Суcтрэча Трампа і Пуціна у Будапешце пад пагрозай зрыву: прычына ў пазіцыі РФ
Спадзяванні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на хуткую сустрэчу з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным у Будапешце могуць праваліцца. Высветлілася, што словы Пуціна пра спыненне вайны ў абмен на Данецкую вобласць — падман. РФ па-ранейшаму выказвае максімалісцкія патрабаванні па Украіне. Ідуць 1336-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне адбылося 202 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 кастрычніка.
Траціна боесутыкненняў — 76 — адбылася на Пакроўскім кірунку ў раёнах Уладзіміраўкі, Шахава, Новаэканамічнага, Маладзецкага, Сухецкага, Радзінскага, Мірнаграду, Чырвонага Ліману, Лісоўка, Зверава, Котліна і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 26 атак расіян ў раёнах Запарожжа, Андрэеўкі-Кляўцова, Аляксандраграду, Паддубнага, Ворана, Сасноўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 22 атакі ў раёнах Аляксандра-Шультынага, Тарэцка, Кацярынаўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і Палтаўкі.
На Арэхаўскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 20 атак расіян ў кірунку Плаўні і Прыморскага, паблізу Шчарбакоў, Каменскага, Новаандрэеўкі, Малой Такмачкі, Стэпнагорска, Стэпавага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 11 атак каля Ваўчанска, Балогаўкі, Каменкі і Куцькоўкі.
* * *
У ноч на аўторак, 21 кастрычніка, расійскія войскі здзейснілі атаку на Харкаў, ужыўшы кіраваныя авіябомбы (КАБ). У яе выніку пацярпелі дзевяць чалавек, пашкоджаны прынамсі 15 дамоў у Індустрыяльным раёне.
У выніку расійскіх удараў дронамі па энергетычнай інфраструктуры Чарнігаўскай вобласці абласны цэнтр цалкам застаўся без электраэнергіі. Крытычная інфраструктура пераведзена на працу ад альтэрнатыўных крыніц сілкавання. «Чарнігаўводаканал» паведаміў, што яго аб'екты абясточаны, як і ўвесь горад, і заклікаў жыхароў рабіць запасы вады.
Без святла застаецца паўночная частка вобласці.
У ноч на 21 кастрычніка Растоўскую вобласць РФ масіравана атакавалі беспілотнікі. БпЛА збівалі над Мілераўскім і Тарасаўскім раёнамі, а таксама над гарадамі Батайск, Растоў-на-Доне і хутарам Няздвігаўка Мяснікоўскага раёна.
Губернатар вобласці традыцыйна даў справаздачу пра паспяховую працу СПА і адсутнасць пацярпелых, аднак мясцовыя жыхары публікуюць у сацсетках відэа, якія сведчаць пра разбурэнні і пажары.
На тэрыторыі Растоўскай вобласці размешчаны ваенныя аэрадромы, у прыватнасці ў Мілераве, нафтабазы і іншыя стратэгічныя аб'екты расіян.
* * *

* * *
Спадзяванні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на хуткую сустрэчу з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным у Будапешце могуць праваліцца. Прычына ў пазіцыі РФ па пытанні завяршэння вайны ва Украіне, піша CNN.
16 кастрычніка Трамп пасля тэлефоннай размовы з Пуціным анансаваў, што паміж імі пройдзе новы саміт. Але спачатку яны «дамовіліся пра тое, што на наступным тыдні адбудзецца сустрэча высокапастаўленых дарадцаў».
20 кастрычніка, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў правялі тэлефонную размову і абмеркавалі «наступныя крокі» пасля размовы Трампа і Пуціна пра магчымае завяршэнне вайны. Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, сказала, што пасля гэтага званка афіцыйныя асобы палічылі, што пазіцыя РФ па вайне ва Украіне змянілася недастаткова ў параўнанні з яе максімалісцкімі патрабаваннямі.
Прадстаўнік Белага дома сказаў CNN, што папярэдняя сустрэча паміж Рубіё і Лаўровым адкладзеная, бо ў дзяржсакратара і кіраўніка МЗС РФ аказаліся «розныя чаканні адносна магчымага завяршэння вайны Расіі супраць Украіны».
