Эканамісты: 2026 год стане для Расіі «першым цяжкім годам вайсковай аперацыі»

Як вядома, СССР разваліўся, бо не здолеў вытрымаць «гонку ўзбраенняў» і цяжар ваенных выдаткаў. Падобна на тое, што нешта кшталту таго назіраецца ў Расіі. Але Пуцін не збіраецца заканчваць вайну, бо яму рапартуюць пра хуткую перамогу. Ідуць 1399-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з lenta.ru

Фота з lenta.ru

Агулам на працягу мінулых сутак зафіксавана 205 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 снежня.

На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны спынілі 58 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Мірнаграду, Радзінскага, Пакроўску, Роўнага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы 31 раз атакавалі ў раёнах Пляшчыеўкі, Русінага Яру, Шчарбінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Клебан-Быка, Сафіеўкі і ў бок Берастака.

На Аляксандраўскім і Гуляйпольскім кірунках расіяне здзейснілі па 13 атак на кожным.

На Купянскім кірунку за суткі адбылося 11 атак арміі РФ у раёнах Пясчанага, Загрызавага і ў бок Курылаўкі, Наваплатонаўкі, Купянска.

На Арэхаўскім і Ліманскім кірунках адбылося па 10 атак расіян на кожным.

* * *

У ноч на аўторак, 23 снежня, расійскія войскі ажыццявілі масіраваную атаку беспілотнікамі на паўночныя раёны Сумскай вобласці, трапіўшы ў грамадзянскую інфраструктуру, праз што ў рэгіёне назіраюцца праблемы з электразабеспячэннем. Паводле папярэдняй інфармацыі кіраўніка АВА Сумскай вобласці Алега Грыгорава, у выніку начной атакі людзі не пацярпелі.

Увечары 22 снежня расійскія войскі атакавалі Адэсу ўдарнымі беспілотнікамі: пашкоджана прыпортавая інфраструктура і судна, паведаміў старшыня Адэскай АВА Алег Кіпер. Інфармацыя аб пацярпелых не паступала.

Раніцай 23 снежня па ўсёй тэрыторыі Украіны абвешчаная маштабная паветраная трывога. Расійскія войскі ажыццяўляюць камбінаваную атаку з ужываннем крылатых ракет і ўдарных беспілотнікаў.

У ноч на 23 снежня БПЛА атакавалі Будзёнаўск Стаўрапольскага краю Расіі. Мясцовыя ўлады пацвердзілі пажар у прамысловай зоне, у сацсетках паведамляюць пра трапленне ў нафтахімічны завод «Стаўрален».

* * *

605124493_1219997620313314_1901082799220119722_n.jfif

* * *

Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус не верыць у сцэнар поўнамаштабнай вайны паміж Расіяй і NATO, але не здымае неабходнасці ўзмацняцца і нарошчваць вытворчасць узбраенняў, піша Die Zeit.

Пісторыуса папрасілі пракаментаваць словы генеральнага сакратара Альянсу Марка Рутэ аб тым, што NATO павінна быць «гатовае да вайны такога маштабу, якую перажылі нашы дзяды і прадзеды».

«Магчыма, ён хацеў яскрава апісаць, што можа адбыцца. Я не веру ў такі сцэнар. На маю думку, Пуцін не мае намеру весці поўнамаштабную сусветную вайну супраць NATO», — сцвярджае кіраўнік Мінабароны Германіі.

Пісторыус мяркуе, што Пуцін імкнецца знішчыць NATO знутры, падвяргаючы сумневу ягонае адзінства і правяраючы рэакцыю Альянсу на неаднаразовыя парушэнні сваёй прасторы.

«Ці застануцца знішчальнікі Eurofighter саюзнікаў на зямлі, таму што яны больш не ўспрымаюць гэта сур'ёзна? Ці адступяць яны, бо нічога не адбываецца? Ці яны гатовыя абвясціць артыкул 5, калі нешта здарыцца на межах Балтыі? І Пуцін стратэгічна працуе над тым, каб прымусіць амерыканцаў адступіць», — патлумачыў свой пункт гледжання чыноўнік.

* * *

Расійскія генералы і спецслужбы ўпрыгожваюць даклады аб сітуацыі на фронце для расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, каб той верыў у «непазбежную перамогу» Расіі, паведамляе Financial Times, спасылаючыся на заходніх чыноўнікаў.

Пуцін пад уплывам фэйкавай інфармацыі, якая паступае ў Крэмль, адмаўляецца пайсці на выгадныя для яго ўмовы заканчэння вайны, якія прапануе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Два неназваныя чыноўнікі адзначылі, што расійскія вайскоўцы і спецслужбы рэгулярна падаюць Пуціну справаздачы, у якіх завышаюць колькасць страт Украіны, падкрэсліваюць перавагі РФ у плане рэсурсаў і памяншаюць тактычныя правалы.

Такая аптымістычная карціна, якую малююць дыктатару на вайсковых брыфінгах, прымушае яго верыць, што ён можа выйграць вайну.

Сляпая вера Пуціна не мяняецца, нават нягледзячы на тое, што ён «рэгулярна сустракаецца з даверанымі асобамі, якія тлумачаць яму, як вайна становіцца вялікім цяжарам для эканомікі Масквы».

