Кансэрватыўная сэксуальнасьць: памяці Брыжыт Бардо
Брыжыт Бардо ўвайшла ў гісторыю двойчы – спачатку як жанчына, якая перакуліла французскае кіно і зрабіла 60-я эпохай новай свабоды на экране, а потым як публічная фігура, што адмовілася быць «легендай кіно» і пачала гучна казаць пра Францыю, якую прагнула бачыць. Яна сышла з кіно на піку славы, але засталася ў цэнтры падзеяў праз абарону жывёлаў, рэзкія заявы пра іміграцыю і іслам, і адкрытыя сімпатыі да кансэрватыўных сілаў. Абедзьве Брыжыт зачароўвалі людзей – і тая прыгажуня, што захапіла кіно, і грамадзянка, якая не баялася быць нязручнай.

Брыжыт Бардо
Мастацтва
Брыжыт Бардо мела ўсе шанцы прыйсьці ў кіно як «яшчэ адна прыгожая дзяўчына з афішы», але стала зьявай, якая прымушае камэру працаваць інакш. У яе была рэдкая здольнасьць, нават калі сцэнар выпісваў ёй ролю «спакусы», у кадры раптам узьнікала нешта куды больш складанае, а менавіта напружаньне свабоды.
Бардо глядзела на сьвет так, быццам ён ёй нічога ня вінны, а яна яму – тым больш. Гэта зрабіла яе новым словам у эўрапейскім кінематографе. Яе нараджэньне як кінаміту адбылося ў сярэдзіне 1950-х.
Фільм «І Бог стварыў жанчыну» 1956 года, які паставіў муж акторкі Ражэ Вадзім, стаў выбухам. Бардо там не «фам фаталь» і не «нявінная» дзяўчына, але жывая стыхія. Яна ходзіць, таньчыць, злуецца, кахае, адштурхоўвае, зноў вяртаецца, і ўсё гэта без тых рамак, якімі кіно да яе звычайна абклейвала жаночую гераіню. Пасьля гэтага ўжо было немагчыма ўявіць, што на экране жанчына павінна толькі ўпрыгожваць чужую гісторыю, бо Бардо стала гісторыяй сама.
Пры гэтым яе яшчэ спрабавалі ўкласьці ў простую формулу «сэкс-сымбалю», але кіно з Брыжыт паказала, што формула не працуе. У «Праўдзе» Анры Жоржа Клузо 1960 года яна раптам робіцца балючай і ўразьлівай і выходзіць перад гледачом без макіяжу, як чалавек, якога судзяць не толькі ў судовай зале, але і вачыма натоўпу. У гэты момант Францыя ўбачыла, што Бардо можа быць вялікай драматычнай акторкай.
Глядзіце таксама

Потым быў трэці найлепшы фільм у яе фільмаграфіі – «Пагарда» Жан-Люка Гадара 1963 года. У стужцы сама прысутнасьць Бардо працуе як пытаньне: што робіць з чалавекам кіно, калі яно ператвараецца ў бізнэс, а цела – у тавар?
Фінальныя тытры ў кіно Брыжыт Бардо стварыла сама. У 1973 годзе францужанка пакінула экраны ў 39. Яна адмовілася ад роляў, ад вяртаньняў, ад вечнага попыту на яе, і праз гэта зрабіла свой міт яшчэ мацнейшым. Бо ў гісторыі кіно рэдка сустракаецца чалавек, які кажа: «Хопіць» – і сапраўды сыходзіць. На падобным узроўні можна ўзгадаць хіба вялікую Грэту Гарба за трыццаць гадоў да Брыжыт.
Пасьля кіно большую частку жыцьця Бардо прысьвяціла палітыцы і жывёлам.

