Украіна выдае першы за чатыры гады пераклад з беларускай: артбук «Сож» на падтрымку добраахвотнікаў
Артбук «Сож» — першае з 2021 года беларускае выданне, што выходзіць ва Украіне. Усе сродкі ад продажу пойдуць на падтрымку рэабілітацыйнага цэнтра «Ланка», які дапамагае беларусам-добраахвотнікам, параненым у вайне.

«Сож» — першы з 2021 года пераклад з беларускай мовы, што выходзіць ва Украіне. Усе сродкі ад продажу накіроўваюцца на падтрымку беларускага рэабілітацыйнага цэнтра «Ланка», таму гэтая кніга — спосаб падтрымаць добраахвотнікаў, якія аддалі сваё здароўе ў гэтай вайне, і адначасова атрымаць артбук. Гэта ўжо стала традыцыяй: усе прыбыткі ад выдання арыгіналу (2023) таксама ішлі на падтрымку «Ланкі».
Кніга зробленая як дыхтоўны фотаальбом з вершамі Алеся Плоткі і фотаздымкамі Алеся Пілэцкага (Беларусь–2020) і Станіслава Крупажа (Украіна–2022). Перакладчык — вядомы беларусам Вячаслаў Левіцкі, які, між іншым, спрыяў з’яўленню ў Кіеве вуліцы Уладзіміра Караткевіча. Украінская версія атрымала назву «Сож» — у гонар ракі, што цячэ паміж дзвюма краінамі, сучаснай фізічнай і метафізічнай мяжы, «шэрай зоны» нашага часу.
Алесь Плотка каментуе: «Гэта яшчэ адно звяно ў гуманітарнай місіі, якую выконвае гэтая кніга, працяг арыгінальнай версіі. Калі я пачынаў як перакладчык з кнігі Івана Сэмесюка, на прэзентацыях было багата ўкраінцаў, якія набывалі яе для сваіх беларускіх сяброў. А цяпер і мая кніга ва ўкраінскім перакладзе можа быць цікавая не толькі ўкраінцам, але і беларусам, якія шукаюць падобны падарунак. Пагатоў што арыгінальнага беларускага выдання засталося менш за 10 працэнтаў».

Кніга выходзіць у выдавецтве «Коло», што спецыялізуецца на складаных паліграфічных праектах (напрыклад, артбук «Марыя» Грыцька Чубая), пры падтрымцы House of Europe. Папярэдняя замова працягваецца да 20 снежня, пасля кнігу можна будзе набыць у звычайных інтэрнэт-кнігарнях. Калі графікі адключэнняў электрычнасці не будуць пагаршацца, каманда праекта спадзяецца адправіць усе кнігі ўжо на зімовыя святы.