Украінская вайна ў Горках: як прапаганда і страх жылі за турэмнымі сценамі
Напад Расіі на Украіну заспеў Мікалая Дзядка ў ПК-9 у Горках. З-за кратаў ён бачыў, як вайна пранікае ў турму праз прапаганду, страх і нянавісць, ператвараючы людзей у носьбітаў імперскага цемрашальства.

Ілюстрацыйная выява
Напад Расіі на Украіну заспеў мяне ў Горках, піша Мікалай Дзядок. Я тады толькі прыехаў у зону, і адміністрацыя праводзіла па мне адразу тры паралельныя працэсы. Першы — гэта «абястлушчванне» (гэта калі пазбаўляюць пасылак, перадач і ўразаюць атаварку). Другі — ізаляцыя ад зэкаў. Аператыўнікі адправілі да мяне г.зв. «смотрящего» (Дзіма «Міцяй» Аўтух), каб палохаў мяне фізічным гвалтам на падставе «маляў» ад нейкіх кішэнных аўтарытэтаў («за тебя было слово положенца! У тебя по жизни поступок против людского! Если будешь...» і г.д. ) І трэці — апрацоўка штрафным ізалятарам. Каб лепш разумеў, куды прыехаў.
І вось у перапынках паміж ізалятарамі (кічамі) мне ўдаецца адным вокам паглядзець тэлевізар у ленпакоі (так, у зонах пакоі з тэлевізарам і лаўкамі па-ранейшаму называюць «ленкомнатами» — ленінскімі пакоямі, то-бок). І пасля кожнай кічы сітуацыя ўяўляецца ўсё больш змрочнай. Гучныя заявы Пуціна, нібыта абстрэлы Украінай ДНР, эвакуацыя грамадзянскіх, ды яшчэ і вучэнні з задзейнічаннем беларускіх войскаў. Але, прызнацца, я да апошняга не верыў, што Пуцін на гэта пойдзе. Думаў, палохае. Не верылася, што ён настолькі вар’ят.
Аказалася, настолькі.
Выйшаўшы з чарговай кічы, я бордзенька памыўся, памыў рэчы і пабег у ленпакой — хацелася даведацца, пачалася-ткі вайна ці не. З радасцю даведаўся б гэта не ад крыкуноў з расійскага ТБ, але са мной было забаронена размаўляць, і расказаць мне штосьці маглі толькі нешматлікія арыштанты, ды і то ўпотай. Прыйшлося глядзець Скабееву, і да мяне дайшло, што пачалося нешта жудаснае.
Запомніўся ўдар РФ па тэлевежы ў Кіеве і пратараненае грузавіком пасольства Расіі ў Дубліне. Яшчэ абсалютна шалёны ўзровень нянавісці, імперскага цемрашальства і фашызму.
Пераважная большасць зэкаў, на жаль, вата. Пасля чарговага прагляду Скабеевай на вячэрняй праверцы яны стаялі і пераказвалі адзін аднаму пачутае:
«Они же не завоёвывать пришли, а освобождать! От нациков!»
«Сейчас хохлов у*бём, а Польша следующая»
(ад хранічнага алкаголіка, які ў Горках 8-ы раз за крадзяжы) «А мне деверь на мабиле паказываит видеа — а там закопаныя биременыя жэншчыны, дзеци у земле. Усе мёртвыя! Знаиш хто ета зделау? Эта зделау Азоу!»
(маё улюбёнае) «Хохлы е*ашат всех подряд! Им не важно, жилое здание, нежилое. А вот Россия действует хирургически! Ты же даже послушай, как украинская ракета летит: ВЖЖЖРРРРРРР! А российская: взик! — и всё!»
Яшчэ ў лексіконе гэтых палітычных экспертаў з'явіліся словы «русафобія», «натаўская агрэсія».
Знаходзіцца сярод гэтых падабенстваў людзей і слухаць усё гэта было вельмі цяжка псіхалагічна.
Але былі і спрэчкі. Паводле маіх назіранняў, у кожным атрадзе было ад аднаго да трох праўкраінскі настроеных арыштантаў. Гэта альбо палітычныя, альбо маладыя і разумова развітыя (як правіла, тыя, хто сядзіць па арт. 328), альбо этнічныя ўкраінцы. Але за адкрыта выказаную праўкраінскую пазіцыю мянты нярэдка саджалі ў ШЫЗА — вядома, кожнае слова, выказанае на гэтую тэму, неадкладна даносілася аператыўніку.
