«Чырвоны тэрор» і яго ахвяры. Васіль Шашалевіч — творца, які верыў у моц і прыгажосць слоў
132 дзеячы беларускай культуры былі забітыя толькі за адну ноч — «Чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Але ў савецкага тэрору было нашмат больш ахвяр, і паэты і пісьменнікі паміралі ў шматлікіх канцлагерах па ўсім Савецкім Саюзе. Такі лёс напаткаў і драматурга Васіля Шашалевіча.
У савецкія часы даволі мала творчых людзей дазвалялі сабе адкрытую крытыку тагачаснага ладу і рэчаіснасці. Вы напэўна памятаеце «Запіскі Самсона Самасуя» — самую яркую сатыру на жыццё Саветаў. Яе аўтар Андрэй Мрый меў дастаткова смеласці, каб сказаць тое, што думаў, і расплаціцца за гэта сваім жыццём.
І ён быў не адзін такі. Васіль Шашалевіч, родны брат Мрыя, прайшоў той жа шлях, але скончыў яго раней — і больш трагічна. Хаця кожная смерць — гэта заўсёды трагічна, а асабліва смерць гвалтоўная і ў ГУЛАГу, але ў выпадку з Шашалевічам фінал і праўда ўражвае надзвычайнай жорсткасцю. Аднак пра гэта пазней.
Васіль Шашалевіч нарадзіўся амаль у фін дэ сікль — напрыканцы 19 стагоддзя, на зломе эпох, калі адна частка чалавецтва чакала канца свету, а другая — новага жыцця ў свеце навуковага прагрэсу. Сям’я Шашалевічаў была вялікай, дружнай і надзвычай таленавітай: усе пяцёра дзяцей удзельнічалі ў тэатральных пастаноўках, якія ладзілі самі, пісалі для іх сцэнкі і музыку, прыдумлялі антураж, а дэкарацыі дапамагаў рабіць іх школьны настаўнік. Бацька Антон Дзяменцевіч Шашалевіч памёр рана (Васілю было ўсяго 5 гадкоў), і таму малыя сталі даваць канцэрты для аднавяскоўцаў, што хоць неяк дапамагала пракарміцца. У больш познім узросце яны разам арганізавалі драматычны і літаратурны гурткі, рабілі рукапісны часопіс «Пралеска».
З адукацыяй таксама не вельмі заладзілася. Але ў сям'і валаснога пісара шмат чыталі, і гэта само па сабе спрыяла развіццю здольнасцей: Васілю лепш за ўсіх удаваліся школьныя сачыненні, а свой першы твор ён напісаў у 15 гадоў — і гэта быў цалкам самадастатковы аповед пра школьнага настаўніка, хворага на сухоты, які скончыў жыццё самагубствам.
Сухоты выпалі на долю і самому Шашалевічу. Горкая іронія лёсу заключалася ў тым, што яго старэйшы калега па пяры, дзякуючы якому гэтая хвароба ў беларускім каноне здабыла сумную славу — Максім Багдановіч — хадзіў тымі ж сцежкамі, што і Васіль Шашалевіч: яраслаўскімі. Багдановіч жыў там падчас службы свайго бацькі, а Шашалевіч спрабаваў вучыцца. Але вучоба ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі ў яго не атрымалася: сям'я была занадта беднай для такой раскошы.
Праз хваробу творцу абмінула вайсковая служба, сухоты выратавалі яго ад смерці на вайне і цалкам маглі б дапамагчы працягнуць лішніх пару гадоў у нечалавечых умовах ГУЛАГа, калі рэпрэсаваны драматург адбываў пакаранне па надуманых артыкулах «антысавецкая дзейнасць» і «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Але чалавечая спагада ў тыя часы была вельмі абмежаванай, яе хапала, пакуль не гучаў загад. А калі ўжо прагучаў — ніякай літасці чакаць не выпадала.
Можна было б сказаць, што Васіля Шашалевіча загубіла яго творчасць. Так звычайна і гаворыцца ў свеце, дзе ўсё перакулена з ног на галаву: ахвяра вінаватая ў гвалце, а не кат, гвалтаўнік, забойца. Сумленны, разумны, годны чалавек, Васіль Шашалевіч любымі шляхамі выказваў праўду пра тое, што бачыў, хаваў яе паміж радкоў у дыялогах, рэпліках, гаваркіх імёнах персанажаў, пісаў так, што савецкія цэнзары ўхвалялі — але, як кажуць, sapienti sat.
