Sož прэзентуюць жывы альбом Live at Chmury
Гомельскі пост-панк гурт Sož выдаў свой першы поўнафарматны альбом — жывы канцэрт Live at Chmury, які цяпер цалкам даступны на YouTube.

Фота на вокладцы: Dawid Kofi
Гурт Sož, гомельскі прадстаўнік другой хвалі беларускага пост-панку, нарэшце выдаў альбом. Цяпер новы лонгплэй можна цалкам паглядзець на YouTube. Цягам восені відэа з'яўляліся адно за адным разам з дарожнымі нататкамі фронтмэна, а цяпер існуюць як поўнафарматны канцэртны рэліз.
Гурт быў утвораны ў Гомелі ў 2020 годзе і адметны найперш сваімі анімаванымі відэакліпамі, змрочным гучаннем, насычанай гітарнай падачай і сацыяльна адказнай лірыкай. Для публікацыі быў абраны канцэрт у культавым пост-панк клубе Chmury — важным месцы на мапе альтэрнатыўнай Польшчы, а цяпер і Беларусі.

Фота Mike Baird
Алесь Baisan Плотка каментуе:
«Наша група заўжды была поўная ўнутраных парадоксаў, і гэты альбом — адзін з іх. Каб закрыць кармічны гештальт і падзяліцца жывым вайбам з тымі, хто ніколі не зможа трапіць на гіг, мы вырашылі выдаць менавіта канцэртны альбом (што беларускія артысты робяць нячаста). Найперш гэта наша ўдзячнасць аўдыторыі з Беларусі, якая захоўвала з намі сувязь увесь гэты час».
Альбом Live at Chmury выходзіць выключна ў відэаверсіі — ён не будзе з’яўляцца на стрымінгавых сэрвісах.