Новыя прысуды і мільённыя спагнанні. Хронікі рэпрэсій 18 лістапада
Беларуская судовая сістэма працягвае наступ: блогеру выставілі мільённыя спагнанні, жыхара Рэчыцы асудзілі за «абразу Лукашэнкі», а доктарка сацыялагічных навук атрымала «хатнюю хімію» за данат пяцігадовай даўніны.

З блогера Сяргея Бяспалава хочуць спагнаць яшчэ 21 мільён рублёў
Суд Мінскага раёна даслаў на адрас рэгістрацыі Сяргея Бяспалава пастанову з патрабаваннем сплаціць 21 158 168 рублёў 55 капеек паводле рашэння па грамадзянскай справе супраць блогера.
Гэта — зверху 42 тысяч рублёў штрафу, прызначанага ў парадку «спецвытворчасці», піша @bajmedia.
З дасланага дакумента вынікае, што грамадзянскі пазоў быў высунуты намеснікам генеральнага пракурора Беларусі «ў інтарэсах дзяржавы ў асобе Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь» дзеля кампенсацыі «матэрыяльнай шкоды, нанесенай злачынствам».
У Мазыры за «абразу Лукашэнкі» асудзілі жыхара Рэчыцы
Стала вядома, што ў судзе Мазырскага раёна асудзілі 49-гадовага Ігара Чарпакова. Яго прызналі вінаватым у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», яму, верагодна, прызначылі пазбаўленне волі або «хімію» з накіраваннем.
Пра Чарпакова вядома, што ён большую частку часу жыў у Рэчыцы, мае там і ў навакольных вёсках сваякоў і сяброў. Працаваў на будаўнічых аб’ектах у Расіі.
Мужчыну таксама ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».
Доктара сацыялагічных навук і супрацоўніцу Акадэміі навук асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму»
Апошняя вядомая пасада Ірыны Андрас — вядучы навуковы супрацоўнік у Інстытуце эканомікі.
Ірыне Андрас 53 гады. Родам з Пінска, у 1993 годзе скончыла школу № 12. Яе навуковая спецыялізацыя — сацыялогія прадпрымальніцтва.
У 2003 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю «Сацыякультурныя фактары фарміравання прадпрымальніцтва ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь». З 2003 па 2006 год была дацэнтам кафедры кіравання Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Выкладала ў БДУ.
З 2010 па 2011 год Андрас вяла аўтарскую рубрыку «Прадпрымальніцтва» ў дзяржаўнай газеце «Рэспубліка». Удзельнічала ў міжнародных канферэнцыях і з’яўляецца членам Еўрапейскай сацыялагічнай асацыяцыі.
Пасля — дактарант кафедры сацыялогіі філфаку БДУ. У 2021 годзе абараніла дысертацыю «Сацыяльна-эканамічная трансфармацыя прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і атрымала ступень доктара сацыялагічных навук.
Апошняе месца працы — Цэнтр чалавечага развіцця Інстытута эканомікі Акадэміі навук. Пасля 2024 года публікацыі Андрас зніклі — імаверна, яе затрымалі і звольнілі напрыканцы 2024 або напачатку 2025 года.
У 2025-м Ірыну Андрас асудзілі паводле арт. 361-2 КК («фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Мяркуючы па тым, што судзілі па старой рэдакцыі закона, гаворка ідзе пра невялікі данат у 2020 годзе, піша «Наша Ніва».
Прысуд — «хатняя хімія».