Сёння дзень памяці Андрэя Мрыя. Ён першым напісаў пра гвалт і садызм у Чырвонай арміі

80 гадоў таму, 8 кастрычніка 1943 года, памёр Андрэй Мрый (сапраўднае імя — Андрэй Шашалевіч). У сваёй прозе ён паказваў гратэскавую савецкую рэчаіснасць, дзе над мараллю і высокім духам пануе пачварная фізіялогія. Ягоны раман «Запіскі Самсона Самасуя» (1929–30), у якім пісьменнік найбольш ярка паказаў новаўтвораныя камуністамі антычалавечыя парадкі, зрабіў сенсацыю, а на аўтара пачалося сапраўднае паляванне. Нечаканыя факты пра Андрэя Мрыя ад Васіля Дэ-Эм на Радыё Свабода 



7f9ea517ba70bc180bf6b04b7dbfdb68.png


Андрэй Шашалевіч у дзяцінстве 

1. Малым ледзь не загінуў ад таго, што бацька заснуў з цыгарэтай у ложку

«У 1902 годзе ў Палужы /.../ Антон Дзяменьцевіч (бацька Андрэя Шашалевіча. — РС) заснуў, палячы ў ложку. Дзядуля памёр, а дзяцей выратавала Еўфрасіння Фамінічна (маці Андрэя Шашалевіча. — РС), і надалей сям'і жылося цяжка». (Наталля Прушынская. Назаві імя святога. Новыя старонкі пісьменніцкай біяграфіі // Літаратура і мастацтва. № 18, 8 мая 2015).

Андрэй Шашалевіч. 1914 г. На адваротным баку здымка — прысвячэнне малодшаму брату Васілю, будучаму драматургу

Андрэй Шашалевіч. 1914 г. На адваротным баку здымка — прысвячэнне малодшаму брату Васілю, будучаму драматургу


2. Не давяраючы жонцы, яго бацька напісаў такі тастамент, што сям'я бедавала

«Не было, відаць, у яе [маці Андрэя Шашалевіча. — В. Дэ Эм.] дзелавой хваткі. Нездарма муж пакінуў дзіўнае завяшчанне. Ведаючы шырокую натуру сваёй жонкі, ён паставіў умову: распараджацца пэўнай зямлёй, якая належала яму, яна зможа толькі тады, калі малодшай дачцэ споўніцца сямнаццаць гадоў. Вось і давялося сям'і жыць амаль у галечы». ​(А. Рухіна. Памяць з журбы і смутку / А. Мрый. Творы. 1993).
3. Адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, хто ў сваіх творах пачаў іранічна ставіцца да сямейнай нявернасці «Я палез у ваду. /.../ Плывучы, думаў пра сваю жонку, якая не вельмі вернай мне была (як і я ёй). У гэтым годзе мне здаецца, што яна належыць і другому чалавеку, таму, якога я паважаю, з якім я не магу парваць дачыненняў, якому я шмат чым абавязан. Я не хачу разблытваць гэту гісторыю, не хачу і не магу кінуць жонкі. Яна ні ў чым мне не супярэчыць, яна вельмі ласкавая, у яе няма дзікунскіх фантазій, яна проста скарб для мяне. І я нават баюся калі-небудзь захапіць іх... Я думаю, што ў гэты час там на дачы мая жонка не адна. Мне зрабілася лядашна, і, каб знішчыць дрэнны настрой, я моцнымі ўзмахамі пачаў перасякаць плынь ракі». (А. Мрый. Рабін. 1929 / Творы. 1993).

