Уладзімір Зяленскі: Украіна не будзе прызнаваць Данбас расійскім ні дэ-факта, ні дэ-юрэ
У ходзе перамоў Украіна-ЗША ў Берліне было вырашана «90% спрэчных пытанняў», аднак кампраміс не дасягнуты па тэрыторыях. Украіна не згодная проста так аддаць Расіі Данбас — тую частку, якую яна кантралюе. Еўрапейцы асцерагаюцца, што Украіна пойдзе на балючыя саступкі — а Расія адмовіцца і будзе патрабаваць большага. Ідуць 1392-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі паблізу Ялты, Студзеньскага, Сасноўкі, Вербава, Прывольнага, Зялёнага Гаю, Андрэеўкі-Кляўцова, Аляксандраграду і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 20 атак паблізу Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 атак расіян у кірунках Гуляйполя, Дабраполля і Варвароўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў каля Навасёлаўкі, Сярэдняга, Зарэчнага і ў бок Дробышава і Лімана.
* * *
Расійскія войскі прасунуліся ў Гуляйполе Запарожскай вобласці, а таксама Прадцечына, Шахматным і ў Стэпнагорску, паведамляе аналітычны праект DeepState.
* * *
Расійская армія прыцягнула ўвесь свой аператыўны рэзерв пад Пакроўскам і Мірнаградам, аднак украінскія абаронцы таксама нядаўна атрымалі падмацаванне, паведаміла ўкраінская Групоўка войскаў «Усход».
«Праціўнік мае значныя страты і ў цяперашні час ужо задзейнічаў увесь свой аператыўны рэзерв — паветрана-дэсантную дывізію, у якую ўваходзяць тры палкі. Гэтымі сіламі расіяне спрабуюць праціснуць нашу абарону, як па флангах, так і наўпрост. Аднак Сілы абароны Украіны нядаўна таксама атрымалі падмацаванне, таму паспяхова супрацьстаяць гэтым спробам», — паведамляюць вайскоўцы.
Адзначаецца, што ўкраінскія абаронцы працягваюць кантраляваць поўнач Пакроўска, а ў яго цэнтры вайскоўцы блакуюць прасоўванне арміі РФ.
Што тычыцца Мірнаграда, групоўка паведаміла, што падраздзяленні працягваюць трымаць рубяжы абароны і знішчаюць расіян на подступах да горада. У камандаванні прызнаюць, што лагістыка ў горадзе застаецца ўскладненай. Для ўзмацнення магчымасцей забеспячэння прымаюцца меры па пашырэнні лагістычных калідораў да Мірнаграда.
* * *
Расійскія войскі беспілотнікам ударылі па шматпавярхоўцы ў Запарожжы, вядома аб трох пацярпелых.
У выніку расійскіх удараў дронамі па Сумскай вобласці адзін чалавек загінуў, яшчэ двое — атрымалі раненні.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з еўрапейскімі лідарамі і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пасля перамоў у Берліне.
«Гадзіну таму мы мелі вельмі добрую размову з еўрапейскімі лідарамі пра вайну паміж Расіяй і Украінай. Мы мелі вельмі добрую дыскусію, здаецца, усё ідзе добра, але мы ўжо даўно гэта гаворым», — сказаў ён у часе сустрэчы з журналістамі ў Белым доме.
Трамп заявіў, што ўдзельнікі мірнага працэсу наблізіліся да пагаднення аб спыненні вайны ва Украіне: «Я думаю, што мы зараз бліжэй, чым калі-небудзь».
Ён таксама адзначыў, што яго каманда правяла «шмат размоў» і з Пуціным. Пры гэтым Трамп падкрэсліў, што яго прадстаўнікі атрымліваюць істотную падтрымку ад еўрапейскіх лідараў, якія хочуць спыніць канфлікт.
Паводле яго слоў, Расія нібыта таксама імкнецца скончыць вайну ва Украіне, аднак «праблема ў тым, што ўсе хочуць, каб гэта скончылася, а потым раптам не хочуць».
* * *
Наступны раўнд перамоў паміж Украінай і Злучанымі Штатамі па ўрэгуляванні вайны можа адбыцца ў гэтыя выходныя ў ЗША, верагодна, у Маямі, паведамляе Axios са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка.
