Расія рыхтуе для ўкраінскіх грамадзян новую дэпартацыю ў Сібір

Па звестках Цэнтра нацыянальнага супраціву Украіны, на акупаваных тэрыторыях ужо паступаюць службовыя лісты з патрабаваннем «вызначыць работнікаў для магчымых доўгатэрміновых камандзіровак на Далёкі Усход і Ангара-Енісейскі макрарэгіён». Гэта можа быць першым крокам да дэпартацыі. Ідуць 1360-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж: Дэпартацыя крымскіх татар у 1944 годзе

Калаж: Дэпартацыя крымскіх татар у 1944 годзе

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 172 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 лістапада.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 атаку расіян у раёнах Сухецкага, Шахавага, Бяліцкага, Разіна, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Пакроўску, Мірнаграду, Лісаўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Плешчыеўкі, Александра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 13 разоўкаля Новага Міру, Глушчанкова, Новаміхайлаўкі, Дружалюбаўкі, Грэкаўкі, Цвердахлебава, Стаўкі і Ліману.

На Аляксандраўскім і Арэхаўскім кірунках расійцы здзейснілі па 12 атак на кожным.

На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках Сілы абароны Украіны адбілі па 11 атак расіян на кожным

* * *

Паводле аналітычнага праекта DeepState, расійскія войскі акупавалі вёску Стэпавая Навасёлаўка Купянскага раёна Харкаўскай вобласці. Таксама расіяне прасунуліся паблізу Салодкага і Новауспенаўскага.

Таксама аналітыкі DeepState паведамлялі, што расійскія войскі ўстанавілі кантроль над населенымі пунктамі Раўнаполле і Яблакава ў Запарожскай вобласці, а таксама ажыццявілі тактычнае прасоўванне на ўчастках фронту ў Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Facebook расказаў пра сітуацыю на фронце. Паводле яго, Пакроўскі кірунак застаецца галоўным у кантэксце наступлення расіян. У Пакроўску і яго ваколіцах расіяне працягваюць несці значныя страты — як у жывой сіле, так і ў тэхніцы.

Таксама ўкраінскія воіны працягваюць актыўныя дзеянні на Ачарэцінскім кірунку. Гэта прымушае расіян рассяроджваць свае сілы і не дазваляе ім сканцэнтраваць усе сілы ў раёне Пакроўска.

«Усяго за час аперацыі вызвалена 189 квадратных км, а 257,7 квадратных км ачышчана ад дыверсійна-разведвальных груп ворага», — адзначыў Сырскі.

Таксама Сырскі дадаў, што на Гуляйпольскім і Арэхаўскім кірунках расіяне працягваюць спробы знясільвання ўкраінскіх войскаў масіраванымі абстрэламі і штурмамі. Украінскія абаронцы блакуюць акупантаў паблізу населеных пунктаў Яблакава, Вясёлае і Салодкае.

«Толькі за мінулыя суткі ў аперацыйнай зоне групоўкі войскаў "Поўдзень" вораг страціў 239 чалавек забітымі і параненымі і 43 адзінкі рознай ваеннай тэхнікі», — дадаў генерал.

* * *

РФ у ноч на 14 лістапада нанесла масіраваны ўдар амаль па ўсіх раёнах Кіева. Перад абстрэламі сталіцы было вядома пра пагрозу дронаў, а таксама пра трывогу па ўсёй Украіне з-за запускаў ракет: «Кінжалаў» і «Калібраў».

Паведамляецца пра траплянні і пажары ў шматпавярхоўках і прыватных дамах, узгаранні на складах, палаючыя аўтамабілі, агонь на адкрытых тэрыторыях і дахах. Таксама пацярпелі аб'екты грамадзянскай і крытычнай інфраструктуры, з-за чаго ў сталіцы перабоі са святлом і вадой. Стала вядома пад раніцу аб зменах у руху транспарту з-за атакі.

Тры чалавекі загінулі, пацярпелых — 26 чалавек, сярод іх двое дзяцей 7 і 10 гадоў. Ратавальнікі разбіраюць завалы, колькасць ахвяр можа павялічыцца.

Расійскі Саратаў уначы атакавалі невядомыя дроны. Пад ударам апынуўся НПЗ, хоць улады афіцыйна заявілі пра пашкоджанне «грамадзянскай інфраструктуры». Відавочцы зафіксавалі пажар на заводзе.

У ноч на пятніцу, 14 лістапада, нафтабаза ў Наварасійску падверглася ракетнай атацы. На месцы ўспыхнуў вялікі пажар, фота якога публікуюць сацсеткі. Паводле іншых дадзеных, удар прыйшоўся па экспартным нафтавым тэрмінале. Канал Supernova+ піша пра як мінімум тры ўдары ракетамі Фламінга.

* * *

583694140_1190961909883552_7492684254918125041_n.jpg

* * *

Расія рыхтуе дэпартацыю ў Сібір украінскіх грамадзян, якія цяпер пражываюць на часова акупаваных тэрыторыях, піша Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны.