Разам з сям'ёй

Разам з сям'ёй


4. Высмейваў мужчын, якія перад сексам з новай жанчынай не хацелі праходзіць абследаванне ў доктара

— /.../ тут ёсць перашкода! — Якая? — пытаю я здзіўлена. — А такая, што ты ўжо два гады жывеш без жонкі, дык /.../ баюся я, што ў цябе якая-небудзь трасца... «Ах, правал цябе вазьмі! — думаю я. — Ашалела баба!» Пачаў я даводзіць ёй. А ў мяне, як на зло, на губе нейкі бурдулёк прыкінуўся. /.../ — Чым ты давядзеш? Дабудзь пасведчанне ад доктара, тады паверу табе!
Тут азарт захапіў мяне. Чаго тут саромецца? /.../ Можна тавар паказаць. Я не саромлівая мімоза! Бах з сябе кашулю, высунуў уперад грудзі: напукліў іх, напружыў мускулы ды тэатральна пытаю:
— Ці можа чалавек з такой камплекцыяй, з такой мускулатурай і торсам Апалона чым-небудзь хварэць? /.../ Можа, табе паказацца ў чым матка радзіла?
— Не трэба! — махае яна рукамі. — Чаго ты ўсшэрсціўся? Калі здароў, дык чаму не згодзен? Відаць, ёсць прычына... (А. Мрый. Гармонія ў ружовым (1927) / Творы. 1993).

5. Права даваць імёны сваім дзецям належала толькі яму

«Старэйшым дзецям імёны даваў бацька. Артура ён назваў па імені героя раману Э.Л. Войніч „Авадзень“, жадаючы сыну мужнасці і стойкасці. У імені дачкі выявілася яго захапленне вобразам смяшлівай прыгажуні Аксаны з апавядання Н.В. Гогаля. /.../ мяне называў (не без суму, мабыць) Наталкай Запаляркай, па аналогіі з імем гераіні оперы М. Лысенкі „Наталка-Палтаўка“» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Разам з братам Васілём Шашалевічам і сям'ёй

Разам з братам Васілём Шашалевічам і сям'ёй



6. Першы ў беларускай савецкай літаратуры, хто паказаў камандзіра Чырвонай арміі гвалтаўніком і садыстам

«Я і падсунуўся да яе. Паненка ні божа мой, крычаць хоча, адбіваецца, як замахнецца белай ручкай — усё ў месяц мне пападае. Валтузіўся я, валтузіўся з ёю. Бачу — незмага па-добраму ўзяць. Падмануў яе ды нахрапам дабіўся свайго. Зусім знямог, аж запышку нагнаў. /.../ Усё цела томнае, і жывот томны. Ляжу як нежывы.
А паненачка плача, раве, як ваўчыха. /.../ «На тое рэвалюцыя, кажу. Не толька мы пакутуем, а і вы, паночкі, жыццю будзеце не рады...» (А. Мрый. Камандзір (1927) / Творы. 1993).

7. Ледзь не памёр ад тыфу, калі служыў у Чырвонай арміі, і таму стараўся сам сабе гатаваць ежу

«Мама казала, што бацька любіў гатаваць сам, асабліва яечню, старанна прасмажваў яе, абавязкова пераварочваў. З таго часу, як перахварэў на тыф на дзянікінскім фронце пад Новахапёрскам, ён быў вельмі асцярожны» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

8. Калі пачаў ва «Ўзвышшы» публікаваць раман «Запіскі Самсона Самасуя», то многія чытачы лічылі, што гэта запіскі рэальнага чалавека

«У рэдакцыю часопіса, у якім друкаваўся раман, ішлі пісьмы з патрабаваннямі „выключыць з партыі і выгнаць з апарату Самасуя, як прымазанніка Савецкай улады“. Героя прымалі за сапраўдную асобу, а яго „Запіскі“ за праўдзівыя дакументы жыцця. Якраз таму здзіўляліся яго беспакаранасці» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

Вокладка «Ўзвышша», дзе друкаваўся раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Вокладка «Ўзвышша», дзе друкаваўся раман «Запіскі Самсона Самасуя»



