Крывавы снежань 1989-га: хапун, пасля якога ўпала дыктатура
Жорсткае падаўленне пратэстаў часта становіцца пралогам рэвалюцый. У Румыніі ў снежні 1989 года такім пралогам стаў хапун у Тымішаары — падзея, якая запусціла ланцуг, што скончыўся падзеннем дыктатуры Нікалае Чаўшэску.

Неаднаразова жорсткае падаўленне дэманстрацый станавілася пралогам нацыянальных рэвалюцый. Адзін з найбольш яскравых прыкладаў — падзеі ў Румыніі 32-гадовай даўніны, у выніку якіх прэзідэнт краіны Нікалае Чаўшэску быў зрынуты 22 снежня 1989 года.
Ад планаў — да пратэсту
Спускавым кручком гэтай гісторыі сталі планы румынскага дыктатара, звязаныя з так званай палітыкай «сістэматызацыі». Генію Карпат — так любіў называць яго афіцыёз — была ўласцівая любоў да ўсяго гіганцкага. Яшчэ ў 1970–80-я гады Чаўшэску выношваў ідэю стварэння буйных сельскагаспадарчых комплексаў, а ў канцы 1980-х асабліва актыўна ўзяўся за яе рэалізацыю. План прадугледжваў ліквідацыю, паводле розных ацэнак, да 15–17 тысяч вёсак, у тым ліку на тэрыторыях кампактнага пражывання этнічных венграў у Трансільваніі.
Гэтыя намеры выклікалі абурэнне мясцовых жыхароў, якія публічна агучваў пратэстанцкі прапаведнік Ласла Цёкеш з горада Тымішаара. У сваіх выступах ён адкрыта выказваўся супраць планаў уладаў і заклікаў у тым ліку да пасіўнага і актыўнага супраціву. Такая актыўнасць не магла прайсці міма ўвагі спецслужбаў. Улетку 1989 года знік адзін з паплечнікаў Цёкеша. Праз некалькі дзён яго знайшлі ў лесе — прывязаным да дрэва і расстраляным ва ўпор. Паводле распаўсюджанай версіі, да забойства былі датычныя супрацоўнікі сакрэтнай службы Секурытатэ.
Тымішаара: першы выбух
16 снежня 1989 года прыйшлі і за самім Цёкешам. Афіцыйнай падставай стала яго выселена з дома ў Тымішаары за нібыта распальванне міжнацыянальнай варожасці. У абарону пастара спачатку выйшлі прыхаджане, потым — венгерскае насельніцтва горада, а неўзабаве і ўся Тымішаара.
Вельмі хутка першапачатковая прычына пратэсту была забытая, і на вуліцах загучалі антыкамуністычныя і антыўрадавыя лозунгі. Яны ўзніклі не на пустым месцы. Імкнучыся як мага хутчэй расплаціцца з фінансавымі абавязкамі перад МВФ, Чаўшэску ўвёў жорсткую эканомію электраэнергіі. Румыны былі вымушаныя амаль па графіку заставацца без святла ў дамах. Сваю ролю адыграла і агульная стомленасць грамадства ад фігуры дыктатара, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў.

Натоўп арганізавана рушыў да цэнтра Тымішаары, спрабуючы спачатку мірна паразмаўляць з прадстаўнікамі гаркама партыі і мэрыі. Пасля з’яўлення міліцыі пачаліся сутычкі. Маніфестантаў удалося адціснуць з цэнтру, аднак тыя захапілі вадамёты і выкінулі іх у раку.
Наступным аб’ектам атак пратэстоўцаў сталі кнігарні. Не толькі таму, што ў румынскіх прадуктовых крамах тады было пуста. Захапіўшы кнігарні, людзі разводзілі вогнішчы і палілі кнігі, аўтарам якіх быў Чаўшэску. Раніцай 17 снежня натоўп зноў рушыў у бок гаркама, і на гэты раз мітынгоўцам удалося ўварвацца ў будынак.
Калі страляюць у натоўп
Пра гэта неадкладна даклалі Чаўшэску, які аддаў загад Секурытатэ і ўзброеным сілам страляць у дэманстрантаў на паразу. Паводле некаторых сведчанняў, салдаты стралялі з вельмі невялікай адлегласці. Таксама сцвярджалася, што выкарыстоўваліся кулі тыпу «дум-дум», якія лёгка разрываюцца пры траплянні ў цэль, што значна зніжала шанцы параненых на выжыванне.
Паводле розных афіцыйных і неафіцыйных ацэнак, было забіта ад 50 да 600 чалавек. Амерыканскія СМІ пазней пісалі, што тагачасны прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы нібыта звяртаўся да Міхаіла Гарбачова з просьбай накіраваць у Румынію савецкія войскі, каб спыніць бойню.
Пасля падаўлення пратэстаў улады сутыкнуліся з новай праблемай — што рабіць з целамі загінулых. Па асабістым загадзе жонкі дыктатара Алены Чаўшэску ўвечары 17 снежня была распачатая аперацыя «Ружа», мэтай якой стала замесці сляды масавага расстрэлу. Целы дэманстрантаў загортвалі ў мяхі і таемна перавозілі ў Бухарэст, дзе спальвалі ў крэматорыі. Попел вывезлі за межы горада і рассыпалі. Паводле сведчанняў, сваякам расстраляных у моргах выдавалі чужыя целы — людзей, якія памерлі натуральнай смерцю, але з абязвечанымі тварамі.
Праўда, якую не ўдалося схаваць
Аднак татальная сакрэтнасць не дапамагла схаваць праўду. Шок ад яе быў настолькі моцны, што румыны перасталі баяцца. 20 снежня мітынг, задуманы як дэманстрацыя лаяльнасці ўладзе, ператварыўся ў масавы пратэст.
У Бухарэсце пачаліся антыўрадавыя выступы, у тым ліку пад лозунгамі помсты за ахвяраў Тымішаары. Паліцыя і армія апынуліся паралізаванымі, а частка высокапастаўленых вайскоўцаў перайшла на бок паўстанцаў. Адзіным шляхам уцёкаў для пары Чаўшэску стаў верталёт з даху прэзідэнцкага палаца. Аднак у выніку яны былі злоўленыя і расстраляныя.
Румынскія і міжнародныя гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, ці былі падзеі снежня 1989 года стыхійным паўстаннем, ці вынікам змовы часткі ваенных і партыйнай эліты. Пісалі, што ўнутры арміі існавала група афіцэраў — прыхільнікаў курсу Гарбачова, якая схіліла салдат перайсці на бок пратэстоўцаў. Але нават гэтая версія не ставіць пад сумнеў галоўнае: вырашальным імпульсам румынскай рэвалюцыі стаў гнеў людзей, выкліканы крывавым хапунам у Тымішаары.