У Расіі заканчваецца свая ваенная прамысловасць? Да 70% боепрыпасаў — з Паўночнай Карэі
Расія дала Паўночнай Карэі тэхналогіі, фактычна перамясціўшы туды вытворчасць боепрыпасаў. А NATO усё ж дае зброю Украіне, нягледзячы на амерыканскі шатдаўн. М ва Украіне працягваецца бітва за Пакроўск. Ідуць 1357-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 170 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 63 атакі расіян у раёнах Шахава, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Новапаўлаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку зафіксавана 16 баявых сутыкненняў.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак у раёнах Плешчыеўкі, Александра-Шульціна, Русінага Яру і Сафіеўкі.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Укрваіны адбілі 12 штурмаў у бок Іванаўкі, Сасноўкі, Ворана, Арэстопал., Ягораўкі.
На Купянскім кірунку за суткі зафіксавана 11 атак расійцаў каля Пясчанага, Петрапаўлаўкі, Купянска і Глушкаўкі.
* * *
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што сітуацыя ў раёне Пакроўска і Мірнаграда Данецкай вобласці застаецца складанай, паколькі ўкраінскія войскі змагаюцца за ўтрыманне флангаў так званай «кішэні», а расійскія войскі працягваюць наступаць у гэтым раёне.
У справаздачы пішуць, што, паводле паведамленняў, украінскія войскі нядаўна вызвалілі Радзінскае (на поўнач ад Пакроўска), спрабуючы ўтрымаць паўночны фланг «кішэні».
Аналітыкі дадаюць, што ўкраінскія войскі адначасова праводзяць контрнаступленне ў Пакроўску і на яго заходніх ускрайках, каб прадухіліць прасоўванне расійскіх войскаў на паўднёвым флангу.
«Прасоўванне расійскіх войскаў на поўначы і захадзе Пакроўска ў апошнія дні замарудзілася, верагодна, з-за пастаянных контрнаступальных дзеянняў украінскіх войскаў», — піша ISW.
Расійцы працягваюць прасоўванне на ўсходзе і поўдні Пакроўска. Гэта, на думку спецыялістаў ISW, можа сведчыць, што расійскія войскі могуць паспрабаваць стварыць «падкішэню», каб падтрымаць расійскія намаганні па акружэнні ўкраінскіх войскаў у горадзе і, урэшце, прымусіць украінскія войскі адступіць з больш шырокай «кішэні».
Расійскія сілы, верагодна, таксама захоўваюць кантроль над агнём па ўкраінскіх наземных лініях камунікацый (GLOC), што ўскладняе ўкраінскую лагістыку.
«Расійскія сілы, падобна, працуюць адначасова над завяршэннем акружэння ўсёй "кішэні" і яе памяншэннем. Перспектывы і тэрміны гэтых намаганняў застаюцца незразумелымі», — адзначае ISW.

* * *
Расіяне засяродзілі ў раёне Пакроўска вялікую колькасць ваенных і праводзяць маштабную наступальную аперацыю з мэтай прарыву ўкраінскай абароны і ўзяцця пад кантроль усёй Данецкай вобласці, расказаў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю The New York Post.
Паводле яго, Расія накіравала на Пакроўскі кірунак значную частку сваёй групоўкі: з каля 700 тысяч расійскіх ваеннаслужачых, якія, па ацэнках УСУ, знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, каля 150 тысяч задзейнічаныя паблізу Пакроўска. Да наступлення таксама прыцягнуты буйныя механізаваныя падраздзяленні і чатыры брыгады марской пяхоты.
Галоўнакамандуючы УСУ адзначыў, што ўкраінскія абаронцы «моцна трымаюцца за лагістычна важны горад». Хоць расійскія прапагандысты і заяўляюць аб захопе Пакроўска, аднак на самой справе ён не паў. Сілы абароны Украіны ў выніку контратак наадварот, ачысцілі значны адрэзак лініі фронту.
«Яны працягваюць паказваць гэту тэрыторыю на сваіх картах так, быццам яна знаходзіцца пад іх кантролем. Але гэта сцвярджэнне, што вораг захапіў практычна ўсё, і яны вось-вось з гэтым пакончаць, не адпавядае рэчаіснасці», — падкрэсліў галоўнакамандуючы УСУ.
Па словах Сырскага, расіяне хочуць акружыць Пакроўск і суседнія гарады і пазбавіць забеспячэння. Тады, па планах Крамля, грамадзянскія людзі выедуць з Пакроўска, і ваенныя змогуць зрабіць «апошні манеўр» у Данецкай вобласці.
* * *
Аналітыкі праекта Deepstate адзначылі істотнае павелічэнне шэрай зоны ў Запарожскай вобласці — па адрэзку Салодкае-Новамікалаеўка-Раўнаполле-Новае-Новауспенаўскае.
«Расіяне павялічылі сваю прысутнасць у раёне гэтых населеных пунктаў, дзе ажыццяўляецца пастаянная іх фіксацыя па ўсёй шэрай зоне. У прыватнасці, ворагу ўдалося акупаваць цалкам населены пункт Успенаўка, правяраецца інфармацыя аб акупацыі Салодкага і Прывольнага. Цяпер праціўнік актыўна цісне на Новае і Новауспенаўскае і ўжо пачынае паглынаць Раўнаполле», — паведамляе Deepstate.