9. Не маючы рэжысёрскага досведу, ставіў касавыя спектаклі

«...за справу вельмі смела ўзяўся адзін настаўнік (А. Мрый меў на ўвазе сябе. — РС).
Ён, можа, нічога і не разумеў у драматычным мастацтве, але калі няма больш свядомага беларуса, дык, як кажуць, на бязлюддзі і поп чалавек! Ён захапіўся гэтай справай.
— Абавязкова паставім! У Маскве і ў нас — якая супаства! Правалімся, затое з трэскам! — казаў ён і рагатаў.
Пробавалі яго адгаварыць: „Гэта вар'яцтва! Цябе дурны поп ксьціў! Кінь! Толькі смяяцца будуць!“ — Нічога не памагло.
/.../ Спектакль быў стракаты. Была і сучаснасць унесена ў п'есу. Асабліва спадабалася, як мужык пасля забойства Максіміліяна ўзабраўся на трон і магутным голасам закрычаў:
— Пралетарыят перамог! Няма больш цароў! /.../
Збор быў небывалы: не толькі аплацілі ўсе выдаткі, але далі значную карысць Нардому, Чырвонаму Крыжу і Паўмесяцу» (А. Мрый. «Цар Максіміліян» у вёсцы (1925) / Творы. 1993).

Артыкул А. Мрыя ў «Савецкай Беларусі» (№ 168. Чацвер, 24 ліпеня 1924 г.)  

Артыкул А. Мрыя ў «Савецкай Беларусі» (№ 168. Чацвер, 24 ліпеня 1924 г.)  



10. Прапаноўваў Сталіну прачытаць раман пра Самасуя

«На жаль, раман астаўся невядомы рускаму чытачу. /.../ Нават цяпер, праз 10 гадоў, у мяне мільгае ерэтычная думка, што калі б выпадкова гэтая кніжка была прагледжана Вамі, яна выклікала б у Вас вясёлы смех і ніякага непрыязнага пачуцця да «рэакцыйнага пісакі, што руйнуе асновы новага жыцця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

11. Прататып Самсона Самасуя сведчыў супраць Мрыя на допытах НКВД

«Другое паказанне супроць мяне належыць Казаку, былому старшыні Цэнтар. Бюро Краязнаўства БССР (Аляксей Казак (1886–1938), сам быў арыштаваны 11.12.1937, а затым, 28.5.1938, і расстраляны. — РС). Я працаваў інструктарам ЦБ Краязнаўства з 1926–1930 г. і, вядома, знаў Казака. Гэта былы сельскі настаўнік, камуніст з 1917 г., вельмі абмежаваны, бяздарны і самазадаволены чалавек. Тыповыя рысы Самасуя /.../ спісаны з Казака. У Самасую ўсе пазнавалі Казака і часта смяяліся з яго партрэта. Нават называлі Самасуем... /.../ Гэты Казак у пачатку 1938 г. даў /.../ паказанне супраць мяне...» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

Ліст Андрэя Шашалевіча Сталіну

Ліст Андрэя Шашалевіча Сталіну



12. З дакорам згадваў, што пасля першага арышту паводзіў сябе «ганебна»

«Неабходна адкрыта сказаць, што я ганебна вёў сябе на следстве. Спачатку мяне папярэдне належна апрацавалі ў камеры „раззброеных“, пасля адкрыта сказалі, што „ўсё маё кодла контррэвалюцыйнае“, што паводле сваёй адукацыі і выхавання (я з семінарыстаў) я не магу не быць контррэвалюцыянерам, што ў выпадку непрызнання маю сям'ю чакае самая сумная доля. Я зусім разгубіўся. Як мне выявіць сваё савецкае аблічча? /.../ Хочучы ўратаваць сям'ю, я выказаў гатоўнасць прызнаць усё, што мне інкрымінавалі, хацеў поўнасцю раззброіцца. /.../ З дапамогаю натхняльнікаў з камеры я пісаў, мая бязглуздзіца паставіла следства ў тупік. Тым не менш, праз месяц мая справа была тэрмінова аформлена, і я Тройкаю АДПУ быў асуджаны на 5 гадоў і накіраваны ў... ППЛ. /.../ У лагеры да мяне вярнулася развага, пачуццё жыцця і праўды. Я напісаў заяву ў Пракуратуру СССР і шчыра выклаў усю праўду свайго жыцця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

