Яшчэ 30 чалавек дадалі ў спіс "экстрэмістаў". Хронікі рэпрэсій 21 лістапада

Беларускія ўлады працягваюць умацоўваць рэпрэсіўны кантроль: МУС хоча караць тых, хто стаіць на прафуліках і не працуе,  «экстрэмісцкія» спісы расцягнуліся амаль на дзве тысячы старонак, а палітвязні працягваюць сутыкацца з наступствамі ўмоваў утрымання. Галоўнае — у свежым дайджэсце.

1_1097_1.png

МУС прапануе ўвесці адказнасць для тых, хто стаіць на прафуліку ў міліцыі і не працуе

Ведамства распрацавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за «невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і лячэнні алкагалізму» ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках.

На прафуліках МУС знаходзіцца значная колькасць грамадзян. Гэта асобы, якія вызваліліся з месцаў зняволення; бацькі, якіх суд абавязаў утрымліваць сваіх дзяцей; асобы, што здзейснілі хатні гвалт, ды іншыя, піша «Позірк».

Таму «ўсе асобы, якія стаяць на ўліках у Міністэрстве ўнутраных спраў, павінны працаваць», заявіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў.

Былыя палітвязні сутыкаюцца са складанасцямі ў пошуках працы ў Беларусі, бо былі асуджаныя па «пратэсных» ці «экстрэмісцкіх» артыкулах, а таксама ўнесеныя ў спісы «экстрэмістаў» ці «тэрарыстаў».

Разгляд апеляцыйных скаргаў па справе смаргонцаў з «дваровага чату» прызначаны на 13 студзеня

Пасяджэнне пройдзе ў Вярхоўным судзе, піша «Гарадзенская Праваабарона».

Нагадаем, Марэт Валюк, Уладзіміру Казлоўскаму, Вользе Міраненцы, Наталлі Пупкевіч, Святлане Кашкель і Маргарыце Навумавай прызначылі па два з паловай гады калоніі і штрафы ў памеры 800 базавых велічыняў кожнаму (33 600 беларускіх рублёў). Любові Валюк, якая мае анкалагічнае захворванне, прызначылі тры гады «хатняй хіміі» і 500 базавых велічыняў штрафу (21 000 штрафу).

Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» складае амаль дзве тысячы старонак

Па стане на 21 лістапада 2025 года спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі займае ўжо 1883 старонак, і гэтая лічба працягвае расці. За апошнія пяць гадоў беларускія суды прызналі каля васьмі тысяч інфармацыйных прадукцый «экстрэмісцкімі», у тым ліку асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках актывістаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў і звычайных грамадзян.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 прозвішчаў — цяпер у ім 6019 чалавек

21 лістапада МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іх 17 чалавек былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмізму», а 6 чалавек былі асуджаныя паводле «народнага» арт. 342 КК, але іх вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.

У палітвязня Віталя Бандарука, вывезенага ў Літву, знайшлі гепатыт С — напэўна, заразілі за кратамі

Гепатыт С перадаецца нават пры мінімальнай колькасці крыві, таму, каб спыніць хваробу, важна добра стэрылізаваць медычныя інструменты і выкарыстоўваць аднаразовыя шпрыцы.

«Калі выходзіш з ШІЗА ў шклоўскай калоніі, ты заўсёды хворы — у цябе раздзьмутыя суставы на каленях, прышчы па ўсім целе, яны моцна свярбяць, іншыя балячкі выскокваюць. Дык я ў такім выпадку звяртаўся да [турэмных] медыкаў, яны мне ставілі розныя кропельніцы і ўколы.

Я не заўсёды мог за гэтым прасачыць. Часам я бачыў, што дастаюць з упакоўкі аднаразовы шпрыц, а часам і не бачыў. Бываў у такім дрэнным стане, што ўсё роўна на шпрыцы, толькі б хоць нешта калолі. Яшчэ мяне там прышчапілі ад кавіду».

Магчыма, кажа Віталь, яго заразілі яшчэ да калоніі, але ўжо пасля арышту. У брэсцкім СІЗА мужчына таксама атрымліваў уколы.

Сёння гэтая хвароба добра лечыцца, галоўнае — своечасова даведацца пра заражэнне, піша «Наша Ніва».