Там адзначылі, што на сітуацыі адбіваецца колькасная перавага праціўніка, а магчымае прасоўванне войскаў РФ можа ставіць пад пагрозу Гуляйполе. Паводле даных праекта, акупацыя Раўнаполля адкрые аператыўную прастору з поўначы на Гуляйполе і ўскладняе знаходжанне пазіцый у Зялёным Гаі і Высокім (Чырвоным).
* * *

* * *
Еўрапейскі Саюз у чацвер, 13 лістапада, абмяркуе два асноўныя спосабы прыцягнення фінансавай падтрымкі для Украіны — пазыку сродкаў або выкарыстанне замарожаных актываў Расіі, піша Reuters.
Міністры фінансаў краін-членаў ЕС сустрэнуцца ў Бруселі пасля таго, як 23 кастрычніка лідары блока абавязаліся пакрыць патрэбы Украіны на 2026-2027 гады і папрасілі Еўракамісію падрыхтаваць варыянты таго, як гэта зрабіць.
Чыноўнік ЕС, блізкі да гэтых перамоваў, заявіў, што дакумент Еўракамісіі з варыянтамі дзеянняў яшчэ не гатовы. Аднак, паводле яго слоў, існуе толькі два рэалістычныя спосабы надаць 130-140 млрд еўра, якія, верагодна, спатрэбяцца Украіне.
Адзін з іх — выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў, як прапаноўвала Еўрапейская камісія. Іншы варыянт заключаўся ў тым, каб урады ЕС займалі сродкі на рынку, але гэта прадугледжвала б выплату працэнтаў.
Reuters нагадала, што большасць расійскіх актываў, замарожаных у Еўропе, знаходзяцца на рахунках бельгійскага дэпазітарыя каштоўных папер Euroclear. З моманту ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года амаль усе каштоўныя паперы дасягнулі тэрміну пагашэння і сталі свабоднымі сродкамі. Варыянт з замарожанымі актывамі будзе азначаць, што ЕС заменіць расійскія сродкі на рахунках Euroclear бескупоннымі аблігацыямі AAA, выпушчанымі Еўракамісіяй.
Грошы затым будуць паступаць у Кіеў, які будзе вяртаць крэдыт толькі пры ўмове атрымання ваенных рэпарацый ад Расіі. Гэта фактычна робіць пазыку грантам, а расійскія рэпарацыі — даступнымі да заканчэння вайны.
Згодна з гэтай дамоўленасцю, адзіным фінансавым укладам з боку ўрадаў ЕС было б гарантаванне пазык Еўракамісіяй, выдадзеных для Euroclear.
* * *
Рэалізацыя праграмы PURL, па якой саюзнікі купляюць амерыканскае ўзбраенне для Украіны, ажыццяўляецца без перапынкаў, паведаміла «Суспільне» са спасылкай на словы неназванага прадстаўніка NATO.
Ён заявіў, што «пастаўка працягваецца, а новае абсталяванне ўжо прыбывае ва Украіну».
«Першыя чатыры пакеты — агульным коштам каля 2 мільярдаў долараў — былі прафінансаваныя: Нідэрландамі (4 жніўня); Даніяй, Нарвегіяй і Швецыяй (5 жніўня); Германіяй (13 жніўня) і Канадай (24 жніўня). Акрамя ўжо прафінансаваных пакетаў PURL шэраг саюзнікаў працуе над дадатковымі абавязацельствамі», — адзначыў ён.
У Альянсе чакаюць, што ў найбліжэйшы час яшчэ больш дзяржаў-членаў абвесцяць аб новых пакетах дапамогі.
«Абсталяванне з першых пакетаў ужо дастаўлена, і новыя пастаўкі працягваюцца. Ніякіх перапынкаў у рэалізацыі праграмы PURL не было — пастаўка працягваецца, новае абсталяванне прыбывае ва Украіну», — заявіў чыноўнік.
Нагадаем, раней выданне Axios паведамляла, што экспарт зброі ЗША на больш чым 5 мільярдаў долараў, прызначанага для падтрымкі саюзнікаў па NATO і Украіны, адклалі з-за шатдаўна.
* * *
Да 70% боепрыпасаў, якія выкарыстоўваюцца Расіяй у вайне супраць Украіны, выраблены ў Паўночнай Карэі, сведчаць дакументы, апублікаваныя Kyodo News.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Масквы ва Украіну ў лютым 2022 года Пхеньян паставіў Расіі каля 6,5 мільёна снарадаў у абмен на расійскія ваенныя тэхналогіі для вытворчасці сваёй зброі. Пхеньян атрымаў расійскія тэхналогіі, звязаныя з сістэмамі СПА і касмічнымі распрацоўкамі, а таксама дапамогу на суму 20 мільярдаў долараў.
Таксама ўказваецца на перадачу расійскіх ядзерных тэхналогій Паўночнай Карэі. Вынікі даследавання падкрэсліваюць паглыбленне ваенных сувязяў паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй, якая накіравала войскі для дапамогі Маскве ў працяглай вайне супраць Украіны.