Фрыдрых Мерц: Пуцін не спыніцца на Украіне, як не спыніўся Гітлер на Судэтах

Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц параўнаў бягучую сітуацыю па вайне ва Украіне з 1938 годам, а Пуціна — з Гітлерам у кантэксце патрабаванняў Крамля да Кіева. У той жа час брытанская разведка абвяргае пераможныя рэляцыі арміі РФ, а Украіна настойвае на дзейсных гарантыях бяспекі па «мірным плане». Ідуць 1390-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

600316510_1212872851025791_6725947698657341323_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 154 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Удачнага, Котліна, Новамікалаеўкі, Дачнае і ў бок Сафіеўкі, Кучаравага Яру, Новага Шахавага, Сухецкага, Білецкага, Радзінскага, Мірнаграда, Пакроўска, і іншых.

На Канстанцінаўскім і Гуляйпольскім кірунках Сілы абароны Украіны адбілі па 19 атак расіян на кожным.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Вербава, Краснагорскага, Прывольнага і ў кірунках Аляксандраграда, Аляксееўкі, Рыбнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў каля Сярэдняга і ў бок Новага Міру, Навасёлаўкі, Дробышава і Зарэчнага.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што расіяне вядуць наступальныя дзеянні практычна па ўсёй лініі сутыкнення, у асобныя дні колькасць боесутыкненняў дасягае 300 — гэта найбольшы паказчык з пачатку вайны.

Па словах Сырскага, колькасць расійскай групоўкі ўжо працяглы час складае каля 710 тысяч чалавек. У той жа час РФ не ўдаецца нарасціць гэтую колькасць, нягледзячы на актыўны рэкрутынг, паколькі страты штодня складаюць у сярэднім тысячу чалавек забітымі і параненымі.

Галоўнакамандуючы УСУ адзначыў, што ў лістападзе коштам велізарных страт расіяне змаглі ўзяць пад кантроль некаторыя тэрыторыі Украіны, аднак заявы расійскай прапаганды аб тэмпах прасоўвання войскаў РФ не адпавядаюць рэчаіснасці.

«На некаторых важных кірунках мы вядзем уласныя актыўныя дзеянні і зачышчаем населеныя пункты ад праціўніка. Працягваюцца нашы актыўныя дзеянні ў раёне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі: у самім Пакроўску за апошнія некалькі тыдняў мы змаглі вярнуць пад кантроль каля 16 кв. км у паўночнай частцы горада. Лагістыка ў Мірнаград складаная, але працягваецца. На Купянскім, Канстанцінаўскім і Прыдняпроўскім аператыўных кірунках страт тэрыторыі не дапушчана», — заявіў Сырскі.

* * *

У Сумах расійскі дрон трапіў у шматпавярховы жылы дом. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

У ноч на 14 снежня дроны атакавалі нафтабазу ва Урупінску Валгаградскай вобласці РФ, а таксама, па даных сацсетак, НПЗ у расійскім Яраслаўлі і Краснадарскім краі і ДРЭС у Смаленскай вобласці.

Паводле інфармацыі пабліка «Крымскі вецер», у Сімферопалі каля мясцовай электрастанцыі таксама гарэла нафтабаза. Паступалі паведамленні аб працы сістэм супрацьпаветранай абароны і выбухах у іншых гарадах паўвострава, а менавіта ў Феадосіі, Саках, Джанкоі і Севастопалі.

* * *

596557699_1213307820982294_35398068434185107_n.jfif

* * *

Расіяне нясуць цяжкія страты ў ходзе інтэнсіўных атак і цягам 2025 года страцілі ва Украіне забітымі і параненымі прыкладна 395 тысяч чалавек, сцвярджае выведка Вялікабрытаніі.

Па даных Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, украінскія вайскоўцы працягваюць утрымліваць заходнюю частку горада Сіверск, нягледзячы на пастаянныя атакі расійскіх сіл.

«Сцвярджэнні расійскіх ваенных камандзіраў, што сухапутныя войскі Расіі атрымалі поўны кантроль над украінскім горадам Сіверск на поўнач ад Данецка, з'яўляюцца хутчэй недакладнымі. Сухапутныя войскі Расіі працягваюць спробы пранікнення ў Сіверск, выкарыстоўваючы туманныя ўмовы надвор'я і, магчыма, занялі пазіцыі ў цэнтры горада», — гаворыцца ў высновах брытанскай выведкі.