Суразмоўца партала расказаў, што, верагодна, перамовы адбудуцца «дзесьці ў ЗША, магчыма, у Маямі, з удзелам рабочых груп, вайскоўцаў, якія будуць вывучаць карты».
Амерыканскія афіцыйныя асобы пацвердзілі, што два дні інтэнсіўных перамоў паміж Украінай, ЗША і еўрапейскімі афіцыйнымі асобамі прывялі да прыкметных поспехаў у пытанні гарантый бяспекі для Украіны, але пакінулі значныя прабелы ў пытанні тэрыторыі.
Пагадненне прапануе Украіне надзейныя гарантыі бяспекі, паскарае яе шлях у Еўрапейскі Саюз і вылучае мільярды на аднаўленне, але ўзамен прадугледжвае ад Украіны тэрытарыяльныя саступкі на карысць РФ.
Аднак чыноўнікі ў Кіеве і еўрапейскіх сталіцах асцерагаюцца, што Украіна можа пагадзіцца на балючыя саступкі, а Расія адмовіцца ад пагаднення і будзе патрабаваць большага.
Тэлеканал Sky News раней паведамляў, што ананімны амерыканскі чыноўнік расказаў, што ў ходзе перамоў Украіна-ЗША ў Берліне было вырашана «90% спрэчных пытанняў».
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас зносін з украінскімі СМІ заявіў, што Украіна не будзе прызнаваць Данбас расійскім ні дэ-факта, ні дэ-юрэ.
«Што датычыцца пазіцыі расіян, пакуль яна не змянілася, вы ведаеце, што яны хочуць наш Данбас. Пазіцыя наша практычная, рэальная, справядлівая, мы на ёй стаім, а мы не хочам аддаваць наш Данбас. Амерыканцы хочуць знайсці кампраміс, яны прапануюць свабодную эканамічную зону. Я яшчэ раз падкрэсліваю, свабодная эканамічная зона — гэта не значыць, што пад кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі» — сказаў ён.
«Ні дэ-юрэ, ні дэ-факта мы прызнаваць Данбас расійскім не будзем. Тую частку, якая часова акупаваная. Але тым не менш, мы прагаворым пытанне пра тэрыторыю. Вы ведаеце, што яно адно з ключавых. У нас пакуль што кансэнсусу няма», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
* * *
Кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ЕС рыхтуе новы пакет санкцый супраць Расіі. Заява Фон дэр Ляен апублікавана на афіцыйным партале Еўракамісіі.
У заяве адзначаецца, што першым крокам на шляху да міру павінна стаць устойлівае спыненне агню.
«Расія павінна адчуваць пастаянны ціск, каб сесці за стол перамоў — не для паказу, а для дасягнення вынікаў. З гэтай мэтай Еўропа будзе працягваць павышаць цану вайны Расіі. Мы рыхтуем новы пакет санкцый. І мы надоўга замарозілі расійскія актывы ў ЕС», — адзначыла яна.
Другім крокам да міру павінны быць надзейныя і пераканаўчыя гарантыі бяспекі для Украіны, заснаваныя на «цвёрдых прынцыпах». «Мы будзем паважаць рашэнні, якія Украіна прымае для сябе. Рашэнне па тэрыторыях павінна прымаць Украіна — і толькі Украіна. Гэтак жа пытанні, якія датычацца ЕС і NATO, будуць абмяркоўвацца паміж членамі ЕС і NATO. Коратка кажучы: нічога пра Украіну без Украіны. Нічога пра ЕС без ЕС. Нічога пра NATO без NATO», — заявіла кіраўнік Еўракамісіі.
Фон дэр Ляен запэўніла, што Еўропа застаецца надзейным партнёрам Украіны ў частцы аднаўлення і яе будучага росквіту. «Еўропа застанецца яе самым моцным і надзейным партнёрам. Мы прапанавалі пакрыць дзве траціны фінансавых патрэб Украіны на наступныя два гады, каля 90 мільярдаў еўра. Таму абмеркаванні на гэтым тыдні ў Еўрапейскім Савеце будуць вырашальнымі», — адзначыла фон дэр Ляен.