Беларусь — сярод лідараў па колькасці зняволеных журналістаў. Хронікі рэпрэсій 9 снежня

 Беларускія суды працягваюць выносіць прысуды па «экстрэмісцкіх» артыкулах, наша краіна лідзіруе колькасці зняволеных журналістаў, а праваабаронцы раскрываюць новыя дэталі пра ўкраінцаў, затрыманых па палітычных матывах.

1_1097_1.png

Кіраўніка прадукту шматмільённага IT-стартапа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Юрый Храмееў нарадзіўся 5 ліпеня 1990 года. У 2016-м атрымаў дыплом праграміста ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

З 2014 года Юрый перайшоў у стартап ActivePlatform, дзе прайшоў шлях ад распрацоўшчыка да бізнэс-аналітыка і кіраўніка прадукту — спецыяліста, які вызначае, над якімі рашэннямі працуе каманда. Кампанія спецыялізуецца на платформах для кіравання воблачнымі сэрвісамі і працуе на міжнародным рынку. Паводле адкрытых звестак, яе рашэнні выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі білінгу, каталога сэрвісаў і кіравання выдаткамі на воблака. Гадавая выручка — $18,5 мільёна, паводле партала RocketReach.

Невядома, калі Храмеева затрымалі. Яго сацсеткі выдаленыя, а ў тэлеграме ён быў анлайн «вельмі даўно». Юрыя судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), піша «Наша Ніва».

Беларусь — 4-я ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала гадавы агляд аб парушэннях правоў і атаках на журналістаў у свеце. Па стане на 1 снежня за кратамі ў розных краінах знаходзіліся 503 журналісты.

Найбольш — у Кітаі (121), а таксама ў Расіі (48), дзе ўтрымліваецца найбольш замежных журналістаў. З 48 палонных медыйшчыкаў 26 — украінцы. Далей у антырэйтынгу ідуць М’янма (47 журналістаў за кратамі) і Беларусь (33), паведамляе БАЖ.

Кіраўнік клуба «Барысфен» выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту

Кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен» пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Павел Пастухоў (Станкевіч) выйшаў на волю пасля двух арыштаў па 15 сутак запар, паведамляюць крыніцы mogilev.media.

Пра яго затрыманне паведамлялася ў лістападзе. У той жа перыяд стала вядома, што сацыяльныя сеткі клуба «Барысфен» і асабістыя старонкі Паўла прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле крыніц, Пастухова наперадзе яшчэ чакае судовае разбіральніцтва, але пакуль невядома, па якой справе і якія санкцыі могуць быць ужытыя.

«Вясна» высветліла імёны ўкраінцаў, затрыманых паводле палітычных матываў і памілаваных напрыканцы лістапада

22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, што ўтрымліваліся ў беларускіх месцах няволі. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», толькі дзесяць з іх былі затрыманыя і асуджаныя паводле палітычных матываў. Пра пераслед большасці раней нічога не паведамлялася.

Раней стала вядома пра вызваленне пяці палітвязняў: 18-гадовай Марыі Місюк (13 гадоў калоніі), Міхаіла Сталярчука (6 гадоў за «агентурную дзейнасць»), Лідзіі Грук (затрыманай разам з мужам, які застаўся за кратамі), Аляксандра Катовіча (5 гадоў за каментары) і Анастасіі Кашчынай (асуджанай па «справе Гаюна»).

Цяпер «Вясне» з'явіліся звесткі, што 22 лістапада былі вызвалены яшчэ пяцёра ўкраінцаў, затрыманых паводле палітычных матываў: Сяргей Кузьміч, Аляксандр Крывіч, Надзея Нікалаюк, Касьян Кулікоўскі, Святлана Міронава.

«Вясне» раней было вядома толькі пра пераслед Нікалаюк. Былая арыштанка Акрэсціна распавядала, што ў ізалятары восенню 2024 года ўтрымлівалі ўкраінку Надзею. Яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у Брэсце адразу пасля аперацыі па выдаленні лімфомы падпахай. Жанчына прайшла толькі першы курс хіміятэрапіі, калі яе схапілі проста ў паліклініцы. Паводле яе слоў, сілавікі казалі: «Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце». Яе цягалі на допыты штодня, пазбаўляючы нармальнага харчавання.

Пасля Надзею з трэцяй стадыяй раку пратрымалі ў дэпартацыйнай камеры Акрэсціна 57 дзён. 26 снежня 2024 года яе перавялі ў СІЗА КДБ (калі вызвалілася месца ў жаночай камеры). Адтуль яе вазілі на хіміятэрапію, але графік збіўся на тры тыдні. Спачатку сцвярджалася, што яе перавядуць у СІЗА КДБ у Брэсце, але пазней жанчыну бачылі ў СІЗА на Калядзічах.

Нягледзячы на цяжкую хваробу, умовы ўтрымання былі жорсткімі: сукамерніцы дзяліліся з ёй адзеннем, бо асабістыя рэчы, у тым ліку абутак, у яе скралі ў ІЧУ. Цяпер Надзея на волі ва Украіне, але яе дом застаўся ў Беларусі, дзе яна пражыла 20 гадоў з відам на жыхарства.

Надзею абвінавачвалі ў «агентурнай дзейнасці» — нібыта яна перадавала даныя ва Украіну. Да затрымання яна працавала ў «Берасцейскім пекары».

Праваабаронцы высвятляюць абставіны пераследу іншых чатырох вызваленых украінцаў.