З пачатку ўварвання ва Украіну выраб трунаў у Расіі падаражэў на 84%

На фоне вайны ва Украіне значна ўзбагачаюцца расійскія пахавальныя кампаніі. Нягледзячы на тое, што самі амерыканцы назіраюць у мірных перамовах пэўны прагрэс. Ідуць 1396-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

2cdbafc0_bcff_11ec_bf63_3621bc702d02.webp

Агулам, на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Зверава, Котліна, Удачнага, Мірнаграду, Маладзецкага, Дачнана, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Клебан-Быка, Аляксандра-Шульціна, Яблонаўкі, Русінага Яру і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 14 разоў атакавалі пазіцыі УСУ у раёне Гуляйполя і ў бок Дабраполля.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 11 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Шандрыгалава і ў бок Дробышава, Стаўкоў, Новага Міру, Дружалюбаўкі, Лімана.

На Паўднёва-Слабажанскім і Аляксандраўскім кірунках армія РФ здзейсніла па 10 атак на кожным.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся ў Сіверску Данецкай вобласці, а таксама паблізу Дронаўкі Данецкай вобласці і каля Вішнёвага ў Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што на полі бою сітуацыя складаная, расіян становіцца ўсё больш. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю «Польскаму радыё 24», каментуючы нядаўні візіт у Купянск.

«Расіян становіцца ўсё больш, становіцца ўсё цяжэй», — сказаў Зяленскі пра справы на фронце. У гэтым кантэксце ён распавёў пра свой нядаўні візіт у Купянск, які з’яўляецца стратэгічнай мэтай ворага.

«Я прыбыў у Купянск, сітуацыя сапраўды была складанай. Лінія фронту была вельмі блізка. Аднак нашы ўзброеныя сілы кантралююць Купянск», — заявіў ён.

Таксама Зяленскі прызнаў, што расійскія войскі «аказваюць ціск». «Яны, несумненна, могуць знішчыць адну вёску, іншую. Яны могуць туды зайсці. Мы зробім усё, каб выратаваць жыцці нашых салдат, таму што перш за ўсё мы павінны мець узброеную сілу. Гэта не азначае, што мы гатовыя здацца», — сказаў ён.

* * *

Расіяне атакавалі Мікалаеў і вобласць увечары 19 снежня пасля папярэджання пра налёт дронаў РФ. Горад і населеныя пункты ў рэгіёне часткова абясточаныя ў выніку абстрэлу.

Увечары ў пятніцу, 19 снежня, расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар балістычнымі ракетамі па партовай інфраструктуры Адэскай вобласці. У выніку абстрэлу сем чалавек загінулі, пятнаццаць атрымалі раненні.

* * *

597391659_1217765487203194_1987797095575467230_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў пытанні надання гарантый бяспекі для Украіны ёсць крокі наперад. Адносна гарантый ад Еўропы, кіраўнік Украіны задаволены імі на 90%, паведаміў ён польскаму агенцтву PAP.

Паводле яго слоў, Украіна разлічвае на гарантыі з боку Злучаных Штатаў, якія павінны быць зацверджаны на ўзроўні амерыканскага Кангрэса. «Мы будзем мець гарантыі, якія прапануюць ЗША і якія будуць ухвалены Кангрэсам... Вельмі важна, як нашы партнёры адрэагуюць на магчымае паўтарэнне расійскай агрэсіі», — адзначыў Зяленскі.

Ён у чарговы раз падзякаваў Злучаным Штатам і амерыканскаму лідару Дональду Трампу за імкненне завяршыць вайну ва Украіне. «Пуцін зусім не хоча заканчваць гэтую вайну, і больш за тое, ён нават не хоча заканчваць вайну ва Украіне, і ён не мае намеру заканчваць вайну толькі з Украінай. Ён хоча пайсці далей», — падкрэсліў кіраўнік Украіны.

Паводле слоў Зяленскага, ключавое пытанне заключаецца ў тым, хто здольны рэальна спыніць прэзідэнта РФ — з дапамогай эканамічных санкцый, ваеннай сілы і іншых інструментаў. Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штата «з’яўляюцца адным з такіх гульцоў».

* * *

Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін па-ранейшаму мае намер захапіць усю Украіну і вярнуць часткі Еўропы былога СССР, нягледзячы на імкненне расійскіх перамоўшчыкаў да спынення вайны, піша Reuters са спасылкай на даныя разведкі ЗША.

