Уладзімір Зяленскі: Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для ўдараў па Заходняй Украіне
Па словах украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, Расія размяшчае сістэмы кіравання «Шахедамі» наўпрост на беларускіх пяціпавярховых дамах побач з мяжой Украіны. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) не выключае, што РФ з Беларусі кіруе БПЛА для ўдараў па Украіне, і будзе рабіць гэта надалей. Ідуць 1403-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Фота з uk.sports.yahoo.com
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 258 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 63 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Шахава, Панкоўкі, Ніканораўкі, Мірнаграду, Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Навасергіеўкі і Дачнага.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 33 разы каля Грэкаўкі, Новавадзянога, Новаягораўкі, Навасёлаўкі, Копанкі, Калодзежаў, Сярэдняга, Рэдкадубу, Карпаўкі, Зарэчнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 спробу расіян прасунуцца ў раёнах Варвараўкі, Салодкага і Гуляйполя.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі.
На Аляксандраўскім кірунку раксійцы здзейснілі 21 атаку паблізу Зяленага Гаю, Ялты, Тоўстага, Січневага, Вербава, Вішнёвага, Варанога і Рыбнага.
На Купянскім кірунку адбылося 12 баявых сутыкненняў у раёнах Пясчанага, Круглякоўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім і Арэхаўскім кірунках зафіксавана па 9 боесутыкненняў на кожным.
* * *
Украінскія войскі працягваюць дамагацца тактычных поспехаў у Купянску, і расійскія ваенныя блогеры ўсё часцей прызнаюць поспехі Украіны, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Апублікаваныя 24 снежня відэа з геалакацыяй паказваюць, як расійскія войскі наносяць удары па ўкраінскіх сілах у цэнтры Купянска, што паказвае на нядаўняе прасоўванне ўкраінскіх войскаў у гэтым раёне.
Расійскія ваенныя блогеры пацвердзілі, што ўкраінскія войскі прасунуліся ў цэнтральным, заходнім, паўночна-заходнім і паўднёвым Купянску, а адзін з ваенных блогераў заявіў, што расійскія войскі ўжо не займаюць пазіцыі ў цэнтральным Купянску.
Расійскі ваенны блогер заявіў, што наступы ўкраінскіх войскаў ва ўсходнім Купянску зрабілі становішча расійскіх войскаў на заходнім (правым) беразе ракі Аскол «безнадзейным», паколькі гэта быў апошні раён, праз які расійскія войскі маглі забяспечваць падраздзяленні на правым беразе. Таму арміі РФ прыйшлося неадкладна пакінуць значную частку сваіх пазіцый на правым беразе.
* * *
У ноч на 27 снежня расіяне атакавалі Кіеў і вобласць, пацярпеў чалавек, ёсць пашкоджаныя будынкі, атака працягваецца. На раніцу 27 снежня Кіеў застаецца пад ударам дронаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
На фоне пагрозы расійскай ракетнай атакі па тэрыторыі Украіны 27 снежня Польшча падняла ў паветра ваенную авіяцыю, паведаміла аператыўнае камандаванне УС Польшчы ў Х.
«У сувязі з актыўнасцю авіяцыі Расійскай Федэрацыі, якая ажыццяўляе ўдары па тэрыторыі Украіны, ваенная авіяцыя пачала дзейнічаць у польскай паветранай прасторы», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што такія аперацыі маюць прэвентыўны характар і накіраваны на забеспячэнне бяспекі і абарону паветранай прасторы, у прыватнасці ў раёнах, якія прылягаюць да зон пад пагрозай.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Axios пацвердзіў, што гатовы вынесці план прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па спыненні вайны на агульнаўкраінскі рэферэндум, калі РФ пагодзіцца на спыненне агню мінімум на 60 дзён.
Зяленскі лічыць, што 60-дзённае спыненне агню для арганізацыі і правядзення галасавання з’яўляецца мінімумам, бо правядзенне такога рэферэндуму будзе мець значныя палітычныя, лагістычныя ўскладненні і ўскладненні ў сферы бяспекі.
Высокапастаўлены чыноўнік ЗША заявіў Axios, што расіяне разумеюць неабходнасць спынення агню, калі Зяленскі аб’явіць рэферэндум, але хочуць карацейшы тэрмін.
Зяленскі адзначыў: калі людзі не прыйдуць галасаваць з-за праблем бяспекі, вынік рэферэндуму можа быць нелегітымным, і «лепш наогул не праводзіць рэферэндум, чым праводзіць рэферэндум, на якім людзі не будуць мець магчымасці прыйсці і прагаласаваць».
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, большасць аспектаў двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і Украінай ужо вызначаны, хоць ёсць некаторыя «тэхнічныя рэчы для далейшага абмеркавання». Паводле даных Axios, адна з іх — гэта тэрмін дзеяння пагаднення; ЗША прапанавалі 15-гадовы пакт, які можна аднавіць, хоць Зяленскі лічыць, што Украіне трэба больш за 15 гадоў.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв’ю New York Post заявіў, што аптымістычна настроены адносна канчатковага заключэння мірнага пагаднення падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў яго клуб Mar-a-Lago ў нядзелю, 28 снежня.