* * *

Расійцы ўсё больш актыўна эканомяць на прадуктах і пераносяць пакупкі ў фармат жорсткіх дыскаўнтэраў праз пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, заявіла The Moscow Times прэзідэнт групы X5 (сеткі «Пяцёрачка», «Скрыжаванне» і г.д.) Кацярына Лабачова.

Паводле яе слоў, у 2025 годзе рост спажывання істотна запаволіўся: з 6-8% у папярэднія гады да прыкладна 2% Цяпер. На гэта ўплываюць скарачэнне насельніцтва, «ашчадная мадэль» паводзінаў спажыўцоў і высокая ключавая стаўка Цэнтрабанка.

Лабачова адзначыла, што значная частка расійцаў вымушана выплачвае крэдыты, праз што стрымлівае паўсядзённае спажыванне, і гэта ўжо адчувальна б'е па вытворцах прадуктаў харчавання. З-за запаволення эканомікі кампаніі больш асцярожна падыходзяць да мадэрнізацыі і пашырэння вытворчасці, а зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці, па яе словах, ужо назіраецца.

* * *

Расійская эканоміка цяпер аказалася ў горшым стане з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну праз імклівае падзенне нафтавых даходаў і вычарпанне рэзерваў, піша The Washington Post. Нягледзячы на заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб «перавазе» РФ у вайне, эканамісты прагназуюць Маскве банкаўскі крызіс і рэцэсію ўжо ў наступным годзе.

«Яшчэ да таго, як новыя санкцыі пачалі ўсё больш уплываць на даходы прадпрыемстваў і дзяржаўны бюджэт, расійская эканоміка ўжо рухалася да рэцэсіі. Цэнтральны банк быў вымушаны павысіць працэнтныя стаўкі да рэкорднага ўзроўню — больш за 20%, каб стрымаць галапуючую інфляцыю пасля таго, як урад правёў першыя тры гады вайны з высокімі вайсковымі выдаткамі, стымулюючы бум карпаратыўнага крэдытавання, а кошты на імпарт імкліва выраслі праз санкцыі», — піша выданне.

Высокія працэнтныя стаўкі спынілі інвестыцыі, скарацілі вытворчасць у некаторых сектарах, а ўзровень непагашэння даўгоў істотна вырас ва ўсёй эканоміцы. Паводле ацэнак аналітыкаў, Крэмль ужо выдаткаваў большую частку валютных рэзерваў і запазычанняў, якія забяспечвалі рэзкі рост вайсковых выдаткаў апошнія тры гады. Сітуацыя пагаршаецца новымі жорсткімі санкцыямі ЗША супраць нафтавага сектара, уведзенымі ў кастрычніку 2025 года.

Эканаміст Нямецкага інстытута міжнародных стасункаў і бяспекі Яніс Клуге канстатуе, што чыннікі, якія падтрымлівалі эканоміку РФ, зніклі. З ягоных слоў, «Расія цяпер знаходзіцца ў найгоршай сітуацыі з пачатку вайны».

Санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла» прымушаюць Маскву прадаваць нафту з велізарным дысконтам. Кошт нафты маркі Urals упаў да 35 долараў за барэль, што значна менш за 69 долараў, якія былі закладзеныя ў праекце бюджэту на 2025 год. 

Паводле звестак Reuters, у снежні 2025 года нафтагазавыя даходы РФ упадуць на 49% у параўнанні з мінулым годам. Гэта паглыбіць дэфіцыт бюджэту на фоне рэкордных вайсковых выдаткаў, якія толькі за першыя тры кварталы гэтага года дасягнулі 149 мільярдаў долараў.

Эксперты папярэджваюць аб «сістэмным банкаўскім крызісе». Прычынай можа стаць «бурбалка» карпаратыўнага крэдытавання, разадзьмутая для фінансавання вайны. Афіцыйная статыстыка Цэнтрабанка РФ паказвае долю праблемных крэдытаў на ўзроўні 5%, аднак гэтыя звесткі не ўлічваюць абаронны сектар, дзе рэгуляванне было змякчанае.

Паводле аналізу даных цэнтральнага банка РФ, крэдытаванне абароннага сектара складае амаль чвэрць ад агульнага аб'ёму карпаратыўных крэдытаў у рублях і перавышае 202 мільярды долараў.

«Нават на аснове афіцыйных даных адзін з звязаных з Крамлём аналітычных цэнтраў — цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання — заявіў, што Расія можа сутыкнуцца з сістэмным банкаўскім крызісам да кастрычніка (2026 года — НЧ), калі праблемныя крэдыты працягнуць расці, а ўкладчыкі пачнуць масава адбіраць сродкі», — адзначае Washington Post.

«Газпром», страціўшы еўрапейскі рынак, зафіксаваў чыстую страту ў 12,9 млрд долараў за мінулы год. Яго грашовыя рэзервы скараціліся з 27 млрд долараў (у пачатку 2022 года) да 6-8 млрд долараў. Чысты прыбытак «Раснафты» за тры кварталы 2025 года ўпаў на 70% — да 3,6 млрд долараў.

Паводле звестак Расстата, у кастрычніку агульная сума нявыплачанага заробку амаль патроілася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года, дасягнуўшы больш за 27 мільёнаў долараў.

У той жа час прадстаўнікі расійскіх элітаў сумняваюцца, што эканамічныя праблемы прывядуць да сацыяльных бунтаў або змены планаў Уладзіміра Пуціна, хоць і прызнаюць, што 2026 год стане «першым цяжкім годам вайсковай аперацыі».