«Ніякі мір, які ўзнагароджвае расійскую агрэсію, не можа быць прымальным для Еўропы»

Украіне і яе саюзнікам удалося змякчыць новы «мірны план Трампа». У той жа час еўрапейцы справядліва настойваюць, каб мір у выніку гэтых высілкаў быў справядлівым, устойлівым, і базаваўся на міжнародным праве. Бо спосаб, якім завершыцца расійска-ўкраінская вайна, вызначыць бяспеку Еўропы на дзесяцігоддзі наперад. Ідуць 1371-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Цягам мінулых сутак ва Украіне адбылося 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 лістапада.

Траціна расійскіх атак — 61 — адбылася на Пакроўскім кірунку паблізу Шахава, Новага Шахава, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Новаэканамічнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі паблізу Александра-Шульціна, Іванаполля, Клябан-Быка, Яблонаўкі, Плешчыеўкі, Палтаўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі 17 атак расіян паблізу Зялёнага Гаю, Зацішша, Салодкага і ў бок Гуляйполя, Прылук, Варвараўкі і Дабраполля.

На Ліманскім і Славянскім кірунках расійцы атакавалі па 15 разоў на кожным.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 13 атак ў раёнах Стэпавае, Краснагірскае, Прывольнае, Паўлаўка, Ягораўка, Зялёны Гай, Воранае, Сасноўка і ў кірунку Арэстопаля.

* * *

У ноч на 25 лістапада аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія войскі прасунуліся ў шэрагу населеных пунктаў Данецкай і Запарожскай абласцей.

Паводле даных аналітыкаў, у Данецкай вобласці расійскія войскі прасунуліся паблізу Сіверска, Навасёлаўкі, Новаэканамічнага і Міралюбаўкі. У Запарожскай вобласці прасоўванне зафіксавана паблізу Зацішша.

* * *

Войскі РФ вечарам 24 лістапада абстралялі дронамі Адэсу, узніклі праблемы з электразабеспячэннем.

У ноч на 25 лістапада Кіеўская вобласць зноў перажыла маштабную атаку расійскіх сіл. Пад агнём аказаліся Браварскі, Белацаркоўскі і Вышгарадскі раёны, паведамляе ДСНС Украіны.

Паводле ратавальнікаў, наступствы ўдараў аказаліся асабліва разбуральнымі для Белай Царквы. У горадзе пашкоджаны чатырохпавярховы жылы дом. У момант атакі ў ім знаходзіліся дзясяткі людзей, частка з іх хавалася ў падвальным памяшканні, якое выкарыстоўвалася як сховішча. Ратавальнікам удалося эвакуіраваць 46 жыхароў, загінуў адзін чалавек, паранена 14-гадовая дзяўчынка.

У Кіеве ў выніку атакі пашкоджаны два жылыя шматпавярховікі. Два чалавекі загінулі, яшчэ сямёра атрымалі раненні. Ратавальнікі разбіраюць завалы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў усіх суайчыннікаў уважліва ставіцца да паветраных трывог і пагроз расійскіх удараў, і не ігнараваць іх. «Мы павінны быць свядомымі, Расія не зменшыць ціск на Украіну, і ў гэтыя дні, тыдні варта вельмі ўважліва ставіцца да паветраных трывог, да ўсіх падобных пагроз удараў...

І было б справядліва для ўсіх нашых партнёраў – і перш за ўсё для амерыканскага боку – улічваць пагрозу, якую бачыць і іх разведка, і калі ёсць перамовы, калі ёсць канструктыў, калі сапраўды заканчваем вайну, то не павінна быць ракет, не павінна быць масіраваных удараў па Украіне, па нашых людзях», — адзначыў ён.

* * *

586923552_1199419659037777_6533620205911643935_n.jpg

* * *

У Белым доме лічаць, што перамовы па спыненні вайны ва Украіне былі прадуктыўнымі, але застаецца некалькі рознагалоссяў, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт. Яна дадала, што абноўлены план трэба будзе зноў прадставіць расійскаму боку.

