СМІ: Новы «мірны план» ЗША ў сённяшнім выглядзе для Украіны непрымальны
СМІ атрымалі канкрэтыку новага «мірнага плану» ЗША па сканчэнні расійска-украінскай вайны, распрацаванага без удзелу Украіны. Відавочна, што ён не будзе прыняты, бо не ўлічвае ўкраінскія інтарэсы. Тым не менш, пакуль гэта толькі канцэпцыя. І яна ўвойдзе ў відавочныя супярэчнасці з дзеяннямі і інтарэсамі Еўропы. Ідуць 1366-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Пакроўску, Котліна, Маладзецкага, Балагану, Удачнага, Новапаўлаўкі, Філія і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Белай Гары, Канстанцінаўкі, Шчарбінаўкі, Тарэцка, Плешчыеўкі, Русінага Яру і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 17 разоў каля Надзеі, Дружалюбаўкі, Новыага Міру, Карпаўкі, Стаўкі, Зарэчнага, Дробышава, Шандрыгалава, Зялёнай Даліны і іншых.
На Славянскім кірунку ў раёнах Ямпаля, Серабранкі, Дзіброва, Дронаўкі, Сіверска, Выімкі і іншых расійцы здзейснілі 13 атак.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ 12 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Аляксандраграду, Ворана, Сасноўкі, Вербава і іншых.
На Гуляйпільскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках кірунку зафіксавана па 11 атак на кожным.
* * *
ЗША і Расія падрыхтавалі для Украіны мірны план, які прадугледжвае выкананне максімалісцкіх патрабаванняў Крамля, пішуць Reuters і Financial Times.
Паводле дадзеных крыніц Reuters, ЗША далі зразумець прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, што Кіеў павінен прыняць падрыхтаваныя Вашынгтонам рамкі заканчэння вайны з Расіяй. У прыватнасці, план прадугледжвае адмову Украіны ад часткі тэрыторый, некаторых відаў узбраенняў, скарачэнне колькасці ўкраінскіх Узброеных сіл. Таксама ў плане згадваецца прызнанне рускай мовы афіцыйнай дзяржаўнай мовай ва Украіне і наданне афіцыйнага статусу УПЦ (МП).
Паводле інфармацыі крыніц Financial Times, план стварала група дзеючых і былых амерыканскіх і расійскіх чыноўнікаў. Ён пакуль знаходзіцца «на ўзроўні агульнай канцэпцыі». Суразмоўцы выданняў называюць такі план «вельмі камфортным» для расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. Украінскія чыноўнікі заявілі FT, што такі план непрымальны для Украіны без істотных зменаў.
Financial Times паведамляе, што Украіне накіравалі тэрміновую прапанову ад пасланца расійскага дыктатара Кірыла Дзмітрыева і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа. Яго перадалі сакратару Савета нацбяспекі і абароны Украіны Рустэму Умераву. Такая прапанова «фактычна раўназначная капітуляцыі Украіны», адзначаюць СМІ.
Раней стала вядома, што амерыканскія чыноўнікі таемна кансультуюцца з расійскімі для распрацоўкі новага «мірнага плана» па Украіне.
Расійскія чыноўнікі заявілі, што яны не ведаюць ні пра якія мірныя прапановы з боку ЗША. Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф напісаў у каментары ў сацсетцы Х, ад каго журналісты маглі атрымаць інфармацыю: «Ён, відавочна, атрымаў гэта ад К.» Амаль напэўна гэта тычыцца Кірыла Дзмітрыева, якога цытуюць у артыкуле.
Вельмі верагодна, што Крэмль арганізаваў гэтую «ўцечку», каб не прымаць гэты план і не заканчваць вайну ва Украіне.
* * *

* * *
Дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па палітычных пытаннях Стывен Мілер заявіў, што спыненне расійскай вайны ва Украіне з'яўляецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Штатаў. «Гэта пытанне, якое прэзідэнт (ЗША Трамп) працягвае ставіць на першае месца ў нашай знешняй палітыцы, а менавіта па ўрэгуляванні вайны паміж Украінай і Расіяй», — сказаў ён журналістам.
У той жа час дарадца Трампа адмовіўся ад каментара адносна новага плана адміністрацыі прэзідэнта ЗША, нацэленага на спыненне расійскай вайны ва Украіне.
* * *
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі, каментуючы новы мірны план Вашынгтона, заявіў, што Лондан «падзяляе жаданне прэзідэнта Трампа пакласці канец гэтай варварскай вайне», але «Расія можа зрабіць гэта ўжо заўтра, вывеўшы свае войскі і спыніўшы незаконнае ўварванне», піша Reuters.
* * *
Германія пацвердзіла падрыхтоўку да перадачы Украіне ракет далёкага радыусу дзеяння, піша Anadolu Ajansi.
На прэс-канферэнцыі ў Берліне канцлер Германіі Фрыдрых Мерц паведаміў, што некалькі месяцаў ідуць тэхнічныя кансультацыі з Кіевам і працэсы ўжо знаходзяцца на завяршальнай стадыі: «Украінская армія будзе аснашчана такімі сістэмамі ўзбраення», аднак канкрэтыка па колькасці і тэрмінах паставак не раскрываецца.
Па словах канцлера, гэта звязана з выбранай тактыкай, закліканай ускладніць Расіі ацэнку рэальных магчымасцяў Украіны. «Пэўная неадназначнасць неабходна, асабліва для расійскага боку», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што падтрымка будзе прадоўжана і можа ўключаць вытворчасць ракетных сістэм на тэрыторыі Украіны.
* * *
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг плануе сысці са сваёй пасады ўжо ў студзені, піша Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы сярод знаёмых Келага.
Reuters звяртае ўвагу, што статус спецыяльнага прэзідэнцкага пасланца з'яўляецца часовым, і такія пасланнікі ў тэорыі павінны быць зацверджаны Сенатам, каб заставацца на пасадзе даўжэй за 360 дзён. Келаг даў зразумець, што студзень будзе натуральным момантам для сыходу з улікам дзеючага заканадаўства.
Адна з крыніц сказала, што Келаг прыйшоў да высновы, што ў адміністрацыі Трампа занадта шмат чыноўнікаў, якія займаюцца Украінай. Пры гэтым унутры адміністрацыі не прызнаюць, што менавіта Расія зацягвае мірныя перамовы.
Келага лічылі чалавекам, які гатовы пачуць пазіцыю Еўропы і Кіева, ён больш рэзка за іншых прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа асуджаў расійскія атакі на грамадзянскую інфраструктуру Украіны, і часам уступаў у супярэчнасці са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам, які паўтараў некаторыя тэзісы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і выступаў за незбалансаваны тэрытарыяльны абмен як частку доўгатэрміновага мірнага пагаднення.
Пакуль незразумела, хто можа замяніць Келага.