Новыя справы і арышты: каго і за што пераследуюць у Беларусі. Хронікі рэпрэсій 17 снежня

МУС прызнала рыцарскі клуб «Барысфен» «экстрэмісцкім фармаваннем», у Беларусі з’явіліся сем новых палітвязняў, а гродзенскага праграміста асудзілі паводле палітычных артыкулаў. Кароткі дайджэст апошніх выпадкаў рэпрэсій.

1_1097_1.png

Рыцарскі клуб «Барысфен» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў было прынятае 17 снежня.

Паводле МУС, дачыненне да праекту маюць Павел Станкевіч, Павел Лішанкоў і Дзмітрый Далячка.

У лістападзе стала вядома, што сацыяльныя сеткі клуба «Барысфен», а таксама асабістыя старонкі кіраўніка клуба Паўла Станкевіча былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пасля гэтага Станкевіч атрымаў 30 сутак адміністрацыйнага арышту.

На мінулым тыдні рэканструктар і кіраўнік гістарычнага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч выйшаў на волю.

Але, як учора паведаміла крыніца @MAYDAYMog, Павел «прабыў на волі зусім нядоўга — можа, пару дзён». Мужчыну зноў падвергнулі адміністрацыйнаму арышту, цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ.

Рыцарскі клуб «Барысфен» быў заснаваны напрыканцы 1990-х гадоў і ўваходзіў у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку. Касцюмаваныя выступленні ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, а таксама шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.

У Беларусі — сем новых палітвязняў

Гэта Дзмітрый Карасёў, Вячаслаў Крук, Раман Гусейнаў, Сяргей Цвікевіч, Дзмітрый Ковач, Мікалай Віткоўскі і Валянцін Панасюк. Апроч іншага, іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК).

Гродзенскага праграміста з 23-гадовым стажам асудзілі па палітычных артыкулах

Руслан Баранчык скончыў матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ён пачынаў працаваць у сваёй альма-матэр — у выдавецкім цэнтры ГрДУ. Там Руслан займаўся вёрсткай навуковых кніг, пісаў скрыпты для аўтаматызацыі працэсаў і адміністраваў сайт.

Пазней мужчына перайшоў у камерцыйны IT: працаваў тэставальнікам у EPAM Systems, праграмістам у «Інтэкссофт», а таксама забяспечваў працу праграмнага забеспячэння на гродзенскім аўтавакзале, піша «Наша Ніва».

Апошнія гады ён працаваў дыстанцыйна, займаючыся SEO-прасоўваннем і капірайтынгам.

Прысуд Руслану вынес Гродзенскі абласны суд. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 («распальванне варожасці»), ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі») і ч. 1 арт. 361-4 («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Верагодна, яму прызначылі пазбаўленне волі. Дома Руслана чакаюць жонка і двое непаўналетніх дзяцей.

ГУБАЗіК заяўляе пра затрыманне мужчыны, які набываў сім-карты блогеру Андрэю Павуку

Паведамляецца, што затрыманы Сяргей К. раней быў асуджаны за махлярства і ўдзел у пратэстах.

Прапагандысцкія рэсурсы сцвярджаюць, што Павук нібыта хацеў атрымаць сім-карты для «дэстабілізацыі краіны падчас правядзення УНС», рассылаючы фэйкавыя паведамленні пра мінаванне школ, лякарняў і іншых дзяржаўных аб’ектаў.