Урсула фон Дэр Ляен: «Бяспека Украіны павінна быць гарантавана як першая лінія абароны ЕС»

Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен настойвае на доўгатэрміновых гарантыях бяспекі Украіны, бо гэта «першая лінія абароны ЕС». У той жа час еўрапейцы пакуль не разумеюць гарантыі гэтай бяспекі ў «мірным плане» Трампа, і гатовыя канфіскаваць расійскія актывы, каб падтрымліваць Украіну яшчэ два гады. Ідуць 1385-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

596806803_1209175688062174_1785620573852221147_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 139 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 атакі расіян ў раёнах Шахава, Фёдараўкі, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага.

На Аляксандраўскім кірунку УСУ адбілі 17 штурмаў расіян у раёнах Зялёнага Гаю, Студзеньскага, Вербава, Рыбнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Яблуніўкі, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 15 баявых сутыкненняў у раёнах Салодкага, Прывольнага, Гуляйполе і ў бок Прылукаў.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 10 разоў каля Новаводзянога, Шандрыгалава, Калодзежаў, Дробышава, Зарэчнага і ў бок Лімана.

* * *

Увечары 8 снежня аналітыкі цэнтру DeepState паведамілі пра захоп расіянамі 5 вёсак Данецкай вобласці: Лісоўка, Сухі Яр, Гнатаўка, Рог і Новапаўлаўка. Крыху пазней DeepState паведаміла пра ўскладненне сітуацыі ў раёне Сіверска: «Расіяне працягваюць зацягваць сваю пяхоту ў горад і цяпер сітуацыя разгортваецца не найлепшым чынам... Паводле папярэдніх даных, палова населенага пункта знаходзіцца пад кантролем РФ».

Таксама DeepState напісаў аб захопе Каменскага Запарожскай вобласці і працягу штурмаў Стэпнагорска і Плаўняў. «Стэпнагорск цяжка, але яшчэ ўтрымліваюць, Плаўні вораг акупаваў і вядзе баі ў Прыморскім».

* * *

Сілы абароны Украіны адышлі на больш выгадныя рубяжы пад Пакроўскам і Мірнаградам Данецкай вобласці, паведамілі ў 7 корпусе хуткага рэагавання Дэсантна-штурмавых войскаў УСУ.

«Па рашэнні камандавання, падраздзяленні Сіл абароны ажыццявілі арганізаваны манеўр у раёне населеных пунктаў Лісіўка і Сухі Яр. Асабовы склад быў перамешчаны на больш выгадныя рубяжы», – гаворыцца ў паведамленні.

У корпусе дадалі, што гэты манеўр правялі для захавання жыццяў ваеннаслужачых, паляпшэння лагістычнага забеспячэння групоўкі і для выраўноўвання лініі фронту. «З меркаванняў бяспекі інфармацыя аб правядзенні аперацыі некаторы час не публікавалася, каб пазбегнуць рызык зрыву яе выканання», — растлумачылі ў публікацыі.

У 7 корпусе таксама паведамілі, што сітуацыя ў раёне Мірнаграда застаецца складанай, падраздзяленні абаронцаў «працягваюць выконваць пастаўленыя задачы і ўтрымліваць свае рубяжы».

* * *

596461554_1209608344685575_1861314150565013680_n.jfif

* * *

Па даных Axios, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сутыкаецца з узмацненнем ціску з боку ЗША, якія патрабуюць ад яго пагадзіцца на значныя тэрытарыяльныя і іншыя саступкі ў рамках «мірнага плана» лідара Штатаў Дональда Трампа.

Выданне адзначае, што пасля тыдняў інтэнсіўных дыпламатычных перамоваў украінцы ўсё яшчэ лічаць, што некаторыя аспекты бягучага плана ЗША выгадныя Маскве, і ЗША ціснуць на Зяленскага значна больш моцна, чым на кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна.

Украінскі чыноўнік заявіў Axios, што, на думку Кіева, прапанова ЗША пагоршылася пасля таго, як перагаворшчыкі Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер правялі 5-гадзінную сустрэчу з Пуціным на мінулым тыдні ў Крамлі.

Чыноўнік дадаў, што Уіткаф і Кушнер, здавалася, хацелі атрымаць ад Зяленскага выразнае «так», калі абмяркоўвалі з ім план падчас двухгадзіннай тэлефоннай размовы ў суботу.

«Стваралася ўражанне, што ЗША спрабавалі рознымі спосабамі пераканаць нас у жаданні Расіі захапіць увесь Данбас, і што амерыканцы хацелі, каб Зяленскі пагадзіўся на ўсё гэта падчас тэлефоннай размовы», — сказаў украінскі чыноўнік.

