Адкрыццё межаў: ЗША і ЕС прымусілі Лукашэнку здацца?
Тыдзень адкрытых межаў — так можна ахарактарызаваць галоўныя падзеі гэтых дзён у Беларусі. Спачатку Польшча адкрыла два памежныя пераходы, а потым Літва датэрмінова — свае пункты пропуску, раней закрытыя з-за масавых палётаў паветраных шароў. Дзяржаўная прапаганда, вядома, падасць гэта як «перамогу», але... Насамрэч, гэта Лукашэнку ўсё ж праціснулі?

Урад Літвы на пасяджэнні 19 лістапада прыняў рашэнне аб датэрміновым адкрыцці двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю: «Беняконі — Шальчынінкай» і «Каменны Лог — Мядзінінкай». Раней яны былі закрыты да 30 лістапада, але пачалі працаваць у чацвер, 20 лістапада з 00:00 па Вільні (01:00 па Мінску).
Пункты пропуску былі закрытыя з-за палётаў шароў з кантрабандай, што прыводзіла да прыпынення працы літоўскіх аэрапортаў. Літоўскія ўлады абвінавацілі рэжым у Мінску ў гібрыдных атаках і патрабавалі спыніць правакацыі. У адказ Лукашэнка загадаў не выпускаць літоўскія фуры з тэрыторыі Беларусі.
Тым не менш, перад датэрміновым адкрыццём гэтых пунктаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што беларускі бок усё ж прыняў пэўныя захады для спынення кантрабанды цыгарэт метэазондамі. «Цяпер мы бачым і можам канстатаваць, што, прынамсі, за апошні тыдзень назіраецца прыкметнае зніжэнне колькасці інцыдэнтаў з паветранымі шарамі», — паведаміў Наўседа.
Зніжэнне колькасці інцыдэнтаў ён звязвае менавіта з дзеяннямі беларускіх уладаў, паколькі «метэаралагічныя ўмовы альбо цалкам спрыяльныя, альбо спрыяюць працягу гэтай дзейнасці». Але «інфармацыя, якая даходзіць да нас, гаворыць, што іншы бок распачаў пэўныя крокі, каб гэтая дзейнасць была калі не цалкам спынена, то, прынамсі, быў пададзены выразны сігнал».
Наўседа таксама адзначыў, што на Лукашэнку, верагодна, націснулі і Штаты. «Працуючы з нашымі партнёрамі, а дакладней, з ЗША, мы дамагліся выніку. Наш партнёр таксама ясна даў зразумець беларускаму боку па сваіх каналах, што яны расцэньваюць гэтую дзейнасць як гібрыдную атаку, гэтак жа, як гэта робіць Літва. Думаю, гэта таксама павінна было зрабіць уражанне на беларускі бок, паколькі Беларусь яўна імкнецца да нармалізацыі адносін з тымі заходнімі дзяржавамі, якія імкнуцца да дыпламатычных кантактаў з аўтарытарным рэжымам», — сказаў ён.
Такім чынам, пытанне метэазондаў паказала як мінімум дзве рэчы. Першая: на Лукашэнку магчыма ціснуць для вырашэння канфліктных сітуацый, і лепш рабіць гэта з дапамогай ЗША. Беларускі «незгінаемы» цалкам сабе згінаецца, калі прыкласці да гэтага пэўныя намаганні.
І другая — кантрабанда цыгарэт у Літву адбываецца з ведама і пад кантролем беларускай дзяржавы. Інакш як бы яны ўтаймавалі кантрабандыстаў, праўда?
А яшчэ раней, у ноч на 17 лістапада, два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю адкрыла Варшава. Сам Лукашэнка казапў пра дэталі закулісных дамоўленасцяў, адлюстраваўшы дыялог у асобах: «У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых Пачобутаў, шпіёнаў прызнаюць. <…> Мы ім гаворым: "Ну добра, там два-тры чалавекі нашых ёсць. Вяртайце. <…> Пачобута хочаце — мы гатовыя пайсці і на гэта". "Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ чагосьці».