Напрыклад, «Сімфонія гневу» — твор, названы антыфашысцкім, у аснове сваёй, у самай сутнасці — бунт супраць таго, што чэкісты рабілі з людзьмі. Бунт вельмі прыгожы, кранальны, узнёслы (калі, канешне, такое можа быць узнёслым) — праз мастацтва, здольнае запальваць гнеў у сэрцах, адчайную мужнасць і прагу справядлівасці.
Сацыяльнае пры Саветах рэдка рабілася эстэтычным, рэчаіснасць была справай публіцыстыкі і спаленых лістоў. Наўскідку магу назваць хіба што Юлія Таўбіна, які паэтычным словам умеў сказаць пра надзённае так, што прабірала наскрозь. Такі ж талент быў і ў Шашалевіча.
«Дырэктар. Ходзяць чуткі, прафесар Сальк, што ў апошні час вы пішаце сваю музыку для вуліцы... Не мая справа асуджаць вас за гэта і, магчыма, у вас ёсць свае апраўданні. Аднак павінен сказаць, што да гэтага часу ў нас яшчэ не было падобнага прэцэдэнту. Усё гэта прымушае нас з пэўнай пільнасцю паставіцца да паступлення вашага на службу ў кансерваторыю.
Сальк. Я думаў, што прыйшоў у кансерваторыю... Аднак я цяпер бачу, што трапіў у аддзяленне "Канторы сакрэтнага нагляду"...
Дырэктар. Прафесар Сальк!
Сальк. Чаго ж патрабуе ад мяне дырэкцыя?
Дырэктар. Вы павінны адмовіцца ад сваёй творчасці за апошні час і напісаць аб гэтым ліст у газету. Вы павінны шчыра прызнацца ва ўсіх сваіх палітычных грахах.
<...>
Асвятляецца эстрада. Сальк кіруе аркестрам. Музыка расце. Аркестр набывае моц. Аркестр грае. У гуках медзі, ва ўдарах барабанаў чуюцца магутныя, страшныя крокі мільёнаў галодных і рабоў. Ідуць абураныя людзі, якім нічога не страшна, ідуць з горада ў горад, з краіны ў краіну. Ідуць і руйнуюць усе перашкоды на шляху. Марш гневу запоўніў сабою залу...»
Калі б гэта было школьнае сачыненне, я б сказала: «Гэтым творам аўтар хацеў паказаць... Аўтар верыў, што...». Але бог яго ведае, што насамрэч было ў галаве і на сэрцы Васіля Шашалевіча. Якой была яго мэта. Магу арыентавацца толькі на ўласныя адчуванні, а яны — пра тое, што ў пісьменніка была вера ў сілу мастацтва, у моц музыкі і слова; пра тое, што Шашалевіч не здраджваў сабе і пісаў шчыра, праўдзіва, не паддаючыся прапагандзе, не баючыся цкаванняў так званых «крытыкаў» і пераследу чэкістаў.
Яго творы ставіліся на сцэне і мелі вялікі поспех. Неяк адзін са спектакляў нават ледзь не даехаў да Парыжа (але савецкія ўлады вырашылі зэканоміць і адправілі туды адну спявачку замест цэлай тэатральнай трупы). Як ні дзіўна, абсалютна празрыстая для нас сённяшніх крытыка рэалізацыі камуністычных ідэй, што ператварыліся ў суцэльны гвалт над грамадствам, тады ўспрымалася як ухваленне, што, канешне, дадавала «плюсікаў» драматургу, але не выратавала яго ад ненажэрнай машыны рэпрэсій.
П'еса «Воўчыя ночы» — вельмі добры прыклад такой дваістасці. Нібыта ўсё добра: камуністы змагаюцца з бандытамі, якія выразаюць цэлыя гарады, пагражаючы савецкаму ладу і помсцячы Саветам за пераслед. Але надта ўжо пераканаўча гавораць бандыты. Складваецца ўражанне, што ў вусны «ворагаў» Шашалевіч уклаў тое, што не мог сказаць сам і напісаць адкрыта ні ў адным іншым тэксце. Напрыклад:
«Стрэльская. Навошта вы так робіце, што вас баяцца?
Драгун (засмяяўся). Гэта і ёсць дыктатура пралетарыяту, калі сам пралетарыят дрыжыць перад сваёй дыктатурай!.. (Схамянуўшыся) Я жартую...»