Па словах крыніцы, Рубіё наўрад ці будзе рэкамендаваць правесці сустрэчу Пуціна і Трампа на наступным тыдні. Пры гэтым, дзяржсакратар і кіраўнік МЗС РФ могуць пагаварыць яшчэ раз на гэтым тыдні.
* * *
Лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце ЗША Джон Тун заявіў, што разгляд законапраекта пра ўвядзенне новых жорсткіх санкцый супраць Расіі і яе гандлёвых партнёраў адкладзены па просьбе Белага дома, які хоча дачакацца вынікаў будучай сустрэчы прэзідэнта Дональда Трампа з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным, піша Politico.
Па словах Туна, прасоўванне законапраекта, нягледзячы на двухпартыйную падтрымку, пакуль прыпынена, каб не пашкодзіць дыпламатычным намаганням Трампа.
Гэта рашэнне стала рэзкім паваротам у параўнанні з мінулым тыднем, калі Тун заяўляў, што «прыйшоў час дзейнічаць». Але ў той жа дзень прэзідэнт Трамп правёў працяглую тэлефонную размову з Пуціным, пасля якой выказаў сумневы ў мэтазгоднасці ўвядзення новых санкцый «прама цяпер».
«Законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне высокіх пошлін для краін, якія імпартуюць расійскія энерганосьбіты, і прымяненне другасных санкцый супраць кампаній, якія падтрымліваюць энергетычны сектар РФ, мае больш за 80 суаўтараў у Сенаце. Гэтага больш чым дастаткова, каб пераадолець магчымае прэзідэнцкае вета. Аднак, нягледзячы на такую моцную падтрымку, рэспубліканскае кіраўніцтва не жадае дзейнічаць без відавочнай згоды Трампа. Сенатары асцерагаюцца, што прасоўванне законапраекта без публічнай падтрымкі прэзідэнта паставіць іх у цяжкае палітычнае становішча, калі Трамп пасля выступіць супраць яго», — піша выданне.
* * *
Венгрыя не будзе перашкаджаць зацвярджэнню 19-га пакета санкцый Еўрапейскага Саюза супраць Расіі, заявіў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта, паведамляе Euractiv.
Ён абверг чуткі пра верагоднасць блакавання новага пакета санкцый у кантэксце будучай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа ў Будапешце. «Мы не маем ніякіх планаў блакаваць яго. Нам удалося выключыць усе меры, якія б супярэчылі нашым нацыянальным інтарэсам», — адзначыў Сіярта.
* * *
Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што Украіна не павінна аддаваць свае тэрыторыі ў рамках любога мірнага пагаднення з Расіяй.
Выступаючы перад журналістамі ў Люксембургу пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС, Каллас заявіла пра недапушчальнасць гандлю ўкраінскімі тэрыторыямі ў прынцыпе.
«Калі мы проста аддадзім тэрыторыі, гэта будзе сігналам для ўсіх, што можна ўжыць сілу супраць суседзяў і атрымаць усё, што хочаш. Я лічу, што гэта вельмі небяспечна. Менавіта таму мы маем міжнароднае права, каб ніхто так не рабіў», — заявіла яна.
* * *
Італія непублічна выказала гатоўнасць далучыцца да групы саюзнікаў па NATO ў рамках спецыяльнай праграмы закупак PURL, піша Bloomberg.
Італія спачатку выступала супраць удзелу ў гэтай праграме, заяўляючы, што Украіна мае іншыя магчымасці для закупкі зброі. Змена пазіцыі была абумоўлена асцярогай, што Італія можа быць адхілена, калі праграма стане дамінуючай для некаторых саюзнікаў.
На мінулым тыдні Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ паведаміў, што больш за палову з 32 членаў Альянсу пагадзіліся выдзеліць сродкі, каб дапамагчы Украіне набыць амерыканскую зброю праз механізм PURL. Аднак па стане на верасень Кіеву ўдалося прыцягнуць толькі каля 2 мільярдаў долараў ад шасці краін, што значна менш, чым трэба, асабліва на фоне ўзмацнення расійскіх атак на энергетычную і грамадзянскую інфраструктуру.
Раней Італія ўжо дала не менш за 10 пакетаў ваеннай дапамогі, змест якіх з'яўляецца засакрэчаным. Па словах крыніц, унёсак Рыма ўключаў перадачу сістэм СПА, у прыватнасці батарэі SAMP/T.