Як паведамляе агенцтва, пра такую ацэнку разведкі ЗША распавялі шэсць крыніц выдання. Паводле слоў адной з іх, апошняя ацэнка датуецца канцом верасня.

Высновы ЗША застаюцца нязменнымі з таго часу, як Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе. Ацэнкі ў значнай ступені супадаюць з меркаваннем еўрапейскіх лідараў і разведслужбаў, што дыктатар РФ прагне захапіць усю Украіну і тэрыторыі былых краін Савецкага Саюза, уключаючы членаў НАТА.

«Разведданыя заўсёды ўказвалі на тое, што Пуцін хоча большага. Еўрапейцы ў гэтым перакананыя. Палякі абсалютна ў гэтым перакананыя. Краіны Балтыі лічаць, што яны першыя», — сказаў Майк Куіглі, член Дэмакратычнай партыі і член Камітэта па разведцы Палаты прадстаўнікоў ЗША.

* * *

Пуцін хоча кантраляваць не толькі выбары ў Расіі, але і ва Украіне, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы штогадовую прэс-канферэнцыю кіраўніка Крамля. Але Украіна не дазволіць яму гэта зрабіць.

Кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў, што Пуціных «шмат». «Адзін размаўляе з амерыканцамі, другі прамаўляе прамовы, трэці робіць нешта іншае», — удакладніў ён.

Як нагадаў Зяленскі, Пуцін запэўніваў, што яму нібыта важна, каб у выбарах прынялі ўдзел украінцы з усёй тэрыторыі краіны, у тым ліку і з часова акупаваных тэрыторый. Такім чынам Пуцін сам фактычна назваў іх акупаванымі.

Гаворачы пра выбары, Зяленскі заявіў, што «мы не пагодзімся, каб нас хтосьці кантраляваў».

* * *

Прагрэс па спыненні расійска-украінскай вайны дасягнуты, але трэба выканаць яшчэ шмат працы, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё падчас брыфінгу.

Паводле яго слоў, «Яшчэ ёсць куды ісці. Відавочна, самыя складаныя пытанні заўсёды апошнія».

Ён лічыць, што войны, як правіла, заканчваюцца адным з двух спосабаў: капітуляцыяй аднаго боку перад іншым або шляхам перамоўнага ўрэгулявання. «Мы не бачым капітуляцыі ў бліжэйшай будучыні ніводнага з бакоў, і таму толькі перамоўнае ўрэгуляванне дае нам магчымасць скончыць гэтую вайну», — дадаў ён.

Ён заявіў, што міру можна дамагчыся шляхам перамоў, калі абодва бакі «нешта атрымаюць ад гэтага», а таксама «пойдуць на саступкі». І ЗША спрабуюць высветліць, што могуць даць Украіна і Расія, а таксама што яны чакаюць атрымаць узамен.

«Не можа быць мірнага пагаднення, калі Украіна не пагодзіцца з ім. І не можа быць мірнага пагаднення, вядома, калі Расія не пагодзіцца. Але памятайце, што любое мірнае пагадненне — гэта тое, з якім Украіна павінна пагадзіцца, таму што яны з’яўляюцца ўдзельнікам баявых дзеянняў. Калі Украіна скажа, мы не згодныя з гэтым, міру не будзе», — сцвярджае Рубіё.

Пры гэтым ён паспяшаўся дадаць, што Вашынгтон «не збіраецца навязваць» пагадненне Кіеву ці Маскве, але хоча зразумець, ці змогуць абодва бакі прыйсці да згоды.

* * *

Вайна з Украінай, якая, паводле заходніх даных, нанесла Расіі самыя рэкордныя страты з Другой сусветнай вайны, значна абагаціла расійскія пахавальныя бюро. У прыватнасці, топ-5 лідараў пахавальнага бізнесу РФ па выніках 2024 года зарабілі 14,872 млрд рублёў выручкі — на 2,923 млрд, або на 24% больш, чым годам раней.

Пахавальныя кампаніі багацеюць не толькі на фоне непасрэдна росту колькасці загінулых ва Украіне, але і з-за таго, што інфляцыя рытуальных паслуг б’е рэкорды. Паводле даных Расстату, з пачатку 2022 года выраб трунаў у Расіі падаражэў на 84%, а капанне магіл — на 51%.