Або вось яшчэ фрагменцік, які яскрава паказвае, што думаў пра Саветы аўтар. Чэкіст Расамаха (!) выяўляе, што яго жонка ў ранейшыя гады кахала таго, хто ў момант развіцця падзей п'есы ёсць галоўным ворагам — злодзея па мянушцы Чырвонец (яшчэ адна гаваркая мянушка). У памяць пра былыя пачуцці яна схавала яго ў хаце, калі Расамаха і іншыя чэкісты перабілі шмат бандытаў і ўпершыню ледзь не злавілі самога Чырвонца. Праўда становіцца вядомай, жонку Расамахі чакае суд.
«Расамаха. Ты не шкадуеш яго?
Смольская. Не.
Расамаха. Ты ж кахала яго.
Смольская. Чырвонца я ніколі не кахала. Я кахала яго тады, калі ён яшчэ не быў Чырвонцам.
Расамаха. Праўда? (Прытуліў яе да сябе) Я веру табе... Заўтра суд. Ці падрыхтавалася ты мужна сустрэць прысуд?
Смольская (збляднеўшы). Скажы, мяне прызнаюць вінаватай? (Расамаха маўчыць). Скажы мне, ты ведаеш усё! Ты прызнаеш мяне вінаватай? (Паўза)
Расамаха. Ты шмат у чым вінна...
Смольская. Мяне расстраляюць! Скажы...
Расамаха. Я нічога не ведаю, які будзе прысуд. Толькі ручаю табе — прысуд будзе справядлівы!
Смольская. Мяне расстраляюць!.. Я ведаю!..
Расамаха. Які ні будзе прысуд, выслухай яго цвёрда і мужна... Не адной табе будзе цяжка яго выслухаць... Твой прысуд будзе маім прысудам!..»
Вось так. Гэта вам нават не класіцыстычны «абавязак вышэй за пачуцці» — гэта краіна, дзе месца любімых людзей займае партыя, для якой расстрэл — паўсядзённая з'ява. Партыя спіць з яе прыхільнікамі ў ложку, яна займае іх думкі і кіруе іх пачуццямі, яна вызначае ўсё іх жыццё — у тым ліку калі і як яно спыніцца.
Жыццё Васіля Шашалевіча, які відавочна не быў прыхільнікам «камуністых», спынілася на 44-м годзе ў дзікіх лясах Поўначы, на бяскрайніх, бязлюдных, бесчалавечных прасторах ГУЛАГа. Сухоты ратавалі яго ад цяжкай працы, але не выратавалі ад бяздушнасці сістэмы. У лагеры Шашалевіч працягваў пісаць. Яго апошнім творам была невялікая замалёўка для тэатра вязняў, які і паставіў яе на сцэне — штосьці там пра лагернае жыццё. Мэта была — павесяліць людзей, трошкі пацешыць іх. Але тое, што цешыць вязняў, не заўсёды падабаецца турэмшчыкам. Раззлаванае кіраўніцтва перавяло Шашалевіча на лесапавал. Валіць дрэвы ён не мог, а таму проста сядзеў ля вогнішча і вёў улік працы іншых вязняў. Верагодней за ўсё, па загадзе начальства драматурга забілі — выпадкова ці не, але вельмі жудаснай смерцю: на яго павалілі ссечанае дрэва, якое прыціснула Васіля проста да вогнішча. І ці то не вельмі спяшаліся дастаць, ці то проста не маглі — праляжаў ён там столькі, што ў яго, паводле сведчанняў іншых вязняў, выцяклі вочы. Пад вечар Васіль Шашалевіч сканаў у лагерным медпункце. Жонцы ж, якую таксама выслалі ў савецкі канцлагер, праўду пра смерць мужа не сказалі — не наважыўся на гэта нават Сяргей Грахоўскі, сябар Шашалевіча, які сам прайшоў праз ГУЛАГ і выжыў. У сваіх успамінах пра той час ён напісаў: «Часцей за ўсё ахвярамі трагедый становяцца сумленныя, непрадбачлівыя, даверлівыя і непрактычныя людзі. Такія, як Васіль Шашалевіч». І гэта сапраўды так. Трагедыя, якая здарылася з Васілём Шашалевічам, яго братам Андрэем Мрыем і сотнямі іншых творцаў — трагедыя ўсёй беларускай культуры, якая страціла цэлыя пакаленні талентаў, цэлыя раманы, зборнікі вершаў, новыя пастаноўкі, тэатры, аб'яднанні, выдавецтвы... Змянілася мапа жыцця, з яе зніклі важныя абліччы, і наша задача — запоўніць гэтыя белыя плямы, нагадаць пра тых, каго хацелі сцерці з памяці назаўсёды. Як яны нагадалі б пра нас.