100-годьдзе Кастуся Акулы: у Таронта беларусы ўшанавалі пісьменьніка, які трымаў беларускі голас на чужыне

Беларуская супольнасьць Канады адзначыла 100-годзьдзе пісьменьніка Кастуся Акулы — адметнай урачыстасьцю з адкрыцьцём мэмарыяльнай дошкі, узгадкамі сучаснікаў і размовай пра значэньне ягонай спадчыны для сённяшніх беларусаў на выгнаньні.

9be1ca77_0224_4d5c_8807_18df1d550561.png

16 лістапада 2025 году Беларуская грамадзкасьць Канады адзначыла ў Таронта 100-я ўгодкі з дня народзінаў Кастуся Акулы — вядомага пісьменьніка беларускай эміграцыі, грамадзка-палітычнага дзеяча і вялікага патрыёта Беларусі. У гонар гэтага юбілею ў Грамадзкай залі Беларускага цэнтру ў Таронта сабралася блізу 60 суродзічаў К. Акулы з розных куткоў правінцыяў Антарыё і Квэбэку. Гэта быў сапраўдны сьветлы сход беларусаў, якія і праз многія дзесяцігодзьдзі на чужыне не забываюцца на сваю Бацькаўшчыну. Некаторыя з прыбыўшых ня бачыліся 20 гадоў — з таго часу, калі калісьці разам бавілі вольны час у Беларускай Хаце, што збудавана ў краіне Кляновага Ліста.

f98a8097_a8b8_4c03_ab7f_a801d6eccfbf.png

Урачыстасьць пачалася з адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі ў гонар Кастуся Акулы, усталяванай на будынку Беларускага цэнтру. Першаярарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы архібіскуп Сьвятаслаў асьвяціў дошку і прамовіў пра высокую духоўную постаць юбіляра, які нёс Беларусь у сэрцы нават у самыя цяжкія гады выгнаньня. На стале, упрыгожаным беларускімі рушнікамі, гарэла зьнічка, а кветкі, ускладзеныя прысутнымі, былі знакам удзячнасьці і памяці. Госьці атрымалі адмысловыя канадзкія паштоўкі, выпушчаныя да юбілею славутага суродзіча.

3be6ef58_590a_4b3f_80ff_a9044e27ebbe.jpeg

У залі была разгорнутая выстава-продаж кніг выдавецтваў «Грунвальд» (Міндэн, Канада) і «Беларускія Ведамасьці» (Варшава — Нью-Ёрк — Вільня).

Урачыстасьці працягнуліся Акадэміяй. Вядоўцамі выступілі Ірына Тоўсьцік — актывістка праваабарончай арганізацыі «Вясна», паплечніца ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, і старшыня канадзкага сэктару Рады БНР Алесь Кот. Прадстаўленая прэзэнтацыя «Жыцьцё і шлях Кастуся Акулы» дала магчымасьць убачыць пісьменьніка ня толькі як творцу, але і як чалавека вялікай маральнай трываласьці, які паўстагодзьдзя трымаў беларускі голас у Канадзе.

689b16df_99e3_4e5c_94c8_9e7e6be8ba5b.png

З вялікай цікавасьцю былі ўспрынятыя ўспаміны вядомых сучасьнікаў юбіляра. У залі гучалі галасы старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, кіраўніка руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазьняка, пісьменьніка Ўладзіміра Арлова — людзей, якія асабіста ведалі Акулу і клікалі яго сумленьнем беларускай эміграцыі. Сваімі ўспамінамі падзяліліся сын пісьменьніка Юрка Акула, вядомы прапаведнік Эвангельскай веры Юрка Рапэцкі, прэзыдэнт Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Канадзе паэт Юрась Шамецька. Кранальнымі былі аповеды тых, хто калісьці жыў у доме К. Акулы, калі, апынуўшыся на канадыйскай зямлі без сродкаў, ня меў магчымасьці здымаць жыльлё. Будучы чалавекам вялікага сэрца, Кастусь Акула заўсёды дзяліўся тым, што меў.

Канцэрт мастацкай самадзейнасьці надаў сьвяту разнастайнасьці і цяплыні. Гучалі сьпевы гуртоў «Яваравы Людзі» і «Яваравы дзеці», баляда пад акампанемэнт экзатычнай беларускай ліры. Цёпла і расчулена заля ўспрыняла сьпевы «Зорачка» і «Вы ад нас далёка» ў выкананьні Ірыны Мартусевіч, якія яна выконвала ў гэтай жа залі 25 гадоў таму для беларусаў паваеннай эміграцыі, сярод якіх быў і Кастусь Акула. Напрыканцы Зьміцер Леановіч выканаў шэраг ваярскіх сьпеваў пад акампанемент пяці розных беларускіх інструмэнтаў — ад дуды да гусьляў, што выклікала гучныя аплядысмэнты.

96f12bd5_1fc1_4d38_925e_e5c12194acec.jpeg

Урачыстая акадэмія выявіла постаць Кастуся Акулы з тых бакоў, якія нават канадыйскім беларусам былі дагэтуль мала вядомыя. Работа з беларускімі архівамі ў бібліятэцы Скарыны ў Лёндане (Вялікая Брытанія) і ў Цэнтры беларускіх дасьледаваньняў у Канзас-Сіці (ЗША) дала магчымасьць сабраць новыя матэрыялы і глыбей зразумець грамадзка-палітычную дзейнасьць і літаратурную спадчыну юбіляра. Кастусь Акула паўстаў як чалавек, які натхняў пакаленьні на нацыянальную сьвядомасьць, на захаваньне гонару й годнасьці ў часы савецкага заняволеньня, на барацьбу за незалежную Беларусь.

3bfc9e09_499d_42f9_b971_406cb13b4e36.jpeg

Пасьля афіцыйнай часткі акадэміі гасьцей запрасілі на фуршэт. Гамонкі й сяброўскія перамовы за келіхам віна і смачнай ежаю цягнуліся да шостай гадзіны вечара — як звычайна бывае там, дзе зьбіраюцца людзі, якіх лучыць ня толькі кроў і мова, але і любоў да супольнай Бацькаўшчыны.

Гэтае сьвята стала ня проста ўшанаваньнем аднаго чалавека — яно стала напамінкам пра нас саміх. Мы — беларусы на чужыне. Але кожны з нас можа і павінен зрабіць нешта для Беларусі:

— мацаваць Беларушчыну, навучаць сваіх дзяцей і ўнукаў беларускай мове, ствараць суполкі і культываваць сваю культуру, памятаць, хто мы, і перадаваць гэта іншым.

Усё, што мы назапашваем на чужыне — веды, досьвед, сілы — яшчэ вельмі спатрэбіцца Беларусі. І няхай прыклад Кастуся Акулы стане для нас доказам таго, як нават у выгнаньні можна трымацца свайго, любіць сваю Бацькаўшчыну і заставацца беларусамі — заўжды, усюды і нягледзячы ні на што.

У архіве доктара Янкі Запрудніка (ЗША) ёсьць унікальны зборнік-альбом з упісанымі ў яго запаветамі для моладзі ад беларускіх дзеячоў эміграцыі. У ім 28-гадовы канадыйскі беларус Кастусь Акула 8 травеня 1953 г. запісаў наступнае:

«Шчасьлівы той, хто, перамогшы штодзённыя цяжкасьці й злыбяду, аддае ўсе свае здольнасьці й сілы на будову незалежнасьці й дабрабыту свае нацыі, бо няма большага задавальненьня за тое, што прыносіць сьведамасьць выкананьня абавязку перад народам і Бацькаўшчынай».