Ён таксама паведаміў, што прапанова ЗША ўтрымлівала больш жорсткія ўмовы, чым папярэднія версіі, па такіх пытаннях, як тэрыторыя і кантроль над ЗАЭС, і не давала адказу на ключавыя пытанні адносна гарантый бяспекі.

Выданне дадае, што ўкраінцы і еўрапейцы таксама абмяркоўваюць гарантыі бяспекі. Еўрапейскі чыноўнік сказаў, што застаецца незразумелым, якую ролю ЗША гатовыя граць у забеспячэнні гарантый і чаго яны чакаюць ад еўрапейскіх саюзнікаў.

Двое ўкраінскіх чыноўнікаў заявілі, што апошняя прапанова ЗША па гарантыях бяспекі базуецца на «больш шырокіх рамках», чым першапачатковая прапанова, але ўсё яшчэ не ўключае ратыфікаваны Сенатам дагавор.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у часе анлайн-брыфінгу заявіў, што Украіна не разглядае магчымасць перадачы якіх-небудзь сваіх тэрыторый, бо гэтага не дазваляюць ні нацыянальнае заканадаўства, ні міжнароднае права, ні маральныя прынцыпы.

«Ці разглядаем мы пытанне аддаць нейкія тэрыторыі? Мы не маем па законе ніякага права — па законе Украіны, па нашай Канстытуцыі, міжнароднаму праву, калі шчыра. І маральнага права таксама не маем. Безумоўна, Расія настойвае, каб мы аддалі тэрыторыі. Мы, безумоўна, не хочам нічога аддаваць. За гэта мы і змагаемся, вы гэта выдатна ведаеце», — заявіў ён.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што Злучаныя Штаты шукаюць кампрамісныя рашэнні па ўрэгуляванні сітуацыі.

* * *

Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у сетцы Х адзначыла, што ў перамовах аб міры Украіне павінны быць дадзены гарантыі бяспекі ў «доўгатэрміновай перспектыве як першая лінія абароны» ЕС.

«Мы пацвердзілі прэзідэнту Зяленскаму, што ЕС застаецца непахісным і адданым сваім прынцыпам. Суверэнітэт Украіны павінен паважацца. Бяспека Украіны павінна быць гарантавана ў доўгатэрміновай перспектыве як першая лінія абароны нашага Саюза», — напісала яна.

Фон дэр Ляен адзначыла, што падчас перамоваў па міры «ЕС застаецца непахісным у сваёй падтрымцы Украіны».

* * *

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер лічыць, што пагадненне аб разблакіроўцы замарожаных расійскіх актываў у Еўропе на суму да 100 млрд фунтаў стэрлінгаў (140 млрд долараў) дапамогі Украіне будзе дасягнута на працягу некалькіх дзён, паколькі перамовы аб спыненні вайны дасягнулі «крытычнай стадыі», піша The Times.

8 снежня Стармер правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а таксама са сваімі французскімі і нямецкімі калегамі, каб абмеркаваць апошнія мірныя прапановы ЗША. Гаворка ішла аб разблакіроўцы расійскіх сродкаў, замарожаных на рахунках у еўрапейскіх банках, — альбо для фінансавання ваенных дзеянняў Украіны, якія працягваюцца, альбо для фінансавання аднаўлення краіны ў выпадку заключэння мірнага пагаднення.

Фінансаванне разглядаецца як самы важны рычаг уплыву на Маскву на мірных перамовах, паколькі яно забяспечыць надзейную грашовую крыніцу для ваенных дзеянняў Украіны на два гады.

Таксама гэта адзін з нешматлікіх козыраў еўрапейцаў у мірных перамовах, які дазваляе прадухіліць фактычнае навязванне Украіне Вашынгтонам любога пагаднення.

* * *

Краіны Вялікай сямёркі гатовыя выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы, каб спрыяць дасягненню справядлівага і доўгага міру ва Украіне, а таксама падтрымліваць укараненне ёю эканамічных рэформ. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў фінансаў краін G7, якую апублікавалі 8 снежня.

Адпаведную пазіцыю агучылі падчас сустрэчы міністраў фінансаў G7, да якой таксама далучыліся прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, а таксама Савета па фінансавай стабільнасці.

«Мы і далей сумесна будзем працаваць над распрацоўкай шырокага пераліку шляхоў фінансавай падтрымкі Украіны – уключаючы магчымае выкарыстанне ўсіх расійскіх суверэнных сродкаў, замарожаных у нашых юрысдыкцыях, пакуль Расія не выплаціць рэпарацыі, – каб спыніць вайну і забяспечыць справядлівы і доўгі мір ва Украіне», — гаворыцца ў дакуменце.