Але УСУ працягваюць трымаць абарону заходняй часткі Сіверска. Горад ужо доўгі час з'яўляецца недасягальнай мэтай для расійскіх сіл, якія панеслі шэраг няўдалых спроб штурму.

У рапарце таксама ўказваецца на непраўдзівыя заявы РФ аб поўным кантролі расійскіх сіл над горадам Пакроўск. «Украінскія сілы захоўваюць абмежаваную магчымасць ажыццяўляць невялікія рэйды ў паўночную частку горада, ставячы пад сумненне поўны расійскі кантроль і стрымліваючы намаганні расіян кансалідавацца», — адзначана ў рапарце брытанскай разведкі.

* * *

У абноўленай версіі мірнага плана ЗША, які Украіна перадала Вашынгтону, адхіляецца патрабаванне перадаць Данбас расійскаму рэжыму. Таксама Украіна адхіліла патрабаванне адмовіцца ад уступлення ў НАТА, піша The New York Times.

Выданне адзначае, што абноўленая версія дакумента, якую падрыхтавала Украіна, складаецца з 20 пунктаў. З яго выкінулі большасць момантаў, якія былі непрымальныя для Кіева і адкрыта адпавядалі інтарэсам расійскага рэжыму — што патэнцыйна зрабіла план непрымальным ужо для Крамля.

Украіна патрабуе прававых гарантый абароны ад будучай агрэсіі Расіі. У прыватнасці, прапануецца зацвердзіць гэтыя гарантыі ў Кангрэсе ЗША, каб зрабіць іх абавязковымі да выканання любым амерыканскім прэзідэнтам. Украіна дастаткова навучана ўрокамі Будапешцкага мемарандума і не збіраецца давяраць ЗША «на слова».

Таксама Кіеў не збіраецца выконваць патрабаванні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які нядаўна заявіў, што Украіна павінна адмовіцца ад шэрагу сваіх тэрыторый. Лідары Еўропы і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічаць, што адмова проста ўзнагародзіць расійскі рэжым за агрэсію.

«З прапановы канфіскаваны часткі першапачатковага плана Трампа, якія перасякалі межы, дазволеныя Украінай... Украіна павінна захаваць кантроль над раёнамі на ўсходзе Украіны, якія, згодна з планам Трампа, яна павінна была б саступіць», — піша выданне.

Таксама Украіна адхіляе патрабаванне ЗША адмовіцца ад уступлення ў НАТА. Патэнцыйна гэта робіць план Украіны непрымальным для Расіі, якая не толькі хоча акупаваць як мага больш украінскай тэрыторыі, але і перашкодзіць Кіеву ўступіць у Альянс.

Далейшыя перамовы, у тым ліку па ўкраінскай версіі мірнага плана, павінны працягнуцца ў панядзелак, 15 снежня.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц параўнаў бягучую сітуацыю па вайне ва Украіне з 1938 годам, а расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна — з нямецкім дыктатарам Адольфам Гітлерам у кантэксце патрабаванняў Крамля да Кіева. Пра гэта ён сказаў, выступаючы на партыйнай канферэнцыі ХДС/ХСС 13 снежня.

Мерц нагадаў 1938 год, калі Францыя і Вялікабрытанія прымусілі Чэхаславакію саступіць Судэцкую вобласць на карысць нацысцкай Германіі і Гітлера. Парыж і Лондан думалі, што гэта дазволіць не дапусціць вайны ў Еўропе. Аднак саступка часткай тэрыторый Чэхаславакіі не зменшыла апетытаў Гітлера: усяго праз паўгода, у сакавіку 1939, Германія акупавала рэшткі Чэхаславакіі, парушыўшы ўсе свае абяцанні.

«Гэта расійская агрэсіўная вайна супраць Украіны — і супраць Еўропы. І калі Украіна падзе, вайна не спыніцца. Гэтак жа, як і ў 1938 годзе Судэцкай вобласці было недастаткова. Пуцін не спыніцца», — рэзюмаваў канцлер ФРГ.