Брыжыт Бардо
Правы бок Бардо
Пра палітычныя погляды Брыжыт Бардо часта даводзілася чытаць допісы, калі пра гэта казалі нібы з паблажлівым уздыхам, быццам гэта «позьнія дзівацтвы зоркі». Але насамрэч яе правыя прыхільнасьці зьяўляюцца працягам таго самага характару, які калісьці выбухнуў у кіно.
Яна адкрыта называла сябе кансэрватаркай і патрыёткай, з наборам тэзаў, якія лёгка ўкладаюцца ў гэтую парадыгму: парадак, межы, скепсіс да мультыкультуралізму, непрымірымасьць да таго, што яна бачыла як размываньне французскай ідэнтычнасьці.
Яна ніколі не ўваходзіла ў нейкую палітычную партыю, але дзейнічала як публічная асоба, якая падтрымлівае тых, каго лічыць патрэбнымі, і часам магла ўдарыць словам так, што гэта адгукалася судовымі выракамі.
Шырока вядомае яе прызнаньне, што «найлепшы палітычны момант» для яе адбыўся ў 1958 годзе, у 24 гады, калі яна ўпершыню ў жыцьці прагаласавала за генэрала Шарля дэ Голя. Пазьней, у 1974 годзе, падчас прэзідэнцкай кампаніі, Бардо насіла майку з выявай правацэнтрыста Валеры Жыскар д’Эстэна, які і перамог на выбарах.
Для Бардо дэ Голь быў папулізатарам і абаронцам ідэі дзяржавы: суверэннай, ганарлівай, вялікай, той Францыі, якую яна бачыла і любіла. Той Францыі, якую мы бачым у ранейшых фільмах.
Яна была асабіста набліжаная да кола непрымальнікаў сацыялізму. Яе чацьверты муж, Бэрнар д’Армаль, быў дарадцам Жан-Мары Ле Пэна. На працягу дзесяцігодзьдзяў яна адкрыта выказвала сімпатыі да Жан-Мары і яго дачкі Марын Ле Пэн.

Брыжыт Бардо
У 2012 годзе Брыжыт Бардо напісала ліст мэрам Францыі, заклікаючы дапамагчы Марын Ле Пэн сабраць неабходныя подпісы для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Пазьней яна называла Марын асобай, здольнай «узяць Францыю ў рукі», вярнуць зразумелы кантроль на межах, і нават параўноўвала Ле Пэн з Жанай д’Арк XXI стагодзьдзя.
Бардо рэзка выступала супраць роста ўплыву ісламу ў Францыі, і асабліва супраць практык, зьвязаных з рытуальным забоем жывёлаў (у тым ліку ў кантэксьце мусульманскіх сьвятаў).
За шэраг выказваньняў і лістоў, дзе крытыка ісламскіх практыкаў пераходзіла ў абагульненьні пра мусульманаў і іміграцыю, яна неаднаразова атрымлівала прысуды і штрафы, у прыватнасьці, у 2008 годзе суд аштрафаваў яе за «падбухторваньне да нянавісьці».
У апошнія гады Брыжыт не выносіла Эмануэля Макрона, і публічна падтрымала на выбарах у 2022 годзе правага кансэрватыўнага палітыка Эрыка Зэмура (пазьней у той жа электаральнай кампаніі яе голас перайшоў да іншага, зусім малавядомага ў нас палітыка Нікаля Дзюпон-Эньяна).
Пра яе погляды красамоўна сьведчыць і самы сьвежы факт, датычны музыкі. Брыжыт Бардо рашуча стала на абарону ізраільскай сьпявачкі Эдэн Галан, удзельніцы «Эўрабачаньня-2024», якая выступала на фоне гучных заклікаў да байкоту Ізраілю і хвалі агрэсіўных прахамасаўскіх нападак у яе адрас. Пасьля фіналу, дзе Галан заняла 5-е месца, Бардо з дому ў Сэн-Трапэ апублікавала публічнае віншаваньне ў сацсетках. Яна назвала сьпявачку «цудоўнай», «таленавітай» і «мужнай», асобна падкрэсьліўшы яе годнасьць і тое, як яна вытрымала ціск.
Бывай, Брыжыт!