«Ёсць адчуванне тэрміновасці. Прэзідэнт хоча, каб гэта пагадненне было заключана і каб гэтая вайна скончылася. Прэзідэнт ЗША хоча, каб гэта пагадненне было заключана як мага хутчэй», — падкрэсліла прэс-сакратарка Белага дома.

* * *

Украіна ўнесла істотныя змены ў мірны план, прапанаваны ЗША, выключыўшы з дакумента некалькі патрабаванняў, вылучаных Расіяй, піша The Guardian са спасылкай на крыніцы, блізкія да перамоўнага працэсу.

Першапачатковы дакумент, які складаўся з 28 пунктаў, быў распрацаваны з удзелам спецпрадстаўніка Расіі Кірыла Дзмітрыева і амерыканскага дарадцы Стыва Уіткафа. Ён утрымліваў наступныя ключавыя патрабаванні да Украіны: адвод войскаў з падкантрольных тэрыторый на ўсходзе Данбаса; скарачэнне колькасці Узброеных сіл Украіны; адмова ад уступлення ў NATO.

Аднак на перамовах, што адбыліся 23 лістапада ў Жэневе, дакумент быў істотна зменены: цяпер ён уключае толькі 19 пунктаў. Украінскі бок сумесна з еўрапейскімі партнёрамі настойвае, што дыскусія па тэрыторыях павінна базавацца на актуальнай лініі фронту. Акрамя таго, вылучана дакладная пазіцыя, што тэрыторыі, акупаваныя Расіяй, не могуць быць прызнаныя яе ўласнасцю. Украіна таксама настойвае на самастойным прыняцці рашэнняў па ўступленні ў ЕС і NATO, нягледзячы на спробы Крамля заблакаваць гэтыя працэсы.

Асобныя тэмы будуць разглядацца ў іншых фарматах: аднаўленне эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Вашынгтонам і Масквой — у фармаце ЗША-Расія. Некаторыя пытанні таксама могуць абмяркоўвацца ў фармаце ЗША-Еўрасаюз.

* * *

Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна ў інтэрв'ю ВВС заявіў, што прапанаваны мірны план ЗША не аказвае ціску на агрэсара, затое стрымлівае Украіну — ахвяру жорсткага ўварвання.

«Мой мэсэдж дакладны: нічога пра Еўропу без Еўропы. Мы забяспечым, каб агрэсар плаціў, і каб ціск працягваў узмацняцца», — сказаў ён.

Па словах Цахкны, Расія не змяніла сваіх мэт. А прапанаваны мірны план не аказвае ціску на агрэсара, а наўзамен стрымлівае Украіну.

«Мір з'яўляецца справядлівым толькі тады, калі ён грунтуецца на міжнародным праве, уключаючы прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту», - падкрэсліў кіраўнік МЗС Эстоніі.

«Мы ніколі не прызнаем акупацыю, якая грунтуецца на прымяненні ваеннай сілы, як ЗША ніколі не прызнавалі савецкую акупацыю краін Балтыі і Эстоніі. Таму гэта наша прынцыповая пазіцыя», — сказаў Цахкна.

* * *

Кіраўнікі камітэтаў па замежных справах 20 еўрапейскіх парламентаў выступілі з сумесным папярэджаннем, заявіўшы, што ніякі мір, які ўзнагароджвае расійскую агрэсію, не можа быць прымальным для Еўропы. Пра гэта напісаў у сацыяльнай сетцы Х кіраўнік камітэта па замежных справах эстонскага Рыйгікогу Марк Міхельсон.

У звароце адзначаецца, што спосаб, якім завершыцца расійска-ўкраінская вайна, вызначыць бяспеку Еўропы на дзесяцігоддзі наперад, бо гаворка ідзе пра фундаментальныя і экзістэнцыяльныя інтарэсы ўсіх дзяржаў кантынента.

