Капэрус! Памяці Мікіты Мелказёрава

«Капэрус!» — толькі гэта і выціснулася зь мяне на шакавальную навіну аб сьмерці Мікіты Мелказёрава.

1766514073201blob.jpg

Мы не былі сябрамі, бачыліся ўжывую аднойчы, але правялі на здымках у віленскім парку Вінгіс амаль чатыры гадзіны. Назабыўных, падаецца цяпер, вечных гадзінаў размовы. Божухна, а колькі мы сьмяяліся: і я, і Мікіта, і наш апэратар… Мы былі вымушаныя спыняцца, высьмейвацца да канца і ісьці далей. Бо ў інтэрвію мы спыняліся на цікавых, сьмешных тэмах — напрыклад, як брэшуцца беларусы, тэме, якую асабліва зацаніў ён. Памятаю, Мікіта палюбіў вульгарызмы «капэрус», а яшчэ «блямба» і «макей». Ён ня мог спыніцца ад рогату, калі пачуў выразы «схавай свой макей» ці «не трася макеям». Вядома, размова закранула і сумныя тэмы — жыцьцё пасьля 2020 году.

Тое, што асабліва ўразіла мяне, — падрыхтоўка Мікіты да размовы: ён прачытаў усемажлівыя дакумэнты, артыкулы, ён ведаў амаль усё з майго публічнага і дасьледніцкага жыцьця. У ягонай чэпістай памяці заставаліся як галоўная інфармацыя, так і ўсялякія дробязі, якія рабілі пытаньні яшчэ цікавейшымі. Нашая размова клалася так натуральна, быццам я размаўляў з калегам-аднадумцам. Мы зьмянялі месца размовы: з лавы перайшлі на паляну ў цянёк пад вялікія дрэвы і мэрам на пікніку, гаманілі-гаманілі…

Дзякуючы Мікітавай праграме я пасьля атрымаў шмат пазытыўнай рэакцыі і процьму камплімэнтаў ад расьцярушаных па сьвеце беларусаў і беларусак. Мне нават пасьля напісалі віцебскія беларусы з Бразыліі і падзякавалі за віцебскія слоўкі, якія выклікалі ў іх у далёкай Бразыліі сьлёзы настальгіі. Няма сумневу, Мікіта ведаў гэтую паяднаўчую сілу сваёй праграмы і таго, што рабіў так зацята і зь любоўю на выгнаньні.

Ніколі цяпер не забыць мне таго чароўнага чэрвеньскага дня, калі Мікітава любая Вільня літаральна трымцела ад сьпёкі…