На думку Трампа, і Украіна, і Расія нібыта зацікаўлены ў дасягненні дамоўленасцей, аднак па-рознаму: «Я думаю, што яны хочуць гэта зрабіць зараз, і я думаю, што Расія хоча гэта зрабіць. Але кожны раз, калі адзін хоча гэта зрабіць, другі не хоча».
* * *
Ад Расіі паступалі сігналы аб тым, што адказ на ідэі, выкладзеныя ва ўкраіна-амерыканскім праекце рамачнага мірнага пагаднення, Крамль дасць ужо пасля Новага года, паведаміла РБК-Украіна крыніца, набліжаная да перамоўных працэсаў.
Як патлумачыў суразмоўца, Расія спрабуе і далей імітаваць сваю зацікаўленасць у мірных перамовах, перш за ўсё каб пазбегнуць абвінавачванняў з боку ЗША ў зрыве перамоў. Тады як насамрэч РФ мае намер і далей працягваць вайну.
«Мы не хочам даць расіянам зацягваць працэс. Яны зацікаўлены і далей зацягваць вайну і працягваць абстрэлы Украіны. Мы — не зацікаўлены ў зацягванні, таму літаральна штодня працуем з камандай Трампа. І многія рэчы ўжо гатовыя, па некаторых пытаннях — яшчэ трэба пагаварыць прэзідэнтам. Па некаторых пытаннях мы актывізуемся максімальна, каб у расіян не было палітычнай магчымасці тармазіць працэс», — сказаў суразмоўца РБК-Украіна.
* * *
Расіяне выкарыстоўваюць для ўдараў па Украіне абсталяванне, якое размешчана на жылых дамах у Беларусі, піша РБК-Украіна са спасылкай на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Telegram.
Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, ён правёў пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага, якая была сфакусавана на процідзеянні расійскім ударам «Шахедаў», украінскай «Лініі дронаў» і дыпстрайках.
Зяленскі звярнуў увагу, што расіяне спрабуюць абыходзіць абарончыя пазіцыі перахопнікаў праз тэрыторыю Беларусі.
«Паводле даных нашай разведкі, абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ва ўдарах супраць Украіны, у населеных пунктах Беларусі побач з мяжой размяшчаецца, у тым ліку, на жылых дамах», — адзначыў Зяленскі.
У прыватнасці, антэны і іншае абсталяванне, якое дапамагае наводзіць «Шахеды» на мэты ў заходніх рэгіёнах Украіны, усталёўваюць на дахах звычайных пяціпавярховак.
«Гэта абсалютнае грэбаванне да чалавечых жыццяў, і важна, каб у Мінску перасталі з гэтым гуляць. Праінфармуем партнёраў і будзем рыхтаваць агульныя адказы», — сказаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), каментуючы словы Уладзіміра Зяленскага пра «Шахеды» з Беларусі, адзначае ўдары расійскіх беспілотнікаў 26 снежня па чыгуначнай станцыі Ковель у Валынскай вобласці (64 кіламетры на поўдзень ад беларускай мяжы) і Корасценя ў Жытомірскай вобласці (прыкладна за 50 кіламетраў на поўдзень ад беларускай мяжы). Расійскія ваенныя блогеры сцвярджалі, што расійскія войскі выкарыстоўвалі беспілотнікі «Герань», а ўкраінскі эксперт па радыёэлектроннай барацьбе Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў 23 снежня ацаніў, што расійскі аператар беспілотніка, які, верагодна, знаходзіцца ў Беларусі (прыкладна за 80 кіламетраў), выкарыстаў беспілотнік «Шахед» з відам ад першай асобы і анлайн-кіраваннем для нанясення ўдару па цягніку, які рухаўся.
Раней ISW назірала, як расійскія войскі пераследавалі лакаматывы ў Чарнігаўскай і Сумскай абласцях з дапамогай беспілотнікаў «Шахед» і «Герань», аснашчаных камерамі і магчымасцямі радыёкіравання. 22 снежня ISW ацаніла сітуацыю так: расійскія сілы альбо запускалі беспілотнікі ў Жытомірскай вобласці з Беларусі, альбо выкарыстоўвалі новую расійскую тэхналогію.
«Расія дэ-факта анексавала Беларусь і выкарыстоўвала яе ў якасці плацдарма для нанясення ўдараў і пачатку ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Расія, верагодна, працягне развіваць свае ваенныя магчымасці ў Беларусі для падтрымкі сваіх ваенных аперацый ва Украіне і створыць умовы для выкарыстання Беларусі ў любых будучых ваенных аперацыях з НАТА» — заявілі эксперты ISW.