Сакратар Савета Бяспекі РФ Сяргей Шайгу абвясціў аб старце маштабнай «Праграмы развіцця Сібіру». Аднак галоўнай рухаючай сілай для асваення спустошаных рэгіёнаў Сібіру і Далёкага Усходу Крэмль разглядае не ўласных грамадзян, якія масава выязджаюць з краіны, а насельніцтва часова акупаваных украінскіх абласцей.

Аналітыкі ЦНС адзначаюць, што Сібір спустошана, моладзь сыходзіць, адначасова мабілізацыя выбіла сотні тысяч мужчын. Паколькі расіяне не хочуць ехаць «у тайгу на 20 гадоў», Крэмль вырашыў будаваць новую «індустрыяльную імперыю» рукамі ўкраінцаў.

Згодна з дадзенымі ЦНС, зараз на акупаваных тэрыторыях Украіны ўжо запушчаны першы этап гэтага ўтоенага механізму. У мясцовыя «адміністрацыі», школы, бальніцы і камунальныя прадпрыемствы паступаюць службовыя лісты з паметкай «тэрмінова». Сутнасць дырэктыў — «вызначыць работнікаў для магчымых доўгатэрміновых камандзіровак на Далёкі Усход і Ангара-Енісейскі макрарэгіён». Кіраўнікоў прымушаюць падаваць спісы «не абцяжараных сямейнымі абставінамі супрацоўнікаў». Аналітыкі патлумачылі, што гэтая расплывістая фармулёўка з'яўляецца першым крокам да «перасялення па дзяржаўных праграмах», замаскіраваным пад добраахвотную ініцыятыву.

«Гэты механізм амаль цалкам узнаўляе савецкія практыкі “арганізаваных набораў”, праз якія ў 40-50-х гадах XX стагоддзя былі прымусова дэпартаваны крымскія татары, украінцы з Заходняй Украіны, чачэнцы і іншыя народы. Рыторыка змянілася: Шайгу кажа пра “асваенне Сібіру”, ідэолагі рамантызуюць "перанос цэнтра развіцця на Усход"», — дадалі ў Нацсупраціве.

У паведамленні падкрэслілі, што праграма «Сібірызацыі» не з'яўляецца інвестыцыйным праектам, а інструментам мяккай асіміляцыі і спробай адарваць украінцаў ад дома, каб распусціць іх на прасторах імперскага эксперыменту.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падчас тэлефоннай размовы заклікаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага абмежаваць прыбыццё маладых украінскіх мужчын у Германію, піша Politico.

«Падчас працяглай тэлефоннай размовы я папрасіў прэзідэнта Украіны забяспечыць, каб маладыя мужчыны, у прыватнасці з Украіны, не прыязджалі ў Германію ў вялікай колькасці — ва ўсё большай колькасці, — а служылі сваёй краіне. Яны там патрэбныя», — сказаў Мерц.

У кастрычніку паведамлялася, што пасля змякчэння Украінай правіл выезду з краіны для мужчын ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў колькасць маладых украінцаў, якія прыязджаюць у Германію, вырасла ў дзесяць разоў. На гэтым фоне некаторыя кіраўнікі нямецкіх зямель прапанавалі ўвесці абмежаванні на ўезд украінскіх мужчын у Германію.

* * *

Даходы Расіі ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў у кастрычніку працягнулі падзенне з-за змяншэння аб'ёмаў экспарту і зніжэння цэн. Гэтаму спрыялі санкцыі ЗША супраць расійскіх нафтавых гігантаў і атакі ўкраінскіх дронаў на расійскія НПЗ, паведамляе Reuters са спасылкай на даныя Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА).

Згодна са справаздачай, даходы РФ ад экспарту нафты і паліва ў кастрычніку ўпалі да 13,1 млрд дол., што на 2,3 млрд дол. менш, чым у аналагічным месяцы мінулага года. Не ў апошнюю чаргу на гэта паўплывалі атакі ўкраінскіх беспілотнікаў па расійскіх нафтавых аб'ектах.

«Нядаўнія атакі Украіны на нафтаперапрацоўчую і нафтаздабываючую інфраструктуру прывялі да скарачэння экспарту нафты на 110 тысяч барэляў у суткі, да крыху больш за 5 мільёнаў барэляў у суткі», — гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым аналітыкі МЭА адзначаюць, што, паводле апошніх даных, частка адгружанай на экспарт расійскай нафты «пачала назапашвацца на вадзе, паколькі пакупнікі адмаўляюцца ад грузаў».

Адзначаецца, што другі месяц запар таксама скарачаецца экспарт нафтапрадуктаў — на 40 тысяч барэляў, да 2,3 мільёна барэляў у суткі. Гэта самы нізкі ўзровень з 2017 года.

Пры гэтым здабыча нафты ў Расіі, за выключэннем газавага кандэнсату, у кастрычніку засталася на ўзроўні верасня — 9,28 млн барэляў у суткі.

Даходы ад экспарту нафты і газу з'яўляюцца ключавой крыніцай фінансавання расійска-ўкраінскай вайны.