Падпісанты падкрэслілі, што мір павінен быць справядлівым і ўстойлівым, базавацца на міжнародным праве і прадугледжваць поўную павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.

Парламентарыі адзначылі, што дасягнуць такога міру немагчыма шляхам саступак агрэсару, бо гэта толькі заахвоціць Расію да новых дзеянняў.

Адзначаецца, што перамовы не могуць пачынацца з патрабаванняў да Украіны загадзя згаджацца на расійскія ўмовы.

Падпісанты адзначылі, што «эпоха імперый скончылася», а таму Еўропа ніколі не прызнае легітымнымі любыя расійскія прэтэнзіі на «зоны ўплыву» або «інтарэсы бяспекі», якія выходзяць за межы межаў РФ.

Асобную ўвагу аўтары надалі пытанню бяспекі. Яны заявілі, што гарантыі бяспекі для Украіны ў рамках патэнцыяльнага пагаднення павінны быць юрыдычна абавязковымі і падмацаванымі размяшчэннем сіл стрымлівання і магчымасцямі, здольнымі прадухіліць новую агрэсію. Любыя абмежаванні для Украіны па колькасці арміі або знешняй палітыцы яны назвалі недапушчальнымі. У той жа час Расія павінна як мінімум вывесці войскі з усіх акупаваных тэрыторый і супрацоўнічаць з міжнароднымі інстытутамі ў расследаванні ваенных злачынстваў.

У звароце падкрэсліваецца, што суверэнітэт Украіны, яе права самастойна выбіраць саюзнікаў, а таксама прыцягненне агрэсара да адказнасці — гэта чырвоныя лініі, якія Еўропа не можа і не будзе пераступаць.

* * *

Міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал можа наведаць Расію для працягу абмеркаванняў плана па завяршэнні вайны ва Украіне, якія адбыліся ў Жэневе, паведамляе CBS.

«Яшчэ адзін магчымы вынік перамоваў у Жэневе — гэта тое, што міністр арміі Дэн Дрыскал можа наведаць Расію», — адзначыў тэлеканал са спасылкай на амерыканскага чыноўніка. CBS таксама адзначыў, што сустрэча Дрыскала з расійскімі афіцыйнымі асобамі можа адбыцца і на іншай пляцоўцы.

Расійскія чыноўнікі паведамілі тэлеканалу, што на сёненя такая сустрэча не запланавана.

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа слаба выконвае санкцыі супраць расійскага экспартнага тэрмінала Арктык СПГ-2, заявілі чатыры члены Сената ЗША, піша Reuters.

Сенатары звярнулі ўвагу, што са жніўня аператар Арктык СПГ-2 «Наватэк» (NVTK.MM), які часткова належыць бліжэйшым паплечнікам расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, прадаў каля 14 партый СПГ, даўшы кітайскім пакупнікам скідкі прыкладна ў 30-40%.

«Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як Дональд Трамп не аказвае ціску на Пуціна і не прыводзіць Расію за стол перамоваў», — адзначаецца ў заяве сенатараў Элізабэт Уорэн, Ціма Кейна, Крыса Ван Холена і Анджэлы Олсбрукс.

Яны адзначаюць, што продаж СПГ з Arctic LNG 2 з'яўляецца «крыніцай энергетычных даходаў коштам у мільярды для ваеннай машыны Пуціна, які раней быў парушаны дзякуючы паслядоўным і мэтавым санкцыям ЗША». Былы прэзідэнт Джо Байдэн увёў санкцыі супраць праекта Арктык СПГ-2 у канцы 2023 года.

Сенатары дадалі, што Кангрэс павінен патрабаваць правядзення праверкі любога прапанаванага паслаблення санкцый ЗША, уведзеных супраць Расіі за яе ўварванне ва Украіну, «замест таго каб дазваляць Трампу адмовіцца ад астатняй часткі крытычна важнага рычага ціску».