«Шпіянаж на карысць Польшчы і Ватыкана». Стала вядома, у чым абвінавацілі ксяндза Акалатовіча. Хронікі рэпрэсій 8 красавіка

Важнае паведамленне перадаў вернікам з-за кратаў ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве», піша katolik.life. Гэта адбылося напярэдадні яго 65-годдзя, якое святар адзначыў 8 красавіка ў СІЗА Мінска. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

1_1097_1.png

З таго, што святару ўдалося перадаць, у агульных рысах становіцца зразумела, у чым менавіта яго абвінавацілі. Нагадаем, суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ніякіх звестак пра справу пробашча з Валожына няма.

Ксёндз Генрых сказаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана», што з'яўляецца «грубай правакацыяй». Святар падкрэсліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».

Спасылаючыся на словы кардынала Казіміра Свёнтка, якога таксама трымалі ў СІЗА КДБ, ксёндз адзначыў, што «святароў пераследуюць, каб закрыць нам раты, каб Каталіцкая царква не казала праўды».

Паводле асуджанага святара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачванне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ксёндз падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак, сярод якіх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў».

Калі фактаў няма, а ўсё роўна судзяць пад надуманай падставай — гэта палітычны працэс, лічыць святар.

У яго паведамленні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.

Нагадаем, у Валожыне знаходзіцца вайсковая частка, якая размешчана ў самым цэнтры горада ў былым палацы па суседстве з касцёлам.

Святар лічыць, што яго справа была сфабрыкаваная ў тым ліку дзеля таго, каб пад надуманай падставай, пад выглядам «нанесенай шкоды» адабраць ахвяраванні, якія ў яго канфіскавалі, і запатрабаваць яшчэ большую суму.

Акрамя таго, стала вядома, што святара схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў, але ён адмовіўся ў гэтым удзельнічаць. Ксёндз Генрых падкрэслівае, што ён ганарыцца тым, што можа пацярпець за Каталіцкую царкву, за веру, за Бога і просіць Яго даць яму сіл, каб да канца заставацца годным вучнем Хрыста.

Да ўсіх, хто чыніць беззаконне, святар ставіцца як да язычнікаў: не праклінае іх, не жадае зла, а аддае Божай справядлівасці.

Святар па-ранейшаму не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу і яму нават не дазваляюць трапіць у малітоўную залу СІЗА, паколькі яна «не для яго» і ўвесь час зачынена. У такіх месцах не маюць паняццяў пра хрысціянскія каштоўнасці, стасункі паміж людзьмі, пра 10 запаведзяў, «не ведаюць Хрыста і Бібліі», кажа ксёндз.

У святара інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, дыябет і іншыя сур'ёзныя праблемы са здароўем, але яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Хутка яго, паводле прысуду, павінны накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» чарговыя кнігі

Гаворка пра друкаваныя выданні «Даведнiк беларускага журналiста» (Фенрых Пшэмыслаў, Вячорка Вінцук), а таксама «Беларусь на разломе» (Яраслаў Раманчук, Леанід Зайко). Яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» судом Партызанскага раёну Мінска 4 красавіка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

  • старонкі ў Facebook «Ольг’ерд Мамаєнко» і «Беларускi Моладзевы Хаб»,
  • Telegram-каналы і чаты «Диаспора Беларусов Мира», «Рабочы Рух чат», «Vladimir Pogosyan |Official», «Наш-дом-Шуфлядка-чат», «Глаза Минска»,
  • старонка ў «Аднакласніках» «Свободный Гомель FREE GOMEL»,
  • старонкі ў сацсетках Аляксандра Баля.

У Бярозе прайшлі чарговыя суды — верагодна, за пратэсты 2020 года

Як паведамляе @BeloyeChernoye, 28 сакавіка ў Бярозе па палітычнай справе судзілі 2 мясцовых жыхароў — Кірыла Карпеша і Андрэя Бурына.

У пачатку студзеня актывісты пісалі, што Бурына і Карпеша затрымалі «месяцам раней» з-за пратэстаў, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года. Абодва пасля бярозаўскага ІЧУ былі змешчаныя ў брэсцкае СІЗА па гэтай справе.

З лета 2024 года ў Бярозе пачалі судзіць па крымінальным артыкуле 342 за мірныя пратэсты лета 2020 года. Жыхароў Бярозы судзяць групамі па 2-4 чалавекі. На сёння вядома пра 24 асуджаных (без уліку Бурына і Карпеша), піша @viasna_brest.

Гендакладчыца ПАСЕ па палітвязнях: Сітуацыя ў Беларусі застаецца вельмі трывожнай

Генеральная дакладчыца Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па палітвязнях у Еўропе Азадэ Райхан падрыхтавала інфармацыйную запіску да вясенняй сесіі ПАСЕ, якая адбываецца ў Страсбургу 7–11 красавіка. У ёй гаворыцца, што сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і Расіі «застаецца вельмі трывожнай».

Дакладчыца адзначыла, што ва ўмовах шырокага пераследу праваабаронцаў і палітычных апанентаў «абодва таталітарныя рэжымы пераследуюць таксама актывістаў, журналістаў, юрыстаў і арганізацыі грамадзянскай супольнасці праз адвольныя затрыманні, палітычна матываваныя абвінавачванні, гвалт і заканадаўчыя абмежаванні».

Беларусь і Расія працягваюць выкарыстоўваць крымінальнае права, антыэкстрэмісцкія меры і контртэрарыстычныя рамкі «для падаўлення іншадумства і знішчэння таго, што засталося ад незалежнай грамадзянскай супольнасці».