13. Пры першым арышце быў вызвалены з канцлагера дзякуючы старанням жонкі

«Пачну з падзей сакавіка 1934 году, калі бацька быў прыгавораны да пяці гадоў зняволення ў Карагандзінскім канцлагеры. /.../ Пры апошнім спатканні з жонкай бацька перадаў ёй сваю заяву ў Пракуратуру на імя Старшыні Вярхоўнага Суду СССР. Праводзіўшы мужа ў лагер /.../ мама /.../ паехала ў Маскву і асабіста перадала заяву намесніку Старшыні. Справа была перагледжана, і праз 9 месяцаў, у лістападзе 1934 году, бацька быў вызвалены з канцлагера. Яго адправілі на вольнае пасяленне ў горад Вельск (Валагодзкай вобл.) на два гады; там ён працаваў бухгальтарам леспрамгасу Масгарпаліва /.../, яго лічылі добрым працаўніком» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Вокладка кнігі П. Загаруйкі «Шляхамі ўзбочнымі» (1932), якую пераклаў Андрэй Мрый

Вокладка кнігі П. Загаруйкі «Шляхамі ўзбочнымі» (1932), якую пераклаў Андрэй Мрый



14. У высылцы пісаў прозу, у якой закранаў гомасексуальныя матывы ды іншыя анамаліі

«...у лютым-сакавіку 1940 г. /.../ я, загорнутая ў пялюшкі, ляжала перад бацькам на стале, а ён пісаў, пісаў ... /.../. Пра тое, што бачыў, што перажыў у лагеры і на франтах /.../, цяжкі, горкі вопыт: голад, хваробы, цынга, тыф, усякія анамаліі... /.../ Аднойчы сустрэлася слова „гомасексуалізм“, і я спытала пра яго. / ... / мама /.../ патлумачыла, што гэтая тэма таксама закраналася бацькам у яго творах» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

15. Сваім раманам з лагернага жыцця «Жывы дом» творча спрачаўся з Дастаеўскім

«Шмат што ў яго творчасці ішло ад М.В. Гогаля і Ф.М. Дастаеўскага, напрыклад, жанравая форма „запісак“, у якую ён убраў свой першы раман. Здаецца, і другі раман, „Жывы дом“, быў пабудаваны ў форме „запісак“, але галоўнае ў ім — палеміка з Ф.М. Дастаеўскім. Лагер не „мёртвы дом“, а жывы — такая ідэя». (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

16. Пры жыцці ў яго не выйшла ніводнай кнігі

«...за дзесяць гадоў творчай працы (1924–1934), г.зн. да першага арышту, Андрэй Мрый не выдаў ніводнага зборніка апавяданняў ці нарысаў. Ніводзін яго твор пры жыцці не выйшаў асобнай кніжкай. У гэта цяжка паверыць, але так яно і было на самай справе. Газета „Савецкая Беларусь“, літаратурны дадатак да яе — „Чырвоны сейбіт“, часопісы „Наш край“, „Узвышша“ — вось тыя перыядычныя выданні, на старонках якіх беларускі чытач знаёміўся з творамі А. Мрыя» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасцвярджэння. Да 115-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008–2011). Выпуск 5. 2011).

17. Пасля апошняга арышту яму выбілі ўсе зубы

«... вясной 1941 году Ксенія Антонаўна (сястра А. Мрыя. — РС) з'ездзіла ў Мядзведжую Гару на спатканне з братам [Беразьляг, Архангельская вобл.]. /.../ запомніліся яе словы: „Андрэй трымаецца бадзёра, але ў яго выбітыя ўсе зубы (нібыта бервяном). Ён сказаў, што катуюць там, што не даюць спаць і ўвесь час, круглыя суткі, свецяць у вочы...“ Гэтыя катаванні ён вытрымаў, мяркуючы па пратаколах допытаў, якія праз шмат гадоў мы /.../ чыталі ў ягонай следчай справе» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Апошні прыжыццёвы здымак. 1943 г.

Апошні прыжыццёвы здымак. 1943 г.



