтыйскай васьмёркі таксама паабяцалі працягваць пастаўкі зброі Украіне, умацаванне еўрапейскай абароны і далейшае ўзмацненне санкцый супраць РФ, пакуль яна вядзе вайну.

* * *

Былы прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан у матэрыяле для Daily Mail назваў мірны план ЗША поўнай капітуляцыяй або здрадай.

Палітык піша, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін у гэтую суботу не можа не ўсміхацца над некампетэнтнасцю праціўнікаў і над узрушаючай слабасцю Захаду.

«Вы страцілі больш за мільён салдат, забітымі і параненымі, спрабуючы пакарыць Украіну. Вам да гэтага часу не ўдалося захапіць больш за 20 працэнтаў тэрыторыі краіны. Ваша эканоміка ляціць куляўком. І ўсё ж цяпер яны кажуць пра нейкі новы план з 28 пунктаў, каб скончыць вайну — і ён можа быць цалкам напісаны Крамлём!» — адзначыў Джонсан.

Паводле яго слоў, так званы мірны план заклікае да «ваеннай кастрацыі Украіны».

«Ён патрабуе расійскага вета на членства Украіны ў NATO і расійскага кантролю над допускам любых замежных войскаў на ўкраінскую зямлю», — пералічыў экс-прэм'ер і дадаў, што гэты дакумент з'яўляецца поўнай здрадай Украіны, якая будзе знаходзіцца пад пастаяннай небяспекай трэцяга ўварвання.

«Гэта поўная капітуляцыя так званых сяброў Украіны. Гэта Мюнхен», — лічыць Джонсан.

Ён таксама сцвярджае, што пратэсты заходніх краін супраць гэтага плана выглядаюць прыглушанымі.

«Украінцам выставілі ўльтыматум пачаць перамовы на гэтых ганебных умовах. Дзе іх саюзнікі? Іх сябры? Як наконт брытанцаў, напрыклад, якія раней былі такімі непрымірымымі ворагамі расійскага экспансіянізму?» — пытаецца Джонсан.

* * *

Прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі 23 лістапада прымуць удзел у перамовах па прапанаваным ЗША «мірным плане» для Украіны, каб атрымаць агульны тэкст з улікам інтарэсаў Еўрасаюза, заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на палях пасяджэння G20 у Паўднёвай Афрыцы.

Еўрапейскі Саюз на перамовах пра мір ва Украіне ў Жэневе будуць прадстаўляць Францыя, Германія і Вялікабрытанія.

Ён выказаў перакананне, што «любая ініцыятыва, накіраваная на мір, з'яўляецца добрай». «Мы ведаем, пры якіх умовах гэты мір з'яўляецца прымальным. Неабходна, каб яны ўлічвалі элементы, якія дазваляюць дасягнуць справядлівага і доўгачасовага міру для ўкраінцаў, і якія ўлічваюць элементы бяспекі для ўсіх еўрапейцаў», — дадаў французскі прэзідэнт.

«Гэты план (які абмяркоўваецца сёння)... не быў узгоднены з еўрапейцамі. Тым не менш, ён прадугледжвае шмат рэчаў для еўрапейцаў. Замарожаныя актывы належаць еўрапейцам. Еўрапейская інтэграцыя Украіны – гэта ў руках еўрапейцаў. Рашэнне таго, што будзе рабіць NATO, — у руках членаў NATO. Таму ёсць шмат рэчаў, якія не могуць быць проста амерыканскай прапановай, і якія патрабуюць больш шырокай кансультацыі», — падкрэсліў Макрон.

Таксама ён адзначыў, што мір ва Украіне «павінен пачацца са спынення агню. І гэта таксама тое, чаго мы можам паспрабаваць дасягнуць у кароткатэрміновай перспектыве».

«З сакавіка, калі прэзідэнт Зяленскі даў сваю згоду на спыненне агню, менавіта Расія заўсёды казала "не". Але мы маем элементы (мірнага плана), якія мы ўжо прапрацавалі ўвесну-летам, і пасля сустрэчы, якая адбылася ў Анкорыджы (з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа). Такім чынам, мы адновім момант збліжэння, каб паспрабаваць атрымаць агульны тэкст», — расказаў прэзідэнт Францыі.