Ад ананімнага клуба да лідара: як «Нацыя лідараў» працуе для грамадзянскай супольнасці Беларусі
Мала нечаму навучыцца — трэба ўмець прымяняць веды на практыцы. А што рабіць, калі і гэтага недастаткова? Вучыць іншых, збіраць вакол сябе людзей па інтарэсах, разам абмяркоўваць праблемы і вырашаць іх. Гэта і ёсць першыя крокі да ўзнікнення грамадзянскай супольнасці і выхавання яе лідараў. Менавіта на такі вынік нацэленыя курсы адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў».

Малюнак: АІ
Клуб як прыступка да «трэцяга сектара»
Дзейнасць хаба не абмяжоўваецца выключна правядзеннем адукацыйных праграм: для каманды «Нацыя лідараў» важна стварыць для сваіх выпускнікоў такія ўмовы, каб тыя рабіліся ініцыятарамі стварэння сваіх супольнасцяў, груп па інтарэсах і, урэшце, лідарамі грамадзянскай супольнасці.
Як гэта адбываецца, расказала Рына, кіраўніца Цэнтра суправаджэння выпускнікоў. Па яе словах, адукацыя ў «Нацыі лідараў» не заканчваецца з завяршэннем таго ці іншага курса.
«Калі правесці аналогіі з фармальнай адукацыяй, адукацыйныя курсы — гэта толькі першая прыступка, школа. Там людзі вучацца, камунікуюць, практыкуюцца, але там меншы ўхіл на іх узаемадзеянне паміж сабой. А далей ужо ідзе ўніверсітэт — Цэнтр суправаджэння выпускнікоў. Там у нас ёсць клубная прастора, дзе людзі могуць развівацца, дзе яны прапаноўваюць ці нейкія групы, ускосныя адукацыйныя праграмы, арганізаваныя паводле прынцыпу "роўны навучае роўнага", дзе ўдзельнікі вучацца дамаўляцца, збірацца разам самостойна, ці больш паглыбленыя адукацыйныя праграмы, на якіх мы разбіраемся, напрыклад, што такое грамадзянскасць, што такое быць грамадзянінам, як грамадзянская адукацыя дапамагае людзям», — расказвае Рына.
Як прыклад яна прыводзіць клуб «Беларускі гай», які пачынаўся як клуб па вывучэнні і трэніроўцы навыкаў маўлення па-беларуску. Потым яго ўдзельнікі самі перабудавалі яго накіраванасць, і цяпер яны абмяркоўваюць там і гісторыю, і гістарычных дзеячаў, выбітных асоб, святы, народныя традыцыі... Вядома, пра ўсё гэта яны гавораць таксама па-беларуску. І гэтая клубная прастора ідзе ад ініцыятывы людзей.
А ёсць і закрытыя клубы, у якія так проста не трапіць. Напрыклад, закрыты клуб узаемнай псіхалагічнай падтрымкі.
Гэты клуб вырас з курсаў псіхалагічнай устойлівасці «Ад выгарання да рэсурсу» (на якія, дарэчы, ідзе набор проста цяпер).
«Гэты курс не проста пра псіхалогію. Гэта пра тое, як вярнуцца да сябе, калі здаецца, што ўсё страчана, што жыццё страціла кірунак. Але таксама і тым, хто проста стаміўся, хто працуе на нелюбімай працы і не ведае, дзе ўзяць сілы на новы дзень. Гэты курс дапамагае зразумець, што забірае ваш рэсурс, а што яго дае. Дзе шукаць апору, як яе не страціць, як вярнуцца да сябе і пачаць жыць напоўніцу», — распавядае пра ідэю курса Кацярына, актывістка і адна з заснавальніц «Нацыі лідараў».
У людзей, якія прайшлі гэты курс, сфарміраваўся пэўны ўзровень даверу, сумесны досвед, яны пасябравалі і вырашылі не разбягацца. Яны стварылі для сябе бяспечную прастору, і працягваюць размаўляць, абмяркоўваюць фільмы, літаратуру.
Здавалася б, як клуб па вывучэнні беларускай мовы можа ўплываць на грамадства? Але з такога клуба калісьці вырасла Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны — ўплывовая арганізацыя, якая мела свае газеты і нават сваіх дэпутатаў у парламенце.
А з «нефармальнай», як казалі ў СССР, арганізацыі аматараў беларускай гісторыі «Талака» вырасла шмат лідараў «перабудовачнай» Беларусі, — тыя, хто стварылі ці не ўсю грамадзянскую супольнасць незалежнай Беларусі.

Малюнак: АІ
Як з клубаў фарміруюцца лідары грамадзянскай супольнасці
На думку Рыны, спачатку людзі прыходзяць на праграмы з мэтай альбо дапамагчы сабе, альбо навучыцца нечаму новаму. Але адукацыя «Нацыі лідараў» скіравана на тое, каб чалавек, дапамогшы сабе і вырашыўшы свае праблемы і задаволіўшы сваю цікаўнасць, быў гатовы развівацца далей, узаемадзейнічаць з іншымі, ствараць свае праграмы і клубы, а потым усё гэта разам прыводзіць да таго, што чалавек пачынае змяняць грамадства.
«Напрыклад, мы вучымся разам вырашэнню канфліктаў або “Гендару з нуля”. Мы разбіраемся ў гэтай тэме, і гэта тыя рэчы, якія мы можам прымяніць на практыцы. І з часам мы разумеем, што мы можам уплываць на наша грамадства», — кажа Рына.
Менавіта так і становяцца лідарамі грамадзянскай супольнасці.
«Мы ў “Нацыі лідараў” распрацавалі такую шкалу станаўлення грамадзянскасці: нават не буду казаць там “чалавека” ці “беларуса”. Вядома, наша місія — пра Беларусь і беларусаў і беларусак, але, напэўна, такую шкалу грамадзянскасці можна прымяняць не толькі для нас. Ёсць прыступкі, як чалавек можа ісці, пачынаючы з узроўню, так бы мовіць, “спажывец”.
Спачатку ён проста прыходзіць па нейкія веды для сябе, закрывае нейкую сваю патрэбу. Ён наогул не думае больш ні пра кога, ні пра што, а толькі пра сябе. Потым ён можа быць часткай нейкай каманды, потым — стаць лідарам ужо сваёй каманды. А потым, можа быць, увогуле наватарам — чалавекам, які змяняе правілы.
Мы разумеем, што ў нашых праграмах розныя інструменты дапамагаюць ці спрыяюць замацаванню або руху па гэтай лесвіцы, шкале станаўлення грамадзянскасці. Дык вось, Цэнтр суправаджэння выпускнікоў якраз і прызначаны для таго, каб людзі ў нас у экасістэме, у экасістэме “Нацыі лідараў” маглі замацоўвацца альбо рухацца на прыступкі вышэй», — расказвае Рына.
І калі чалавек праяўляе ініцыятыву, напрыклад, прапаноўваючы адкрыць нейкі клуб, «Нацыя лідараў» будзе яго падтрымліваць: рэсурсамі, кансультацыямі, у цэлым экасістэмай і ўсім магчымым досведам.
Хто ведае, можа быць Вы — будучы лідар грамадзянскай супольнасці Беларусі?
Запісвайцеся на курсы «Нацыі лідараў» — і даведаецеся!
Нагадаем, што на адзін з самых папулярных курсаў — курс псіхалагнічнай устойлівасці «Ад выгарання да рэсурсу» — запіс ідзе проста цяпер. Далучыцца да патоку можна да 30 лістапада.