18. Загадкава загінуў пасля таго, як яго вызвалілі з лагера

«У 2000 годзе мы з сястрой, азнаёміўшыся са следчай справай, запыталі УУС Комі пра месца смерці і пахавання пасмяротна рэабілітаванага ў 1956 годзе А. А. Шашалевіча. Вочы мае доўга адмаўляліся прыняць змест адказу. Нарэшце важуся прывесці яго: „Паведамляем, што ваш бацька Шашалевіч Андрэй Антонавіч, 1893 г.н., сапраўды адбываў пакаранне ў Усьць-Вымлягу Комі з 12.10.42, прыбыў з Беразьлягу. Ён быў вызвалены 25.09.43 і следаваў да месца жыхарства — Фрунзенская вобл., Кагановіцкі р-н, ст. Наватроіцкі. У шляху следавання 8 кастрычніка 1943 г. у цягніку быў знойдзены труп Шашалевіча Андрэя Антонавіча, пра што складзены акт — начальнік эшалона, медсястра, упаўнаважаны міліцыі. Месца пахавання невядома...“» (Наталля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман 2013, № 8).

19. «Рэабілітавалі А. Мрыя толькі на паперы»

«Рэабілітавалі Андрэя Мрыя 6 студзеня 1961 г. Але рэабілітацыя была зроблена толькі на паперы. Пасля смерці „правадыра народаў“, калі ўжо пачалі выходзіць /.../ кнігі расстраляных або закатаваных у канцлагерах /.../ [літаратараў], імя Андрэя Мрыя /.../ заставалася ў нябыце. І толькі праз трыццаць гадоў пасля рэабілітацыі выйшла яго першая кніга, якраз напярэдадні стагоддзя з дня нараджэння... Такой непавагі дзяржавы да сваіх таленавітых сыноў, мабыць, яшчэ не ведала гісторыя літаратуры...» (Леанід Маракоў. Вядомы пад псеўданімам А. Мрый. Лёс пісьменніка // Роднае слова. 2001, № 9).
Літаратуразнаўца Міхась Мушынскі дадае: «У „Гісторыі беларускай савецкай літаратуры. 1917–1941“ (1964) аўтар /.../ ацаніў раман А. Мрыя прадузята, з неабʼектыўных пазіцый, а ў змешчанай тамсама „Хроніцы літаратурнага жыцця“ імя пісьменніка ўвогуле не згадваецца...» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасцвярджэння. Да 115-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008–2011). Выпуск 5. 2011).

Мюнхэнскае выданне раману «Запіскі Самсона Самасуя» (1953)

Мюнхэнскае выданне раману «Запіскі Самсона Самасуя» (1953)


20. Яго першая кніга («Запіскі Самсона Самасуя») выйшла ў год смерці Сталіна за мяжой
 «У лісце да [прафэсара-беларусіста Норбэрта Рандава] я падзялілася з ім сваімі паўуспамінамі-паўдагадкамі пра тое, якім чынам мог быць выдадзены ў 1953 г. у Германіі раман бацькі „Запіскі Самсона Самасуя“. Мая версія зводзіцца да таго, што ў час акупацыі адзін чалавек, які з'ехаў разам з наступленнем савецкіх войск, прапанаваў маці ўзяць з ім шлюб. Яна ж засталася на радзіме — чакаць з лагера мужа. Можа быць, той чалавек і пасадзейнічаў з'яўленню мюнхэнскага выдання раману бацькі /.../ Яго зрокавы вобраз адбіўся ў маёй памяці з дня нашага расстання, і я апісала яго ў лісце да Н. Рандава, але імя яго мне невядома» (Наталля Прушынская. Новыя звесткі да біяграфіі пісьменніка А. Мрыя (Андрэя Шашалевіча) / Кантакты і дыялогі, 2001, № 11).
Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і ў прадстаўленні фотаздымкаў Вользе Гулевай і Віктару Жыбулю.
Упершыню матэрыял апублікаваны ў 2018 годзе.
Васіль Дэ Эм, Радыё Свабода