На гродзенскай крытай я заспеў самы разгар мілітарысцкай істэрыі ўжо з боку Беларусі. Вучэнні НАТА, планы палка Каліноўскага, цікавыя заявы польскіх афіцыйных асоб… Усё гэта падавалася ў тым тоне, што на нас вось-вось нападуць подлыя еўрапейцы.
Ступень ізаляцыі ў Гарадзенскай крытай проста пачварная. Нават для арыштантаў не ў адзіночках адзінай крыніцай інфармацыі аб навакольным свеце робіцца газета «СБ Беларусь Сегодня» і дзяржаўнае радыё. У мяне, аднак, былі і іншыя крыніцы, таму карціна была крыху больш поўнай.
Стаўленне да магчымай вайны ў Беларусі было з боку зэкаў часта ўзаемавыключальным, як і змесціва іх чэрапнай каробкі. Разам з трывогай за блізкіх і нежаданнем быць адпраўленым у выпадку чаго на фронт (усе разумелі, што такое магчыма), я не раз і не два сустракаў думку: «Скорей бы вайна! Пойду мусоров е*ашиць!» То-бок рэальна многія думалі, што, што б ні здарылася, іх у час вайны выпусцяць на волю, дадуць зброю і права ёю свабодна распараджацца. Я здзіўляўся такой наіўнасці (ці тупасці).
Сярод палітвязняў, асабліва тых, хто не быў уцягнуты ў палітыку раней, сустракалася яшчэ меркаванне, што «ў выпадку нападу НАТА нас усіх расстраляюць у першы ж дзень», што, вядома, было бязглуздзіцай. Але ў той жа час нельга і не прызнаць, што ў мірны час нашыя жыцці для дзяржаўнай сістэмы яшчэ ўяўлялі нейкую каштоўнасць. А ў выпадку вайны, з кім бы яна ні была, яны каштавалі б вельмі мала.
Ваенны сцэнар вельмі палохаў мусароў, хаця яны і стараліся гэтага не паказваць. Мікалай Талчкоў, які неаднаразова прыязджаў да мяне ў Гродна, неяк падчас чарговай гутаркі раптам выпаліў:
— Дарэчы, на Украіну ўжо ціснуць, каб заключылі мір! Таму хутка вайна скончыцца! Так што калі ты тут сядзіш і думаеш, што вас тут НАТА вызваліць, то не думай!
І пасля дадаў:
— А ўвогуле ў выпадку вайны з вамі будзе іншая размова!
— Расстрэльваць будзеце? — спытаў я.
Ён шматзначна прамаўчаў.
У той момант было відавочна, што ён проста прагаварыў страх, які яго мучыў. Гэта не дзіўна: бандыты, якія выраслі на кульце сілы, чыя праца пабудавана на гвалце, якія не ўяўляюць сабе грамадскага ладу без гвалту, вядома, баяцца ў першую чаргу толькі сілы. Ім, што выраслі на міте аб «непобедимой России» вельмі страшна і балюча ўсведамляць, што ёсць буйнейшая рыба, якая можа іх з'есці і не падавіцца.
Вяртаючыся да арыштантаў, то неабходна прызнаць, што крымінальны свет у цэлым — вельмі прарасійскі сацыяльны канструкт — так склалася гістарычна. Усё прабеларускае, нават дзяржаўнае, сустракаецца там пераважна варожа. Пра тое, чаму так склалася, можна пісаць асобны артыкул, але для прыкладу, калі на ШЫЗА ў Гродне ўключалі Першы нацыянальны канал беларускага радыё (ідзе на беларускай мове), то з многіх камер ШЫЗА або адзіночак нярэдка раздаваліся ўдары ў дзверы і лямант:
«Выключите эту беларускую ху*ню!!!»
альбо
«Старшой, старшой! Подойди сюда! Выключи это «каго, чаго!» Я не хочу это слушать! Я не беларус, я русский!»
І таму падобнае.
І насамрэч я цалкам магу сабе ўявіць сотні, а магчыма, і тысячы беларускіх зэкаў, якія, калі б у іх была такая магчымасць, пайшлі б на фронт ваяваць супраць Украіны. Асабліва гэта тычыцца «горцаў» (людзей з вялікімі тэрмінамі) і, вядома, грамадзян Расіі, якіх таксама ў турмах хапае.
Больш за тое, гэтыя некалькі тысяч наскрозь зрусячаных людзей, схільных да гвалту, беларусафобаў, стануць праблемай і пасля таго, як мы вызвалім Беларусь. Як і ў іншых краінах, яны стануць сацыяльнай базай прарасійскіх і фашысцкіх арганізацый, папулісцкіх партый. Пра гэта варта падумаць ужо зараз.