Праўда, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, кажучы пра адкрыццё пераходаў на мяжы з Беларуссю, заявіў, што гэта выключна «польскае» рашэнне, не звязанае з перамовамі з Мінскам.
«Гэта не адкрыццё мяжы, а адкрыццё памежных пераходаў у сувязі з вельмі канкрэтнымі інтарэсамі нашага мясцовага насельніцтва, прадпрымальнікаў і жыхароў. Гэта ніякім чынам не з'яўляецца часткай якіх-небудзь палітычных або датычных магчымага абмену зняволенымі перамоваў. Гэта рашэнне было самастойным і было звязана з цалкам зразумелым ціскам з боку мясцовых жыхароў. Я кажу пра жыхароў Падляшша, асабліва тых, хто пражывае паблізу мяжы, якія і так нясуць вельмі цяжкі цяжар, звязаны з агрэсіўнай палітыкай Беларусі на мяжы. Я кажу пра арганізацыю нелегальнай іміграцыі і агульную напружанасць, якая штодня суправаджае людзей на гэтым усходнім флангу», — расказаў Туск.
Ён адзначыў, што польская мяжа стала больш надзейнай, узровень затрыманняў нелегалаў складае амаль 100%, і сёння гэта «самая бяспечная і добра ахоўваная мяжа ў Еўропе».
Пры гэтым нельга не адзначыць, што адкрыццё памежных пераходаў з Польшчай планавалася раней. Але Польшча падтрымала Літву, якая ў гэты момант закрывала сваю мяжу. То бок Літва і Польшча дзейнічалі як саюзнікі па ЕС, сінхранізаваўшы свае інструменты ціску. І таксама як саюзнікі яны адзначылі, што пры пэўнай эскалацыі пункты пропуску зноў могуць быць закрытыя.
Невядома, наколькі быў праўдзівы Лукашэнка, і наколькі быў праўдзівы Туск у сваіх выказваннях наконт мяжы. Але тым не менш, пасля «ўнутранага рашэння» Польшчы ў Беларусі былі памілаваныя і вызваленыя два каталіцкія святары.
Праўда БелТА адзначае, што Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні «з улікам інтэнсіфікацыі кантактаў з Ватыканам, а таксама прынцыпаў добрай волі, міласэрнасці і абвешчанага ў Рымска-каталіцкай царкве Юбілейнага года», і Польшча да гэтага, здаецца, ніякім бокам. Але...
Святара Генрыха Акалатовіча ў снежні 2024 года прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі менавіта па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, абвінаваціўшы ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана». Анджэй Юхневіч быў асуджаны на 13 гадоў у красавіку гэтага года. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, па якіх менавіта абвінавачваннях быў асуджаны святар, невядома. Першапачаткова яго затрымлівалі па палітычных матывах — на 15 сутак за бела-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі ў Фэйсбуку, а затым яшчэ некалькі тэрмінаў арышту. На свабоду пасля гэтага ён так і не выйшаў.
Застаецца толькі «праблема Пачобута». Вядомы і знакавы для Польшчы і Беларусі журналіст і палітвязень застаецца за кратамі, і ўсе думаюць, чаму Польшча не можа яго адтуль выцягнуць. А праблема можа быць у самім Пачобуце: раней неаднаразова гаварылася пра тое, што ён адмаўляецца не толькі пісаць прашэнне аб памілаванні, але і «дэпартавацца» з Беларусі. Ён хоча застацца ў краіне, а ўлады РБ з гэтым катэгарычна не згодныя, і для беларускіх уладаў пытанне дэпартацыі, падаецца, прынцыповае.
Цалкам магчыма, што гэта і ёсць той самы нюанс, які не дазваляе Польшчы хутка вызваліць Пачобута.
Тым не менш, мінулы тыдзень паказаў: на Лукашэнку можна вынікова ціснуць — і для вырашэння спрэчных пытанняў, і для вызвалення палітвязняў. Галоўнае — рабіць гэта правільна, і пажадана, з удзелам ЗША. І тады Лукашэнка цалкам сабе прагінаецца.